Да самага пачатку зьезду не было пэўнасьці, што ён адбудзецца. Супрацоўнікі Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» апошні тыдзень днявалі і начавалі ў сваім офісе, вырашаючы ўсе справы — ад сустрэчы ў аэрапорце, разьмяшчэньня ў найлепшых гатэлях да наяўнасьці DVD-камэры. Баяліся, што паводле «старой» беларускай традыцыі, удзельнікам маглі перад самым пачаткам адмовіць у памяшканьні. Аднак кіраўніцтва Менскага міжнароднага адукацынага цэнтру заключаны дагавор датрымала. Дадавала неспакою і акцыя правакацыйнай «Беларускай народна-вызвольнай арміі», якая заявіла пра замініраваньне будынкаў раённых адміністрацый сталіцы і асноўных чыгуначных ветак.
Хоць мін і не знайшлі, але гарантыі, што гэтыя невядомыя не «замінуюць» на наступны дзень будынку IBB-цэнтру, не было.
Дарэчы, арганізатары мерапрыемства забясьпечылі такую ахову, што нават мыш бы не праскочыла.
Такія беларусы ім ня трэба
Умяшалася ў працу зьезду толькі невыносная гарачыня. Тым больш што памяшканьне не было разьлічанае на такую колькасьць дэлегатаў і гасьцей. Не ратавалі нават кандыцыянэры. Ранейшыя зьезды праводзіліся ў больш прасторных памяшканьнях. Гэтым разам улады адмовілі ў памяшканьні ў цэнтры гораду.
Праігнаравалі працу зьезду афіцыйныя СМІ. Ні БТ, ні АНТ ні слоўцам не сказалі пра Зьезд беларусаў сьвету.
У працы зьезду браў удзел толькі прадстаўнік Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Саўміне ды супрацоўнік Мін’юсту. Але дэлегаты ня надта пераймаліся з гэтай прычыны. Ня хочаце як хочаце. На зьезд прыехалі прадстаўнікі пераважна так званай незалежніцкай плыні беларускай дыяспары. Таму гарачых спрэчак — ці падтрымліваць сёньняшні рэжым і ці ўхваляць палітыку Лукашэнкі, якія мелі месца на мінулым форуме, — не было. Можна было сканцэнтравацца на галоўных праблемах.
Амэрыка вінна Беларусі
Хоць рэгістрацыя пачыналася а 9-й, ужо ў 8.30 пад сьценамі ІBB-цэнтру было людна. Удзельнікі, журналісты, кніга- і дысканошы. Сям-там між апошнімі даходзіла да лёгкіх боек за зручнейшае гандлёвае месца. Потым запанавала суцэльная ідылія ды ўзаемавыручка.
За паўгадзіны да афіцыйнага пачатку прыйшоў заўсёднік беларускіх сходаў амэрыканскі пасол Джордж Крол і, не афішуючы сваёй прысутнасьці, узяўся старанна вывучаць кніжныя навінкі. Ужо празь некалькі хвілін ён пахваліўся мне вялікім стосам набытых кніг.
Зьявіўся ў чорных акулярах Мікола Статкевіч, але хутка сышоў. Прыйшоў і ягоны палітычны праціўнік па лягеры сацыял-дэмакратаў — Аляксандар Казулін. Аднак неяк аднаасобна сеў з краю і стаў задуменна пазіраць у акно.
У працы зьезду бралі ўдзел 253 дэлегаты (усяго было вылучана 340), зь іх 114 прадстаўлялі замежжа — Расею, Украіну, Польшчу, Вялікабрытанію, ЗША, Канаду, Аўстрыю, Нямеччыну, Чэхію, Кыргызстан. Былі нават дэлегаты такіх экзатычных для беларускага вуха краін, як Швайцарыя, Ватыкан і Коста-Рыка. Кворум сабраўся, хоць беларускія пасольствы, паводле чутак, рэкамэндавалі ня ехаць у Менск.
Зьезд пачаўся сьпевам сурмы Ўладзімера Пузыні. Пасьля быў выкананы гімн ЗБС «Бацькаўшчына», узяты з «Полацкага сшытку». Яшчэ раз злавіў сябе на думцы, што гэтая музыка магла б стаць гімнам Беларусі, прымірыўшы прыхільнікаў мілітарнага «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і рэлігійнага «Магутны Божа». Усе выслухалі гімн стоячы. Сядзеў чамусьці толькі Алесь Пушкін: відаць, не зразумеў, што гэта гімн.
З прывітальным словам на добрай беларускай мове выступіў сп.Крол, які ня раз (як заўжды) сарваў авацыю слухачоў. Амэрыканскі амбасадар працытаваў словы Купалы, што Беларусь абавязкова зойме свой пачэсны пасад між народамі ў вольнай эўрапейскай сям’і. Ды падкрэсьліў, што Амэрыка можа вучыцца ў Беларусі на прыкладах мужнасьці беларускага народу і ганарыцца ўнёскам беларускіх сыноў і дачок — Касьцюшкі, Барыса Кіта, Зоры Кіпель — у сваю гісторыю: «Амэрыка вінна Беларусі».
Эканоміка ў галовах
Зьезд праходзіў у канструктыўным ключы. Даклады адпавядалі заяўленым тэмам і самой тэме зьезду — «Беларусь для дыяспары. Дыяспара для Беларусі». Увага факусавалася на надзённых праблемах. З трывогай зазначалася, што старое пакаленьне эміграцыі (хваля 1940-х), якое заснавала цэлы беларускі сьвет на Захадзе, цяпер адыходзіць. Колькасьць беларусаў у сьвеце скарацілася да 2,1—2,4 млн чалавек. Але ў беларускім жыцьці, суполках бярэ ўдзел толькі нязначны працэнт зь іх — і гэтыя праблемы тычацца як далёкага, так і блізкага замежжа. Так, у Малдове жыве каля 20 тыс. беларусаў, тады як сямю нацыянальнымі суполкамі ахоплена 2300 чалавек. І гэта ня самы кепскі вынік.
На жаль, маладых эмігрантаў больш цікавяць эканамічныя пытаньні, чым праблемы захаваньня беларускай прысутнасьці ў сьвеце. І на пленарным пасяджэньні, і ў выступах дэлегатаў, і падчас працы сэкцый гэтыя думкі гучалі неаднаразова.
Краўчанка пра нацыянальную ідэю
Кантраставалі з дакладамі выступы палітыкаў. Тон задаў Пятро Краўчанка: «Вораг захапіў наш дом і зьдзекуецца з нас. Нацыя стаіць перад выбарам: жыць ці памерці. Адзіным выйсьцем зьяўляецца рэалізацыя нацыянальнай ідэі».
А.Казулін, В.Вячорка, Ю.Хадыка, Ю.Беленькі, А.Лябедзька расказвалі аб бягучых палітычных праблемах, закалотах сярод кандыдатаў, тлумачылі сэнс сваіх палітычных плятформаў — «Волі народу», «5+», КХП-БНФ.
Але яны, відаць, перабіралі з агітацыяй. Дэлегаты і так выдатна ведаюць, што такое нацыянальная ідэя і як захаваць беларускасьць. Дый палова зь іх галасаваць на выбарах-2006 ня будзе — яны грамадзяне іншых краін. Кіраўніца «Беларускай хаткі» ў Гданьску Алена Глагоўская неўразумела пыталася ў мяне: «Ну навошта гэтае палітычнае шоў? Мы ж прыехалі сюды абмяркоўваць праблемы беларусаў сьвету». Потым яна ў сваім выступе зазначыла, што яе страшэнна злуюць электронныя лісты ад беларускіх палітыкаў, якія просяць грошай на выданьне кніг: «У мяне ў самой ляжаць чатыры кнігі ў кампутары. Ня мы, а мэтраполія мусіць дапамагаць нам».
Казулін і два пачаткі
На наступны дзень пастар Эрнст Сабіла трапна ахарактарызаваў сёньняшнюю сытуацыю ў краіне: мора ў нас плешчацца ў начоўках, а вонкі пра гэта не чуваць.
Аляксандар Казулін выступаў хоць з паперкі, але па-беларуску. Казаў, што ў беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя трэба злучыць два пачаткі — бээнэраўскі і бээсэсэраўскі, не адмаўляючы ніводнага зь іх.
У нядзелю прайшлі выбары новага кіраўніцтва ЗБС «Бацькаўшчына». Былы кіраўнік арганізацыі гісторык Анатоль Грыцкевіч з увагі на стан здароўя і стомленасьць папрасіў адстаўкі, назваўшы свайго наступніка — мастака Алеся Марачкіна.
Тандэм Макоўскай і Марачкіна
Старшынёй Рады ЗБС «Бацькаўшчына» перавыбралі Алену Макоўскую. За гады працы на гэтай пасадзе яна змагла стварыць жыцьцяздольную, дзейную арганізацыю з апорай на маладыя сілы.
Была таксама выбрана новая Вялікая Рада ЗБС «Бацькаўшчына», куды першапачаткова ўвайшлі 100 чалавек, але потым, па просьбах грамадзян, увайшлі яшчэ чатыры дастойныя чалавекі.
Алена Макоўская дала сваю ацэнку вынікам зьезду: «Зьезд працаваў канструктыўна, і тое, што былі спрэчкі, што рашэньні прымаліся не аднагалосна, гаворыць пра тое, што людзі маюць жывы інтарэс да арганізацыі».
«Мая ацэнка зьезду вельмі пазытыўная: дзейная група, дынамічная, нягледзячы на ўсе перашкоды, людзі працуюць — і беларускасьць мацнее», — падвёў рысу пад працай зьезду дырэктар Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель. Зь ім згодзен і ягоны сябар Янка Запруднік: «Такія сустрэчы зь людзьмі даюць магутны ўнутраны імпульс, які вельмі патрэбны».
Наступны зьезд — праз чатыры гады. Менавіта за гэты час мусіць адбыцца абнаўленьне беларускай дыяспары, калі маладая хваля здолее пераняць традыцыі старой эміграцыі, распрацаваўшы новыя эфэктыўныя мэтады дзейнасьці.