Увесну з рыдлёўкаю рушыў на агарод — ускапаць глебу пад цыбулю ды часнок. Ці то ад пераменлівага надвор’я, ці то ўжо ад старасьці — як ніяк, восьмы дзясятак разьмяняў — ногі на глебу ступалі няўпэўнена. Але, як ні вадзіў мяне павышаны артэрыяльны ціск (трываю, лічы, з 35 год ад невылечнай гіпэртаніі), градку я ўсё ж ускапаў.

Працалюбства ці працагольства адрыгнулася мне на наступную ж раніцу. Прыйшлося легчы на стацыянарнае лячэньне ў Лагойскай ЦРБ. Папярэдні раз я тут ляжаў яшчэ на пачатку 1990-х. Цяперашняя атмасфэра ад той, мушу заўважыць безь перабольшваньня, розь-ніцца як неба і зямля. Тады адчуваўся духоўны ўздым у грамадзтве, які аўтаматычна перакінуўся ў сьцены ЦРБ. Як дактары, малодшы мэдычны і абслуговы пэрсанал, так і хворыя імкнуліся размаўляць на ўжо дастаткова падзабытай, а мо і ўшчэнт забытай роднай матчынай беларускай мове.

Цяпер стаўленьне да беларускай мовы ў асяродку больніцы аніякае. Яна проста зьнікла тут з ужытку. Непрыемны ўспамін застаўся ў мяне ад стасункаў з хворым па паходжаньні зь Пермскай вобласьці Мікалаем з нашай палаты праз тое, што я размаўляў па-беларуску з двума другімі хворымі мясцовага гатунку.

Прыкры выпадак прымусіў мяне ўспомніць некаторыя жыцьцёвыя пастуляты ці аксіёмы, накшталт: «Слова не верабей: вылеціць — ня зловіш». Работніцу на раздачы сьняданку, абеду ды вячэры, якая нас абслугоўвала, пазбавілі прэміяльнай даплаты да яе 120-тысячнага месячнага заробку. І аказалася, паводле слоў пацярпелай, у гэтым была ў першую чаргу мая віна. І які толькі д’ябал пацягнуў мяне за язык пад час анкетаваньня на пытаньне «Як вас абслугоўваюць?» адказаць тое, што казала бальшыня хворых штодня між сабою: «Гарбата не зусім салодкая»? Як відаць, праўда і праўдзівасьць у нашым постсавецкім грамадзтве выкарыстоўваецца ў якасьці караючай функцыі. Мо таму да яе паслуг амаль ніхто не зьвяртаецца, баючыся, што яна — праўда — будзе абернута супраць іх. Гэтым умела карыстаюцца трымальнікі ўлады і маюць з таго дывідэнды на сваю карысьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0