Наш шлях

Заля пасяджэньняў. Дэпутаты і дэпутаткі, тэлебачаньне, радыё, карэспандэнт, чалавек. У прэзыдыюме Мікалай Іванавіч і Ігар Антонавіч, які сьпіць.

Мікалай Іванавіч (седзячы, у мікрафон). …Бо іхняе разуменьне дэмакратыі для нас непрымальна. А цяпер — Вера Пятроўна. Вера Пятроўна, што ты там хацела, ну ідзі, давай, бо далібог, абед на носе.

Вера Пятроўна (у шыкоўным касьцюме, але счырванеўшы за пяць крокаў ад трыбуны). І дам, яшчэ як, што мала ім ня стане, бо крыўдна мне, крыўдна, таварышы, і балюча. Яны ж ня хочуць нічога ведаць! Я, выбачайце, трохі хвалююся і, можа, кажу што ня так…

Першы дэпутат. Так, так, гавары, не хвалюйся.

Другі. Ага. Тут усе свае.

Вера Пятроўна (наліўшы з бутэлькі ў шклянку). Дзякую, і скажу так: ня вераць яны, круцяць, чэпяцца, а прыехалі б, каго мы запросім, і з намі ў народ, каб запытаць, дык не, баяцца, бо што гэта быў бы за адказ, што за праўда, вы не хужэй за мяне ведаеце. Ну ня хоча наш просты чалавек і ў прыватнасьці жанчына. А я буду гаварыць за яе, бо ведаю як свой яе боль і патрэбу жыць добра. Не, некаторыя, і тут ня трэба саромецца, хочуць, ну вось я, напрыклад і па-праўдзе кажучы, нават ня ведаю, ці то зоркі так сышлся, ці яшчэ што, а вазьміце якую іншую, з гушчы, з натоўпу, выцягніце з тунэлю мэтро, так як адрэжа — не і ўсё! Ну і чаму гэта, здавалася б, так, чаму не, чаму ня хоча?

Першы дэпутат. Ну і чаму?

Другі. А насамрэч?

Вера Пятроўна (узяўшы са шклянкі глыток). А таму, што не яе тое жыцьцё, таму што ў тым іхнім добрым нічога для яе добрага няма!

Першы дэпутат. А, вось што!

Другі. О, чорт вазьмі!

Мікалай Іванавіч. Вельмі, вельмі цікава. Ігар Антонавіч?! Ты чуў ці ўсё сьпіш? Не, сьпіць. Дык што там, выбачай, Вера Пятроўна, зь іхнім добрым, што нічога добрага?

Вера Пятроўна. А тут і гаварыць няма аб чым, бо ўявіць сабе вобраз нашай простай жанчыны бяз гачкі ці лапаты я не магу. А паспрабуйце, забярыце ў яе гэту гачку ці лапату…

Першы дэпутат. Не, не аддасьць.

Другі. І спрабаваць няма чаго.

Вера Пятроўна. Правільна, а потым вазьміце — што, куды ісьці? У дом з трыма спальнямі, які кожны дзень трэба клапаціцца і прыбіраць, ці ў кватэрку на пятым паверсе, у якой усё роўна нічога не прыбярэш, бо няма куды што дзець?

Карэспандэнт (з нататнікам у руцэ). Тут, калі можна, яшчэ раз, калі ласка, я не пасьпеў запісаць, бо што няма куды дзець?

Вера Пятроўна. А ўсё няма куды дзець, як ёсьць што. Я і сама вось хоць сёньня пераехала б, але ў мяне ж служанка!

Мікалай Іванавіч. Ну, цяпер зразумела. (Глядзіць на гадзіньнік.) Але, Вера Пятроўна, закругляйся, абед.

Вера Пятроўна (узяўшы са шклянкі другі глыток.) Добра, Мікалай Іванавіч, яшчэ хвілінку, бо засталося галоўнае, але пра абед таксама не магу змаўчаць, бо каму гэта патрэбна — сядзець і час марнаваць заместа каб перахапіць кавалачак на хаду?! Ці як шчыра не пазайздросьціць, калі ўвечары, стоячы ў трамваі, каля акна, глядзіш, нехта і прыжме, паціскае.

Мікалай Іванавіч. От! (Сьмяецца). Вера Пятроўна, ты скажаш!

Першы дэпутат. А што, а праўда!

Другі. Ну, так і ёсьць!

Карэспандэнт. А што, чаго паціскае?

Вера Пятроўна. А таго паціскае, што каб асабіста мне не выпадала на пасадзе, дык я з гэтых трамваяў і не вылазіла б. А цяпер дзеля чаго я тут? Што павінна стаць нашым сучасным і будучым, нашай верай і надзеяй? Гэта толькі адно — каханьне і адданасьць. Я асабліва да жанчын, да вас, дарагія мае, на кім усё ляжыць, — кахайце і аддавайцеся, аддавайцеся і кахайце, вось наш шлях! Як толькі ўгледзіце якога начальніка, адразу ж так і пачынайце. Ну, вядома, убачыць ужывую нашых начальнікаў ня так і проста, а некаторых ня выпадзе мо і ніколі, бо яны таксама — як з кабінэту, так адразу ў «мэрсэдэс», і наадварот. Але вы інакш — па тэлевізары, па радыё, на старонках газэт. Я вось учора, павячэраўшы, разгарнула «Советскую Белоруссию», кінула туды-сюды вокам, убачыла і адразу ж пачала, і так гэта мяне захапіла, што яшчэ сёньня ня кончыла. Усё, таварышы, дзякуй за ўвагу.

Сыходзіць з трыбуны.

Мікалай Іванавіч. І табе, Вера Пятроўна, за гарачую і чэсную прамову. Шчыра скажу: такога я яшчэ ня чуў, але ўсё роўна, канчаць трэба.

Вера Пятроўна (зь месца). Не, не магу, бо гэта мая жыцьцёвая пазыцыя.

Першы дэпутат (падыходзячы з аднаго боку). Дазволь цябе, Вера Пятроўна, павіншаваць — гэта ж так вывесьці, заглыбіцца, асабліва пра пазыцыю.

Другі (лезучы з другога боку). І я, і я віншую, проста ў душу зазірнула.

Карэспандэнт (сунучыся напрасткі). Так, у душу простага народу. (Піша ў нататнік.)

Мікалай Іванавіч. А цяпер на абед, таварышы. Ігар Антонавіч?! Ігар Антонавіч?! Прачынайся, перапынак, ты чуеш ці не? Чалавек! Чалавек, разбудзі яго.

Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0