За 10 гадоў Беларусь з «унутранай калёніі» Расеі ператварылася ў самастойны суб’ект міжнароднай палітыкі. Тым часам Расея з імпэрыі ператвараецца ў цэнтар расейскамоўнага сьвету — працэс, які мусіць уважліва адсочваць і Беларусь. Піша Васіль Аўраменка.

Лапік Эўропы на азіяцкім целе

Як сказаў адзін занадта вядомы беларускі палітык, «Расея нам не чужая». І сапраўды, многім беларусам давялося пабываць у Расеі і зьведаць яе ня толькі з тэлеэкранаў ці вуснаў нашага прэзыдэнта, але і знутры, з боку звычайнага будзённага жыцьця. Мне таксама пашанцавала год пажыць на Ўрале, пазнаёміцца з правінцыяй, пасябраваць з нармальнымі хлопцамі. Хоць на пачатку 1980-х я быў, хутчэй, простым савецкім чалавекам, чым сапраўдным беларусам, і мяне зьдзіўляла памкненьне некаторых расейскіх сяброў зьехаць у Піцер. Цяпер я разумею, што тое юнацкае абагаўленьне паўночнай Пальміры ды ціхая непрыязнасьць да Масквы — і маскоўскага снабізму — былі якраз сьведчаньнем іх «нармалёвасьці». У час росквіту савецкага маразму іх цягнула да Эўропы і заходняй культуры, а на азіяцкім целе Расеі менавіта Піцер быў адзінай эўрапейскай плямай. Ня ведаю, куды закінуў лёс іх потым, — мо сталі простымі расейскімі інтэлігентамі, мо займелі ўласны бізнэс у Піцеры ці «першатроннай», а мо топчуць амэрыканскую ці палестынскую глебу… Я прайшоў сваім шляхам.

Зразумець суседа

Натуральна — расейцаў больш цікавіць Расея, а за апошнія 15 год мы, беларусы, зь імі ў нечым разышліся. Разам з тым беларускі погляд на Расею мае сваю каштоўнасьць: гэта погляд ужо не расейцаў, але і не эўрапейцаў, у меру крытычны, але ж і спачувальны, больш аб’ектыўны і больш абачлівы, чым меркаваньне саміх расейцаў ці якіх-небудзь заакіянскіх назіральнікаў. У сацыяльна-палітычным пляне Беларусь жыве крышку наперадзе (а магчыма, ужо і збоку) ад усходніх братоў, якія патрапілі ў ня менш складаныя гістарычныя абставіны, чым мы.

У пачатку 1990-х гэтага разуменьня не было. З 1991 да 1995 году я прынцыпова чытаў толькі беларускамоўныя тэксты і лічыў, што расейскія праблемы — праблемы саміх расейцаў. Станоўчым у гэтым было тое, што я сапраўды адчуў сябе беларусам і пачаў глядзець на сьвет празь «беларускія зрэнкі». Адмоўным — што звузілася інфармацыйнае кола і абазнанасьць у расейскім і расейскамоўным жыцьці. Аднак хада падзей паказала, што, проста адклаўшы расейскую кніжку ці выключыўшы расейскае TV, праблемы ня вырашыш. Занадта моцныя сувязі Беларусі з былой мэтраполіяй, каб можна было іх так лёгка і беспакарана ігнараваць. І вось сёньняшні парадокс — беларускія праблемы не вырашаюцца без кардынальных зьмен у Расеі. Больш за тое, каб дапамагчы сабе, мы вымушаны дапамагчы ўсходняму суседу. Праўда, да нядаўнага часу я сумняваўся, што Расея ўсьведамляе патрэбу ў дапамозе, бо акрамя Жырыноўскага, Зюганава, Лужкова ды ўсёй рэтраграднай хеўры практычна не было відаць уцямных, рэалістычных дзеячаў, якія маглі б разумець, пра што ўвогуле ідзе гаворка. «Идущие без Путина», Васіль Адрыянаў з Калінінграду ды маладыя палітыкі «новай хвалі» даюць падставу думаць, што ня ўсё так дрэнна.

Неўміручая імпэрыя

На жаль, большасьць палітычнай эліты Расеі жыве ўяўленьнямі XX, а то і XIX ст. Рэнэсанс вялікадзяржаўнай рыторыкі ды імпэрская настальгія ствараюць у іх ілюзію магутнасьці і цудоўных геапалітычных пэрспэктыў. З аднаго боку, іх можна зразумець: каляпс гістарычных амбіцый (з сусьветнага «мэсіі» за дзесяць год ператварыцца ў краіну трэцяга сьвету!) — самы балючы ўдар у «расейскае сэрца». Гэта калі «сэрцам» лічыць міт пра «трэці Рым», жаданьне паказаць сьвету «кузькаву маці» і голую задніцу. Калі ж «сэрцам» лічыць імкненьне да лепшага жыцьця простага чалавека, то вялікай трагедыі не адбылося, ёсьць толькі драма пераходу да новага эканамічнага ладу і вяртаньне старой традыцыі дзяржавы Раманавых — вялізнага сацыяльнага расслаеньня.

Урэшце, ня так моцна зьбяднелі самыя бедныя, як фантастычна разбагацелі самыя багатыя. Пэрспэктывы ў Расеі ёсьць, але зусім ня тыя, якія бачацца артадоксам і рэваншыстам. Рэч у тым, што сёньня існаваньне імпэрыі ў традыцыйным разуменьні ўжо немагчыма.

Расейская імпэрыя магла зьнікнуць яшчэ пасьля І сусьветнай вайны, але бальшавікі штучна затрымалі гэты працэс на 70 год праз новую абалонку. Паспрыяла гэтаму і ІІ сусьветная вайна: яна падштурхнула эканамічнае і вайскова-тэхнічнае разьвіцьцё і дала ў рукі СССР ідэйна-палітычную індульгенцыю на гвалт у Эўропе — «галоўныя выратавальнікі ад фашызму» маглі дазволіць сабе значна больш, чым простыя камуністы. Дзякуючы гэтаму была дасягнута максымальная геапалітычная экспансія за ўсю 400-гадовую гісторыю дзяржавы. Але гэта было ў мінулым. Сёньня ж адбываецца тое, што рана ці позна павінна было адбыцца і праз што прайшлі іншыя шматнацыянальныя імпэрыі.

Па прыкладзе Брытаніі

Ці шкадавалі брытанцы аб страце Паўднёвай Афрыкі, Індыі ці Канады? Вядома! Але ж неяк перажылі. У Расеі таксама ёсьць свая «Канада» — Сібір, і свае «індзейцы» — народы Поўначы. І магчыма, што прыйдзе час, калі сібіракам надакучыць карміць ненажэрную маскоўскую бюракратыю і яны захочуць стаць гаспадарамі сваіх багацьцяў. Або калінінградцы пажадаюць зрабіцца дэмілітарызаванай часткай Эўропы, гэткім «расейскім Ганконгам». Хіба дрэнна, што людзі хочуць жыць больш багата і незалежна, самастойна вырашаць свой лёс і несьці за яго адказнасьць? Гэта закон грамадзкага разьвіцьця. На месцы Брытанскай імпэрыі ўзьнікла супольнасьць англамоўных дзяржаў. Аднак і мэтраполія, і былыя калёніі ад гэтага толькі выйгралі.

Частка калёній былой Расейскай імпэрыі ад яе ўжо адпала (Усходняя Эўропа, Закаўказьзе, Сярэдняя Азія), частка яшчэ высьпявае, але сам працэс мае аб’ектыўны і незваротны характар. Дык што ж цяпер рабіць? Ліць сьлёзы па былой велічы або тачыць нажы на шматлікіх ворагаў — мусульманаў, габрэяў, каталікоў, грузінаў, амэрыканцаў, прыбалтаў, японцаў, кітайцаў. Гэта такая ж беспэрспэктыўная рэч, як спроба адрадзіць Аўстра-Вугоршчыну ці імпэрыю інкаў.

Правілы распаду

Праблемы дачыненьняў з новымі краінамі пастаянна абмяркоўваюцца — і ў Расеі, і за яе межамі. Кожны ідзе сваім шляхам, уплываць на які Расея можа далёка не заўсёды. Значна менш вядома пра высьпяваньне ўнутрырасейскіх «падзелаў». Ці магчымы іншыя спосабы і шляхі вылузваньня з «усерасейскага ўлоньня», апроч чачэнскага?

Ёсьць два крайнія меркаваньні: першае, афіцыйна-тэарэтычнае, — РФ непарушная і адзіная навекі вечныя; другое, неафіцыйна-футуралягічнае, — праз 10—15 год яна распадзецца на 10—15 краін. Прыхільнікі другога называюць эканамічныя, палітычныя, дэмаграфічныя і тэхналягічныя прычыны, якія прывядуць да падзелу Расеі. Тут шмат залежыць ад маскоўскага кіраўніцтва: кіне яно ўсе рэсурсы на будаўніцтва новай імпэрыі або стане рыхтавацца да жыцьця ў больш адкрытым і сьціплым «доме» — будучай Канфэдэрацыі ці Супольнасьці. У першым выпадку дэзынтэграцыя напачатку замарудзіцца і нават спыніцца, але ў далейшай пэрспэктыве пагражае хуткім, некіраваным распадам. У другім — крызіс прыме мяккую, хранічную форму, але развод пройдзе цывілізавана і, бадай, зь меншай колькасьцю «адколатых аскепкаў».

Найбольш дэструктыўнымі фактарамі ўнутры Расеі сёньня лічацца нацыянальныя суб’екты фэдэрацыі. Але насамарэч акрамя Татарстану, Чачні ды, магчыма, Башкарстану ніхто ўсур’ёз такімі не зьяўляецца.

Ня меншая пагроза можа прыйсьці зь іншага боку — з канфлікту паміж багатымі і беднымі рэгіёнамі. Асабліва калі першыя геаграфічна аддалены і пачынаюць арыентавацца на новыя рынкі ды новых рэгіянальных партнэраў — Калінінград, Прымор’е, Сахалін, Усходняя Сібір.

Аднак высьпяванне сувэрэнітэту ў «ненацыянальных» суб’ектаў — працэс марудны: ён магчымы толькі праз утварэньне грамадзянскай супольнасьці, усьведамленьне большасьцю сваіх сацыяльных правоў ды маёмасных інтарэсаў. А гэта можа расьцягнуцца яшчэ на 25—30 год.

Шляхам Беларусі

Паводле іншага сцэнару магчыма разьвіцьцё падзей у нацыянальных супольнасьцях, дзе да ўлады легітымным шляхам прыходзіць аўтарытарны лідэр, які сьвядома ці несьвядома паскарае працэс сувэрэнізацыі, хоць бы нават дзеля таго, каб абараніць сваю ўладу на гэтай тэрыторыі. Яскравы прыклад такога разьвіцьця — Беларусь і А.Лукашэнка. Пачынаў ён як «галоўны рэстаўратар» Савецкага Саюзу, потым — як ініцыятар беларуска-расейскай «дзяржавы», але лёзунгі апошніх выбарчых кампаній «За Беларусь», «За незалежнасьць» па мерках 1994 г. трэба прызнаць чыста «нацыяналістычнымі». Праўда, гісторыя з Лукашэнкам мае іншы бок — ён аказаўся і таленавітым «даяром». Больш за 10 год ён спраўна «доіць» расейскія энэргарэсурсы ў абмен то на абяцаньні падзяліцца газавай трубой, то на клятвы ў вечным хаўрусе, то проста на прызнаньні ў бязьмернай любві да расейцаў. Трэба аддаць яму належнае — робіць гэта вельмі віртуозна, што нават Пуцін ня можа нічога зрабіць: салодкі міт пра «славянскае братэрства» для Расеі пакуль важнейшы за горкі эканамічны прагматызм. Аднак, нягледзячы на ўсе гучныя інтэграцыйныя патугі, Беларусь у дачыненьні да Расеі за 10 год з «унутранай калёніі» ператварылася ў асобны суб’ект. І гэта яшчэ адно сьведчаньне незваротнасьці распаду былой імпэрыі.

Тыповы лёс імпэрыі

Адным зь нешматлікіх фактараў, што тармозяць распад, магло б стаць бурнае разьвіцьцё расейскай культуры і яе экспансія на постсавецкай прасторы. Часткова гэта і адбываецца, але перашкаджае тое, што паралельна ідзе яшчэ больш магутная экспансія — сусьветная амэрыканізацыя. Не стаяць на месцы і нацыянальныя культуры, зь іншага боку расейская культура прайшла найвышэйшы пункт свайго разьвіцьця і сёньня, хутчэй, жыве настальгіяй пра «залатыя часы». І самае галоўнае — моўна-культурная тоеснасьць не адмяняе законаў эканамічнай эфэктыўнасці і пошуку палітычнай самастойнасьці, калі гэта нясе грамадзтву відавочную выгаду.

Такім чынам, шлях Расеі — тыповы лёс апошняй імпэрыі нашага часу. А тое, што гэта адбываецца ў так званую постындустрыяльную эпоху, нічога не мяняе. Расея, як і Беларусь, застаецца індустрыяльна-аграрнай краінай XX ст., і ў найбліжэйшыя 10—15 год яе чакае нямала эканамічных расчараваньняў, палітычных ператрусаў і сацыяльных закалотаў. Беларусь магла б хутчэй за былую мэтраполію выйсьці з крызісу «пераходнага пэрыяду», калі б зьлезла з «энэргетычнай іголкі» і адышла ад палітычнай самаізаляцыі. Расеі ж пакуль наканавана быць моцнай сваёй бюракратыяй ды нафта-газавымі алігархамі, а слабай — эканомікай, дэмакратыяй і сацыяльнай стабільнасьцю. Але чым раней яна кіне прэтэнзіі на ролю новай імпэрыі, тым хутчэй яе жыхары стануць жыць лепш. Будзе гэта ў Фэдэрацыі, Канфэдэрацыі ці ў Супольнасьці новых краін — ня так істотна. Ёсьць, урэшце, англамоўны і гішпанамоўны сьвет — будзе яшчэ і расейскамоўны. Гісторыя працягваецца, і ня трэба баяцца яе новых паваротаў, разбурэньня старых ідалаў і забабонаў. На жаль, расейская сьвядомасьць вельмі закамплексаваная і абцяжараная гэтымі забабонамі. Хіба толькі некаторыя беларусы могуць паспрачацца зь ёй сваёй ідэалягічнай замшэласьцю. Што ж зробіш, дзьвесьці год сумеснай гісторыі павінны былі пакінуць нейкі сьлед. Як і дзесяць апошніх год асобнага існаваньня. Але ж колькі год і колькі спраў яшчэ наперадзе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0