06.07.2007 / 15:06

Фін, што кіраваў Намібіяй

цяпер рыхтуе незалежнасьць Косава.


Марці Ахтысаары

У сувязі з апошнімі падзеямі вакол Косава часта даводзіцца чуць імя былога прэзыдэнта Фінляндыі Марці Ахтысаары. Хто гэты чалавек? Чаму менавіта яму даручылі заняцца косаўскай праблемай?

Марці Ойва Калеві Ахтысаары нарадзіўся 23 чэрвеня 1937 г. і сёлета будзе адзначаць сямідзесяцігодзьдзе. Бацька будучага прэзыдэнта быў афіцэрам фінскай арміі. Таму пасьля вайны сям’і Ахтысаары давялося перабрацца з Выбаргу, дзе нарадзіўся Марці і які адышоў СССР, у горад Оўле. Там ён заканчвае пэдагагічнае аддзяленьне мясцовага ўнівэрсытэту. Аднак праца ў родным Суомі яго не прывабіла. Неўзабаве настаўнік робіцца дыпляматам.

Ён прадстаўляе радзіму ў краінах Афрыкі, працуе ў ААН. Вядомасьць яму прынесла місія ў Намібію. Назва гэтай краіны была добра вядомая савецкім людзям. «Тэрыторыя, незаконна акупаваная расістамі з ПАР» згадвалася столькі ж, колькі і слова «апартэід» і імя Мандэлы.

Яшчэ Намібію называлі «самай старой праблемай» ААН. З 1946 г. яна дамагалася незалежнасьці. Прэторыя, аднак, не хацела адмаўляцца ад багатай на алмазы тэрыторыі. СССР падтрымліваў намібійскіх партызанаў, ЗША — ПАР. Усё гэта перапляталася з кубінскай прысутнасьцю ў суседняй Анголе. У такіх умовах спэцыяльны пасланьнік ААН вымушаны быў узяць на сябе фактычнае кіраваньне краінай дзеля забесьпячэньня мірнага пераходу да незалежнасьці і правядзеньня першых усеагульных выбараў. Задача была няпростая яшчэ і таму, што абодва бакі вінавацілі фінскага дыплямата ў патураньні ворагу. Тым ня менш, выбары адбыліся, і ніхто іх вынікаў не аспрэчыў. Дваццацігадовая вайна завяршылася, «апошняя калёнія Афрыкі» атрымала незалежнасьць 21 сакавіка 1990 г.

За свае заслугі ў стварэньні новай дзяржавы Ахтысаары атрымлівае званьне яе ганаровага грамадзяніна.

Толькі крытычнае стаўленьне Ахтысаары да амэрыканскай апэрацыі «Бура ў пустыні» перашкодзіла яму заняць пасаду генэральнага сакратара ААН. Ён вяртаецца на радзіму.

У гісторыю Фінляндыі Ахтысаары ўвайшоў як першы ўсенародна абраны прэзыдэнт. Першыя ўсенародныя выбары лідэра краіны ў Фінляндыі адбыліся ў 1995 г. Дагэтуль кіраўніка дзяржавы абірала калегія выбарцаў.

Для Фінляндыі гэта быў пераломны час. Увесь пасьляваенны пэрыяд яе палітыку вызначалі асаблівыя адносіны з СССР. Таму і стаўленьне да яе на Захадзе было насьцярожаным. Існаваў тэрмін «фінляндызацыя», гэта значыць ціхае пашырэньне савецкага ўплыву, якім палохалі Эўропу. Аляксандар Салжаніцын пісаў, што Фінляндыя «ўжо страчаная» для Захаду. Фіны сапраўды былі, магчыма, апошнімі хаўрусьнікамі СССР і нават не хацелі прызнаваць незалежнасьць братняй Эстоніі, пакуль Саюз не перастаў існаваць.

Распад СССР паставіў краіну ў цяжкае эканамічнае становішча і прымусіў наноў вызначаць сваё месца ў сьвеце. Новаму прэзыдэнту ўдаецца арганізаваць эканамічныя інвэстыцыі для краіны і, не парываючы сувязяў з Усходам, арганізаваць уступ Фінляндыі ў Эўразьвяз. Пасьля гэтага пачалі казаць, што на зьмену «фінляндызацыі» Эўропы прыйшла «эўрапеізацыя» Фінляндыі. У перадвыбарную праграму Ахтысаары ўваходзіў актыўны ўдзел краіны ў міжнародных справах. Ужо тады ён адыгрываў не апошнюю ролю ў вырашэньні праблемаў былой Югаславіі. Праўда, пазыцыя Ахтысаары па Босьніі не выклікае падтрымкі ў яго таварышаў па сацыял‑дэмакратычнай партыі, і на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах кандыдатам ад партыі праходзіць Тар’я Халонэн.

Ахтысаары працягвае займацца міратворчай дзейнасьцю. Сярод аб’ектаў яго ўвагі — Сярэдняя Азія, Інданэзія. За дасягненьне прымірэньня паміж інданэзійскім урадам і сэпаратыстамі Ачэха яго летась вылучылі на Нобэлеўскаю прэмію міру.

Дзейнасьць Ахтысаары выклікае розныя ацэнкі. Расея і Сэрбія вінавацяць яго ў патураньні косаўскім сэпаратыстам. Туркмэнскія дысыдэнты — у патураньні рэжыму Туркмэнбашы. Бясспрэчна адно: Ахтысаары, як ніхто ў апошнія гады, спрыяў станаўленьню сваёй краіны як актыўнага чыньніка міжнароднай палітыкі.

Усяслаў Шатэрнік

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру