У дні чарговага прыступу казённага патрыятызму пачуў показку. «Баба, гэта праўда, што ў вайну не было хлеба? — Праўда, унучак. — А што, яны намазвалі масла проста на каўбасу?»

Жанчына расказвае мне гэтую показку пад гукі ваенных песень, што ледзь даносяцца з-пад прыкрытае ручніком «брахучкі» — радыёрэпрадуктара (рэгулятар гучнасьці зламаўся, таму «брахучку» сунімаюць так).

Пасьля показкі апавядальніца выводзіць сэнтэнцыю:

— Чым далей, тым больш далёкаю гісторыяй будзе вайна. Ужо маім дзецям яна нецікавая. А яны як пачалі з новага году «перамога» ды «перамога», дагэтуль суняцца ня могуць.

— Заезьдзіў ён гэтую вайну і перамогу — аж моташна, — кажа маладая кабета. Яна, як і мноства жыхароў гэтага палескага гарадка, беспрацоўная. Маючы сярэднюю спэцыяльную адукацыю, ня можа нідзе ўладкавацца. Яе, як і тое мноства, цікавяць не прамовы аб «вялікай перамозе», не камланьне аб нечуваных посьпехах Беларусі, а адказ на просьценькае пытаньне: ці будзе праца?

Пажылая кабета пытаецца:

— Дзе ты бачыў, каб дзеці жылі на пэнсію бацькоў? А ў нас так і жывуць.

Завод для сушкі агародніны ў гарадку Г. стаіць ужо каторы год. Раней на ім працавала чалавек чатырыста. Будынкаў ніхто не даглядае, і яны пачынаюць разбурацца. Даўжэзны дрэваапрацоўчы цэх былога прамкамбінату, што стаіць на вуліцы Перамогі, не падае знакаў жыцьця. А гэта яшчэ сотня-другая працоўных месцаў. Стаіць і завод жалезабэтонных вырабаў. Работнік заводу апавядае, як яны штопанядзелак прыходзяць на прадпрыемства, каб пачуць, што працы ня будзе.

У заводу няма грошай, каб купіць патрэбныя матэрыялы. Работнік са скрухаю глядзіць на прывезеныя «з-за сьвету» пліткі, якімі забрукаваныя падыходы да некаторых будынкаў у гарадку.

— Хіба мы не маглі б выпускаць гэткія, калі б і нам далі грошы зь бюджэту?

Ён апавядае, якія нізкія тутэйшыя заробкі ў параўнаньні зь менскімі. Называе колькі атрымлівае рабочы пэўнага разраду ў сталіцы, у Баранавічах і ў Г. Чым меншы горад, тым меншыя заробкі.

Людзі выдатна разумеюць прыроду гэтае лёгікі. Так і кажуць: Лукашэнка баіцца менскіх рабочых, таму і падкормлівае іх, абіраючы рэгіёны.

Пачуў і тое, што не рэклямавалася: у Г. прыяжджаў Сяргей Сідорскі. Высокапастаўленыя чыноўнікі ў Г. бываюць нярэдка. Пажылая кабета так пракамэнтавала візыт прэм’ера:

— Устрывожыліся. У нас на рэфэрэндуме многія галасавалі супраць Лукашэнкі.

— Адкуль вы ведаеце?

— Я ж сярод людзей жыву і чую, што яны кажуць. Ці мала што нашы вэртыкальныя намалявалі.

Як кабета, так і знаёмы лекар далёкія ад аптымізму. Каб падняць эканоміку раёну, патрабуюцца немалыя сродкі, адкуль іх возьмеш. Ня будзе ж улада адбіраць іх у менскіх рабочых.

Лекар апавядае пра новыя зьявы ў жыцьці. Прастытуткі аказваюць паслугі ўжо і ў вёсках. Маюцца і першыя ахвяры платнага каханьня. Лекар расказвае, як адзін знаёмец пасьля паездкі ў вёску прыйшоў да яго на кватэру…

На маё пытаньне, чаму ўлада заезьдзіла тэму вайны, доктар іранічна адказвае:

— Гэта не мая спэцыялізацыя. Лепш адкажуць спэцыялісты па нэўрозах і псыхозах.

Пытаюся пра настроі тутэйшае намэнклятуры, бо памятаю, як яе прадстаўнікі неўразумела пыталіся: навошта вы зьнялі кандыдатуру Домаша? Цяпер, кажуць мне, намэнклятура безнадзейна махае рукамі ад самага пачатку, бо ня бачыць у «пяцёрцы» прахадных прэтэндэнтаў. Аднаго ў Г. называюць хлопчыкам, а ў другога вельмі хісткая пазыцыя, бо працаваў у рэсурсавым цэнтры.

— Патрабуюцца неардынарныя падыходы, сьвежыя ідэі і сьвежыя людзі, — кажуць мясцовыя дэмакраты. — Правінцыя ўжо дасьпявае, калі не дасьпела да разуменьня сытуацыі.

Ганцавічы—Менск

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0