Тое, пра што так доўга казалі, зьдзейсьнілася: у Менску для ўсіх аматараў гульні адбыўся неблагі турнір.

У «швайцарку» запісаліся ў першую чаргу шахматысты зь міжнародным рэйтынгам, для якіх былі адмыслова зьніжаны ўнёскі. Гуляў увесь беларускі шахматны бамонд, акрамя «гросаў» Фёдарава і Кавалёва, чэмпіёнкі краіны Шарэвіч. З-за кардону не прыбылі наймацнейшыя: ад расейцаў ды ўкраінцаў выступаў другі і трэці эшалён. Кідалася ў вочы адсутнасьць палякаў, чэхаў, немцаў, англасаксаў ды французаў.

Арганізатары са скрухай дзяліліся ў кулюарах: «Каб можна было забясьпечыць стартавыя ганарары, да нас і Ананд з Тапалавым завіталі б. Але турнір і так уляцеў у капеечку спонсару: было выдаткавана больш як 20 млн рублёў».

Але была вясёлая абстаноўка турніру, што нагадвала карнавал: поруч тусаваліся гульцы, трэнэры, судзьдзі, прадаўцы кніжак, журналісты, заўзятары. У стракатым натоўпе завязваліся дыялёгі на такія мілыя тэмы, як адметнасьць славянскай цывілізацыі, «засільле расейцаў» у беларускіх шахматах… Пераможца паўфіналу першынства сталіцы Валер Гардзяеня ўслых разважаў, ці варта ехаць на традыцыйны начны бліцтурнір у Віцебску (18—19 ліпеня), і даводзіў карэспандэнту «НН», што, «маючы сорак два гады, уначы лепей спаць». Армянская майстарка Эліна Даніэлян, шыкоўная бляндынка, якая ледзь не перамагла рэйтынг-фаварыта Аляксандрава і ўрэшце заваявала жаночы прыз, захаплялася адрамантаваным Палацам шахмат і шашак.

Але ня ўсім гульцам было аднолькава камфортна перасоўваць фігуры. У адной залі, дзе шчыравалі лідэры турніру, дыхалася лёгка, у другой стаяла задуха. Вэнтылятары не давалі рады: калі верыць абяцаньню намесьніцы міністра спорту Галіны Забур’янавай, надалей круцёлкі будуць заменены на кандыцыянэры. Добра папрацаваў галоўны сакратар турніру Васіль Якушаў, дэшыфруючы крамзолі зь фірмовых блянкаў для запісу партый, — яму давялося перавесьці ў электронны выгляд некалькі соцень тэкстаў. Тым ня менш, мела сэнс больш апэратыўна выкладваць партыі турніру ў сеціве — на аналягічных спаборніцтвах за мяжой гэта робіцца на працягу 24 гадзін.

Удзельнікі паразьехаліся 18 ліпеня — хто з грашыма, хто з запісамі памятных баталій, хто з добрым настроем. На закрыцьці настрой шахматыстам уздымалі гурт старажытнай музыкі «Пастараль», шоў-балет Валер’я Бурава і тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі.

Першае месца у Аляксея Аляксандрава, другое — у маладога расейскага гросмайстра Аляксандра Разанцава, трэцяе — у Сяргея Азарава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0