Кіраўнік Беларусі рыхтуецца на сваім «Боінгу» ўзяць курс на Захад. У рамках 60-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у сярэдзіне верасьня ў Нью-Ёрку плянуецца правесьці саміт Аб’яднаных Нацый.

Піша Раман Якаўлеўскі.

У сілу агульнавядомых прычын любое перамяшчэньне беларускага прэзыдэнта ў заходнім кірунку, як правіла, робіцца падзеяй. І ня толькі таму, што рабіць гэта яму даводзіцца нячаста. Схільнасьць да экспромтаў, імправізацый, ініцыятыў заўсёды выклікала жывы водгук сярод рознага роду палітыкаў і СМІ. Ці гэта было ў швайцарскім Кран-Мантана, ці на Кубе — не настолькі важна. Галоўнае, пра незалежную Беларусь і яе кіраўніка пачалі гаварыць у сьвеце. Пры гэтым часам упаміналася, што Беларусь, няхай нават савецкая, была сярод краін — заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Не сакрэт, што ў ААН у апошнія гады справы ідуць ня надта добра. За 60 год статут гэтага самага прадстаўнічага органу на Зямлі безнадзейна састарэў. Ці здольны Эўропа, Азія, Амэрыка і Афрыка дамовіцца паміж сабой, каб адаптаваць яго да новых рэалій? На гэтую вельмі няпростую тэму і будуць размаўляць удзельнікі саміту. Наколькі плённым акажацца гэты дыялёг, ніхто толкам прадказаць не наважваецца.

У сакавіку 2005 году генэральны сакратар ААН Кофі Анан прапанаваў распачаць маштабную рэформу арганізацыі. У прыватнасьці, ён прапанаваў пашырыць колькасьць сяброў Рады бясьпекі з 15 (апроч пастаянных членаў, у яе ўваходзяць яшчэ дзесяць часовых, бяз права вэта, якія выбіраюцца тэрмінам на два гады) да 25. Пра сваё жаданьне стаць пастаяннымі чальцамі РБ з правам вэта з самага пачатку заявілі Нямеччына, Японія, Бразылія і Індыя, якія, аб’яднаўшыся ў «групу чатырох» (G4), узяліся вэрбаваць сабе прыхільнікаў. Рэч у тым, што ў кожнай з краін у G4 ёсьць свае нядобразычліўцы, якія ўсяляк спрабуюць чыніць ім перашкоды ва ўсіх пачынаньнях. У выніку высьветлілася, што плянам «чацьвёркі» зьбіраюцца перашкодзіць Аргентына і Чылі, якія не жадаюць узвышэньня Бразыліі, Італія і Гішпанія, што выступаюць супраць узмацненьня Нямеччыны, і Пакістан, чыім традыцыйным праціўнікам зьяўляецца Індыя. Шэраг гэтых краін склалі аснову другога блёку — «Аб’яднаньне дзеля згоды» (Італія, Пакістан, Рэспубліка Карэя, Аргентына і Мэксыка), які вылучыў сустрэчную прапанову: павялічыць цяперашні склад Рады бясьпекі, як і меркавалася, на дзесяць членаў, але з тым, каб усе яны мелі часовы статус тэрмінам на два гады (хоць і з правам перавыбраньня). І раптам да гэтага, здавалася б, гатовага раскладу сіл дадаўся трэці па ліку плян рэфармаваньня складу РБ ААН.

Зьявілася прапанова Афрыканскага саюзу, якому, паводле задумы «чацьвёркі», і так павінна было быць адведзена два месцы сярод пастаянных членаў Рады бясьпекі і адно — сярод часовых.

13 ліпеня Афрыканскі саюз, што прадстаўляе інтарэсы адразу 53 краін, прапанаваў павялічыць колькасьць членаў Рады бясьпекі не на дзесяць, як іншыя, а на адзінаццаць месцаў — да 26. Пры гэтым афрыканцы настойваюць, каб ім дасталіся два з шасьці пастаянных (з правам неадкладнага вэта, а не адкладзенага на 15 год) і яшчэ два зь пяці часовых дадатковых мандатаў.

Яшчэ адной горкай пілюляй для «групы чатырох» стала заява прадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША пра тое, што ААН пакуль не гатова да рэформы паводле пляну G4 і, значыць, пытаньне пра пашырэньне РБ трэба часова закрыць. Пры гэтым назіральнікі адзначаюць пазыцыю Расеі, голас якой, як і голас іншых цяперашніх уладальнікаў права вэта, у гэтай сытуацыі зьяўляецца вырашальным. Яны лічаць, што Масква паводзіць сябе безыніцыятыўна і падтаквае Вашынгтону. Паводле слоў кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова, Расея гатова падтрымаць любы варыянт рэфармаваньня РБ ААН, але толькі пры ўмове, што ён будзе абапірацца на максымальна шырокую згоду бакоў. Але яе пакуль не назіраецца. Вось пры такім раскладзе сіл і давядзецца працаваць у Нью-Ёрку беларускай дэлегацыі на чале з Лукашэнкам. І тут, відаць, варта зьвярнуцца да адной праблемы Беларусі з ААН.

Як вядома, афіцыйны Менск ігнаруе спэцдакладчыка Камісіі па правах чалавека ААН. І на гэтае стаўленьне беларускіх улад ніхто паўплываць ня можа. Таму ЗША і некаторыя іншыя абураны тым, што, згодна зь дзеючым у ААН парадкам, у Камісію па правах чалавека можа быць выбрана, па рэкамэндацыі парытэтна прадстаўленых у арганізацыі рэгіянальных груп, практычна любая дзяржава, нават тая, у якой груба зьневажаюцца гэтыя правы.

Разам з тым той жа парадак прыводзіў да таго, што заканадаўцы барацьбы за правы чалавека апыналіся часам за бортам Камісіі. Кофі Анан прапануе замяніць цяперашнюю Камісію меншай паводле складу Радай, куды ўвайшлі б толькі тыя краіны, у якіх абарона правоў чалавека адпавядае самым высокім міжнародным стандартам. На думку генэральнага сакратара, правы чалавека павінны набыць у ААН статус, супастаўны зь бясьпекай і эканомікай. У ААН ёсьць Рада бясьпекі і Эканамічная і сацыяльная рада (ЭКАСАР). Значыць, патрэбна і Рада па правах чалавека. Анан мяркуе, што Рада магла б зрабіцца новым галоўным органам арганізацыі, члены якога будуць выбірацца непасрэдна Асамблеяй большасьцю ў дзьве трэці галасоў.

Паколькі да абароны правоў чалавека ў Беларусі паводле высокіх міжнародных стандартаў ёсьць вялікія заўвагі (а інакш навошта было б назначаць спэцдакладчыка), то, трэба меркаваць, да Ананавых плянаў наконт гэтага ў афіцыйнага Менску будуць свае прэтэнзіі. Што да плянаў рэфармаваньня Рады бясьпекі ААН, дык варта нагадаць, як за апошнія дзесяць год Беларусь двойчы прасоўвала сваю кандыдатуру ў непастаянныя члены. Пры галасаваньнях адзін раз Чэхіі, другі — Баўгарыі гэтае месца прайграла. Але жаданьня трапіць у РБ ня страціла. Запаветны мандат, ды яшчэ з правам вэта, па-ранейшаму будзе адкрываць пропуск у рады сусьветнай эліты і заставацца жаданай мэтай для МЗС любой краіны на плянэце. І да гэтай мэты пасьля верасьнёўскага саміту ААН будзе імкнуцца ўжо іншы кіраўнік беларускага МЗС. Зрэшты, усю палітыку Беларусі вызначае сёньня адзін чалавек. Так што ня вельмі важна, хто будзе на чале МЗС Беларусі.

Як правіла, падчас такіх сусьветных мерапрыемстваў, якім стане саміт ААН, яго высокія госьці ўдзельнічаюць у своеасаблівым маратоне рознага роду сустрэч. Уяўляецца цікавым шэраг тых пэрсон, хто пажадае асабіста сустрэцца зь беларускім кіраўніком падчас саміту. Ёсьць падставы меркаваць, што ў гэтым шэрагу будуць пераважаць лідэры краін Руху недалучэньня. Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, якая зьяўляецца паўнапраўным членам гэтага рэліктавага ўтварэньня — спадчыны мінулага стагодзьдзя. Нават у Маскве ў свой час выклікала зьдзіўленьне жаданьне саюзнага Менску зрабіцца яго членам. А Лукашэнка ня супраць адыгрываць у гэтым Руху ролю лідэра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0