Актывісты БРСМ пілуюць ля польскага пасольства бервяно сяброўства. .

На бязьлюднай вуліцы Румянцава стаіць натоўп. Паўсотні чалавек пад чырвона-зялёнымі сьцягамі. Пікетоўшчыкі перамаўляюцца адзін з адным, адказваюць на пытаньні журналістаў ці проста пазіраюць перад сабою, нібы зьлёгку загіпнатызаваныя. Сьпякотна. Мінулым разам перад пасольствам Польшчы адмывалі ў пральнай машыне даляры, сёньня — пілуюць бервяно, на якім напісана «дружба». На лязо пілы прымацаваны бела-чырвоны сьцяжок. На адпілаваным кругляшку флямастарам напісалі «1 дзень». Калі так пойдзе далей, дык бервяна хопіць дзён на дзесяць — пасьля гэтага яно проста зваліцца з козлаў.

«Пакуль хтосьці танчыць амэрыканскі факстрот, беларуская полька нам радасьць нясе», — надрукавана прынтарам па-расейску на аркушы паперы. Яго трымае ля грудзей дзяўчо гадоў шаснаццаці на выгляд. «А вы ведаеце, што такое «факстрот?» — пытаецца ў яе тэлежурналістка «RenTV». На твары дзяўчыны зьяўляецца зьніякавелая міна. Што такое факстрот, яна ўяўляе досыць цьмяна. «А чаго вы тут стаіце?» — не пакідае яе ў спакоі журналістка. «Стаю сабе і стаю». — «Сказалі стаяць, вось і стаіце?» — «Так». «Ты што такое кажаш?!» — шыкае на яе ззаду старэйшая таварышка. Дзяўчо, канчаткова зьбянтэжанае, лічыць за лепшае наагул змоўкнуць.

Яе палітычна падкаваная суседка прымае эстафэту. «Хіба вы калі-небудзь чулі, каб беларусы і палякі ў нашай краіне варагавалі, якія-небудзь процістаяньні, проціборствы былі? Я таксама ня чула. Чаму тады па тэлебачаньні пачынаецца нейкі гармідар, што мы некага прыгнятаем?» — «Дык хто вінаваты?» — «Я лічу, што гэта ідзе зьверху. Паміж простымі людзьмі няма непаразуменьня». Пікетоўшчыца пакрысе распаляецца. Выходзіць амаль крамола: «Я спадзяюся, што на ўсё гэта зьвернуць увагу ўрады нашых краін і ня будуць сеяць разлад паміж нашымі людзьмі. Жылі мы ў міры і будзем жыць далей».

Побач стаяць Максім і Дзяніс — звычайныя бээрэсэмаўцы. Два школьнікі ў пінжаках, якія на іх плячах выглядаюць крыху завялікімі. Максім трымае папяровы плякат «Ня трэба парушаць традыцыі братоў-славян!», а Дзяніс — жоўтую расьцяжку «Суседзям трэба сябраваць».

«Дык што рабіць, хлопцы, у гэтай сытуацыі?» — «Ня ведаем, — адказвае Максім. — Па-мойму, яны самі павінны вырашаць». — «Яны — гэта хто?» — «Польшча». — «А што палякі павінны зрабіць?» — «Яны павінны, як бы, паглядзець на ўсё і… ацаніць», — пачынае запінацца Максім. «Ацаніць усе перавагі, якія пераважаюць у нас на тэрыторыі Беларусі, і таксама палепшыць суадносіны сваёй замежнай і ўнутранай палітыкі, — дапамагае падшукаць словы сябру Дзяніс. — А то кажуць, што ва ўнутранай палітыцы нейкая неразьбярыха выходзіць, і, каб усё зьвесьці з канцамі, яны абапіраюцца на Рэспубліку Беларусь і спадзяюцца на яе. І незразумела, праз што ўся гэтая неразьбярыха пачалася. Мы зьяўляемся суседзямі, межы ў нас супольныя, і яны павінны ўмовы стварыць для перасячэньня мяжы. У мяне ў Польшчы шмат родных, і, каб да іх дабрацца, трэба шмат цяганіны, каб аформіць гэта ўсё і прыехаць да іх у госьці. І гандаль павінны падтрымліваць, а то парушаюць усякае заканадаўства, якое было заключанае паміж Рэспублікай Беларусь і Польшчай. Ну і на гэтым, здаецца, усё». — «Дык мо варта нам у Эўразьвяз уступіць? Няма межаў — няма праблем». — «Сказаць, каб у Эўразьвяз, — дык неяк неахвота ўступаць, — крэкае Дзяніс. — Проста, на мой погляд, у Эўразьвяз уступаюць тыя краіны, у якіх узровень дабрабыту на найвышэйшым узроўні. І па-другое, мне падабаецца наша Рэспубліка Беларусь (тут ён пераходзіць на беларускую мову. — Аўт.), незалежная ад ніякіх іншых краін, і неахвота, каб мы залежалі ад прадвызначанасьці. Трэба самастойна разьвівацца. А па-другое, з Рэспублікі Беларусь сыходзіць шмат навукоўцаў усялякіх. Трэба, каб Аляксандар Рыгоравіч зрабіў так, каб навука нашая павышала ўзровень дабрабыту і каб усе навукоўцы заставаліся ў нас, а не зьяжджалі за мяжу ў той самы Эўразьвяз. На гэтым усё». — «А вось беларуская мова ж таксама славянская…» — «Так!» — ахвотна згаджаецца Максім. «…Дык чаму ў вас усе плякаты па-расейску?» «Плякаты ня мы складалі. Плякаты былі арганізаваныя Першамайскім раёнам, і гэта не да нас пытаньне». «У большасьці славянскіх краінаў палова людзей размаўляе на расейскай мове, і нашы мовы згубіліся», — тлумачыць сытуацыю Максім.

Не, не па гладка абгабляваных словах функцыянэраў БРСМ, а менавіта па бязладных абрывістых думках шараговых актывістаў можна меркаваць пра тое, у каго пакрысе ператвараецца нашая моладзь. Так, яны вераць у Аляксандра Рыгоравіча, затое любяць сваю Рэспубліку Беларусь. Яны не навучаныя беларускай мове, але самыя галоўныя рэчы яны інстынктыўна спрабуюць прамаўляць менавіта на ёй. У іх галовах неймаверная каша з абрыўкаў лекцый па ідэалёгіі, напаўвуха слуханых прамоў, рэпартажаў БТ ды лекцый «важакоў». Але яны не ствараюць уражаньня злых людзей. У прынцыпе, не злавалі яны і на палякаў. Проста хтосьці пераканаў іх, што гэта менавіта палякі раззлаваліся на Беларусь, і бээрэсэмаўцы прыйшлі спытацца: «Чаму?» Тым больш што адказу на пытаньне «З чаго ўсё пачалося?» ніхто зь іх ня ведаў. Нават сьмяяцца ня хочацца з гэтых дзяцей, якія стаялі пад сонцам, пакуль іх правадыры хаваліся ў цяньку дрэў на вуліцы Румянцава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0