З падслуханага на беларускім радыё і ў іншых месцах запісала Тацяна Барысік.
«К вялікаму сажаленію, плюралізм мненій у нашым обшчастве яшчо сьлішкам шырокі».
«60-годзьдзе перамогі — гэта сымбаль змаганьня зь верай і надзеяй».
Уражаньні дзеяча БРСМ ад сустрэчы вэтэранаў з моладзьдзю: «Сядзіт у зале маладой чалавек, і сьляза яму глаз прашыбает».
Кароткія вытрымкі з радыёвыступу дэпутата і тэатрала па сумяшчальніцтве, які спрабуе размаўляць па-беларуску: «Наш славянін — асаблівы беларус». «Сёньняшнія ідэалягічныя каштоўнасьці — гэта і ёсьць тое, чым павінен займацца тэатар». «Сьвет ня чорны і ня белы. Ён складаецца з канкрэтных тонаў». «Чаму ўсе п’есы, што піша моладзь, пра наркотыкі, гвалт? Хоць бы пра нейкае каханьне напісалі». «Зямля з блакітнымі вачыма» (пра Беларусь).
Старшыня сельсавету пра адраджэньне вёскі: «Дэмаграфічная сытуацыя ў нас стабільная, на тэрыторыі сельсавету пражываюць 21 вэтэран і тры інваліды».
Старшыня выканкаму аб неабходнасьці абавязковай падпіскі на раёнку: «У раёні далжна быць свая пячаць. А есьлі вам ня нравіцца, дык у другі раён едзьце».
З прачытанага
Абвестка на дзьвярах пад’езду: «Паважаныя жыхары дому №31! 13.05.05 у 16:00 у памяшканьні ЖЭУ №1 будзе праводзіцца вакцынацыя сабак супраць шаленства. Яўка абавязковая».
Пісьмовы адказ на скаргу: «Прыведзеныя вамі факты хоць і мелі месца, але не адпавядаюць сапраўднасьці».
З службовай інструкцыі: «Супрацоўнікі нясуць асабістую адказнасьць за выкананьне абавязкаў і выкарыстаньне правоў у межах дзеючага заканадаўства».
З кожным годам усё хужай
Госьць у хату
— Вось я ішоў, ішоў і нарэшце дайшоў! — захоплена прамаўляе вядучы праграмы «Падарожжа дылетанта».
— Ды лепш бы ты зусім не прыходзіў! — з пачуцьцем глыбокага смутку канстатуе тэлеглядач, зьнясілены ранішнім змаганьнем з пахмельным сындромам.
Радасьць па-беларуску
Купляюць вяскоўцы ходнік у краме. Нагледзелі, разгарнулі, упадабалі.
— Ай, які харошы, яркі! — радасна засакатала немаладая ўжо кабета. Пасьля на якую хвіліну сьціхла, уздыхнула:
— На ім мяне і паложаць.
Досьвед
Дваццацігадовая студэнтка разам з суседкаю-пэнсіянэркаю абіраюць сьлівы.
— Не хачу на сьлівіну без драбін лезьці, — гаворыць дзеўка. — Сёлета разьелася, дык баюся, што галіна пада мною абломіцца. А летась яшчэ лазіла.
— А што ж ты, мая галубка, думала? З кожным годам будзе ўсё хужай і хужай… — дзеліцца жыцьцёвым досьведам сямідзесяцігадовая суседка.
Рассаднік сьвіней
Кароткая, але зьмястоўная характарыстыка сацыяльна-эканамічнага становішча сельскага паселішча на Бабруйшчыне:
— Дзярэўня, гразь, сьвіней мы там куплялі…
А як яны мне?
Завітала да Марыі ў госьці сяброўка. Тут бы пасядзець, пагаманіць. Ды вось дзеці замінаюць, есьці просяць. Падышла Марыя да пліты, паглядзела — боршч укіс! Сыпнула соды. Зашыпеў боршчык.
— Дзеткі, хадзіце есьці!
— Марыечка, ты што! Ці можна дзецям такое? — захвалявалася сяброўка.
— Што яны цяпер ядуць, дык я бачу. А вось што я пад старасьць есьці буду?
Стандарты і выпечка
Сацыяльныя стандарты, сацыяльныя стандарты, — паслухаўшы перадачу на тэму адраджэньня вёскі, бубніць гарадзкі вясковец. — Век хлеба сьвежага не зьясі.