Партнэрства зь Беларусьсю цікавіць Кітай не само сабою. Яно разглядаецца ў кантэксьце стратэгічнай задачы ўцягваньня Расеі ў антыамэрыканскі сардэчны саюз. Чацьверты візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай абяцае быць цікавым.

Беларуска-кітайскі палітычны дыялёг захоўвае інтэнсіўнасьць. Працягнуты ў апошнія гады абмен шматлікімі візытамі дэлегацый самага рознага ўзроўню служыць пацьвярджэньнем далейшага пашырэньня дачыненьняў з КНР.

Ёсьць падставы меркаваць, што ў найбліжэйшы час кітайская тэма будзе займаць у кіраўніцтва Беларусі ня меншае месца за расейскую. Кантакты рознага ўзроўню, не гаворачы ўжо пра найвышэйшы, з краінамі Эўропы і ЗША аказаліся ў замарожаным стане. Таму чацьверты — а ў якасьці кіраўніка краіны трэці па ліку — візыт Лукашэнкі ў Кітай абяцае быць цікавым.

Асабліва ў кантэксьце збліжэньня Расеі з Кітаем, якое адбываецца на фоне абвастрэньня амэрыкана-кітайскіх дачыненьняў. Дайшло нават да заявы кітайскага генэрала пра гатоўнасьць ужыць ядзерную зброю супраць ЗША і зьнішчыць 200 амэрыканскіх гарадоў. Кітай сапраўды ў стане гэта зрабіць. І гэтая заява стала для амэрыканцаў шокам. Той антыамэрыканізм, які так старанна дэманструе стратэгічны саюзьнік Масквы ў асобе афіцыйнага Менску, вельмі нават упісваецца ў пляны Пэкіну на XXI ст. Безагляднае імкненьне менскіх стратэгаў зьліцца ў антыамэрыканскім экстазе часам нават неяк міжволі нагадвае паводзіны камуністычнай Альбаніі — некалі вернага саюзьніка Кітаю ў Эўропе 1960-х. Тады Тырана нават адгукнулася на пляны Пэкіну разьмясьціць на тэрыторыі краіны кітайскія ракеты. Сёньня кітайская экспансія на эўрапейскім кантынэнце ажыцьцяўляецца цераз навадненьне таннымі таварамі рынку краін Эўрасаюзу. Усё больш кітайская экспансія закранае і краіны СНД.

Пяць год таму з афіцыйным візытам у Менску знаходзіўся цяперашні старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзіньтао, які ўжо тады належаў да найвышэйшага кіраўніцтва краіны, у 2001 годзе — тагачасны кіраўнік дзяржавы Цзянь Цзэмінь. Гэтыя візыты сталі пікам узаемаадносін Беларусі з Кітаем. Высьветлілася, што Беларусь і КНР займаюць падобныя пазыцыі па асноўных міжнародных праблемах. Многія назіральнікі адзначаюць правамернасьць афіцыйнага тэзісу пра вялікія посьпехі беларускага кіраўніцтва ў супрацоўніцтве з Кітаем у палітычнай сфэры. А вось што да эканамічнай, дык пакуль ніводзін зь вядомых сумесных праектаў не дазволіў гаварыць пра нейкія посьпехі.

Вярнуўшыся з апошняй паездкі ў КНР, якой кітайскі бок афіцыйным візытам не называе, а лічыць «прыпынкам беларускага прэзыдэнта па дарозе зь Віетнаму ў Рэспубліку Карэю», А.Лукашэнка згадаў пра дасягнутыя дамоўленасьці стварэньня СП у галіне тэлекамунікацый і, у прыватнасьці, выпуску тэлевізараў на віцебскім ВА «Віцязь». З таго часу так нічога і не чуваць пра гэтую ініцыятыву.

Ужо не адзін год Міністэрства прамысловасьці і БелАЗ вядуць перамовы па пытаньнях, зьвязаных з арганізацыяй зборачнай вытворчасьці кар’ерных самаскідаў у Кітаі. Працягваюць культывавацца надзеі, што ўрад КНР, магчыма, надасьць гэтаму СП статус аб’екта спэцпрызначэньня. Але ў Кітаі ўжо зьбіраюцца досьледныя ўзоры беларускіх машын. Вельмі нечакана прагучалі нядаўнія прызнаньні гендырэктара БелАЗу пра тое, што канкурэнцыю беларускай прадукцыі на рынку збыту сёньня складаюць кітайскія вытворцы. Гэта яшчэ адно пацьвярджэньне прынцыпу кітайцаў скупляць «з трыбухамі» за мяжой узоры той ці іншай прадукцыі, а затым пераўтвараць іх ва ўласную.

Наглядным прыкладам такога падыходу можа служыць досьвед супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры. Гавораць, што быў час, калі кітайскія спэцыялісты адчувалі сябе вальней, чым нават іх расейскія калегі на некаторых беларускіх прадпрыемствах абароннага значэньня. Вынікам такіх асаблівых адносін рабілася тое, што ў бок Кітаю ішла ня толькі беларуская прадукцыя, але і тэхналёгіі. А гэта нярэдка закранала і расейскія інтарэсы. Бо з сваім стратэгічным беларускім саюзьнікам у Расеі існуюць сумесныя абаронныя заказы і спадчына дасягненьняў савецкага ВПК. Непаразуменьні і нават скандалы, што ўзьнікалі, рабіліся прадметам сур’ёзных размоў на розных узроўнях паміж саюзьнікамі. Відавочна, для таго каб неяк «разрульваць» сытуацыю зь беларускай прадукцыяй у Кітаі, і быў назначаны паслом у Пэкіне былы міністар прамысловасьці таварыш Харлап. Праўда, з часоў гэтых негалосных расейска-беларускіх спрэчак пра пастаўкі ў Паднябесную кітайскія спэцыялісты ўжо пасьпелі «высмактаць» усе цікавыя для сябе тэхналёгіі і страціць колішні інтарэс да адпаведных беларускіх прадпры-

емстваў. Затое захоўваецца зацікаўленасьць у навучаньні кітайскіх курсантаў у Ваеннай акадэміі ў Менску. Паводле некаторых зьвестак, у асноўным іх вучаць працаваць на комплексах СПА.

Па дарозе ў Пэкін ці назад, відаць, Лукашэнка наведае Ўзбэкістан. Пэрыядычна зьяўлялася інфармацыя пра такія намеры. Пасьля крывавай бойні ў Андыжане і шараханьняў з Захаду на Ўсход напалоханы аранжавымі рэвалюцыямі правіцель Крамля ўсё-такі пайшоў на збліжэньне з Кітаем. Усё часьцей у экспарце «рэвалюцый» абвінавачваюць ЗША. І ўзбэцкі кіраўнік Карымаў таксама заручыўся падтрымкай Кітаю. Толькі пасьля гэтага ён паехаў на паклон у Маскву. Такія зрухі палітычных акцэнтаў і сталіся адной з прычын прыняцьця заявы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) пра неабходнасьць вываду амэрыканскіх баз з Цэнтральнай Азіі. Як вядома, кіруючыся духам гэтай заявы, Узбэкістан ужо праінфармаваў амэрыканцаў аб неабходнасьці ім пакінуць краіну праз паўгоду. Ініцыятарамі тэксту гэтай заявы ШАС заходнія назіральнікі называюць расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна і яго кітайскага калегу Ху Цзіньтао.

Расея робіцца найбуйнейшым пастаўшчыком энэргарэсурсаў ды ўзбраеньняў для Кітаю і адмовіцца ад гэтага практычна ўжо ня можа. Ёсьць магутнае лобі ў ВПК і нафтавае лобі ўнутры Расеі, якое праводзіць гэтую палітыку. У рэчышчы гэтага разьвіцьця рухаецца і Беларусь са сваім кіраўніцтвам і эканамічным патэнцыялам. Можна чакаць, што падчас сваіх візытаў у Кітай і Ўзбэкістан кіраўнік Беларусі зробіць гучныя заявы пра сваё бачаньне шматпалярнага сьвету і новыя сілавыя цэнтры — процівагі амэрыканскай гегемоніі. Трэба меркаваць, згадае ён і ШАС як антыамэрыканскі цэнтар, што фарміруецца.

На думку непрымірымага крытыка пуцінскага рэжыму палітоляга Андрэя Піянткоўскага, шанхайскія гульні цікавяць Кітай ня самі па сабе. Нашмат важнейшае для яго вырашэньне ўскоснай стратэгічнай задачы — уцягнуўшы Расею ў жорстка артыкуляваны антыамэрыканскі блёк, перарэзаць яе палітычныя сувязі з Захадам і тым самым аблегчыць задачу яе плаўнага паглынаньня. Канфрантацыя з Захадам ды курс на «стратэгічнае партнэрства» і фактычную ваенную кааліцыю з Кітаем вядуць ня толькі да маргіналізацыі Расеі, але і да падпарадкаваньня яе стратэгічным інтарэсам Кітаю і да страты кантролю над Далёкім Усходам ды Сібір’ю спачатку дэ-факта, а затым і дэ-юрэ. А саюз імпэратараў Пу і Ху, які ствараецца, — гэта саюз труса і ўдава. Ён непазьбежна і вельмі хутка прывядзе да поўнай хуізацыі маленькага Пу і нас усіх разам зь ім. Трапіць у гэты саюз марыць і правіцель Лу са сваім народам. Мы проста не заўважылі, адзначае Піянткоўскі, як ужо ператварыліся ў блізкае замежжа Кітаю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0