«Мульт-клюб» у Інтэрнэце наведалі 160 тысяч чалавек. Адначасова флэш-аніматарам, які малюе Лукашэнку, зацікавіліся спэцслужбы.

Са стваральнікам сайту «Мульт-клюб» Віктарам не размаўлялі месяцы два. За гэты час з праектам на www.mult.3dway.org адбылося шмат цікавага. LLL-мульты хутка зьявяцца на СD і DVD.

«У «Белтэлекаме», — сьцьвярджае Віктар, — ляжыць папера з КДБ і МУС аб адсочваньні маёй пошты. Інфармацыю зьбіраюць па поўнай праграме». Таму Віктар змушаны пастаянна мяняць электронныя адрасы. Перасьледу не баіцца, хоць дапускае, што можа здарыцца прыкрая нечаканасьць: «Да чаго маральна не падрыхтаваны, дык гэта да няшчаснага выпадку. Ці абвесьцяць «наркадылерам» або «гандляром зброяй». Яго гэта крыху злуе, але сваю справу спыняць Віктар не зьбіраецца. Нядаўна выйшла 25-я сэрыя, гатовы 26-я і 27-я сэрыі, да праекту далучаецца ўсё болей людзей.

Хутка зьявіцца мажлівасьць глядзець мульты ня толькі ў Інтэрнэце, але і па тэлевізары. Выпуск на відэакасэтах, СD і DVD спансаруе адзін з апазыцыйных палітыкаў «новай хвалі», прозьвішча якога Віктар не называе. «Амаль за год існаваньня «Мульт-клюбу» апазыцыя не зрабіла аніводнай спробы скантактавацца з намі. Здаецца, адну справу робім», — наракае Віктар. Ён засмучаны, што аб праекце напісала расейская «Независимая газета» і расказалі па BBC, а ў Беларусі ўвагу на яго зьвярнула толькі «Наша Ніва» (больш пра «Лука-мульт-клюб» — у № 10).

Затое наракаць на адсутнасьць увагі публікі не выпадае — наведвальнасьць сайту імкліва расьце. Калі «НН» упершыню напісала пра «Мульт-клюб», сайт наведала 30000 чалавек, за тры месяцы іх колькасьць павысілася да 160 тыс. Першае месца па наведвальнасьці трымаюць айчынныя карыстальнікі, другое — беларусы з ЗША. Трэцяе месца — палякі. Іх цікавасьць можна растлумачыць тым, што амаль усе мультфільмы былі перакладзены на польскую мову. Дапамог пан Жэмавіт з Уроцлава.

На ахвяраваньні сталых слухачоў «Мульт-клюбу» зрабілі налепкі з рэклямай праекту, якія расклеілі па Менску і абласных цэнтрах.

Нядаўна да Віктара далучыліся новыя людзі, прамоцыю ўзялі на сябе хлопцы з праекту «Трэці шлях». «Мульт-клюб» займеў кідкую падназву — «Народнае тэлебачаньне», якую падказалі ўдзельнікі форумаў tut.by.

Пры канцы кастрычніка адбудзецца доўгачаканая прэм’ера беларускіх LLL-мультоў на вялікім экране — іх паказ плянуецца зладзіць у межах фэстывалю эўрапейскай моладзі ва Ўроцлаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0