Паставы — адзін зь нямногіх раённых гарадоў Беларусі, у якім неказённы культурны асяродак стварае ўнікальныя духоўныя каштоўнасьці.

Горад, збудаваны італьянцам

Гартаю том «Віцебская вобласьць», што яшчэ на сконе камунізму выйшаў у сэрыі «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Мяне цікавіць Пастаўскі раён. Пра самі Паставы паведамляецца коратка: «Належалі магнатам Дэспатам-Зяновічам. У 2-й палове XVIII ст. перайшлі да магната ВКЛ А.Тызенгаўза. У 1775 г. адкрыта сьвецкая школа зь сярэдняй ступеньню навучаньня…» Вось, бадай, і ўсё. А далей ідзе па пунктах пералік і апісаньне помнікаў. «Забудова плошчы Леніна» — гэта тыя пяць дамкоў, што надаюць цэнтру гораду непаўторны калярыт, прымушаюць уздыхнуць і прамовіць: «І мы былі Эўропаю». Тым болей што будаваў тыя дамкі Джузэпэ Сака — той самы, што будаваў для Тызенгаўза і ў Горадні. (Ня толькі для Тызэнгаўза — ён абнаўляў і каралеўскі палац.)

Тут, у Паставах, пад кіраўніцтвам дойліда з Вэроны быў створаны суцэльны архітэктурны ансамбль у стылі барока. «Плошча набыла форму прастакутніка (у пляне 295х93 м), ад кожнага вугла адыходзілі асноўныя вуліцы — Браслаўская (зараз Ленінская), Зарэчная, пазьней Лучайская (зараз Чырвонаармейская), Віленская (зараз Савецкая)…»

Пад ручку зь біскупам

Гэта я цытую з кнігі Міхала Гіля «Былыя сядзібы і паркі Паазер’я. Пастаўшчына», што выйшла летась у Паставах.

Аўтар апавядае нам пра сядзібу Ромэраў у Каралінове (пра яе ані слова ў тым томе са «Збору помнікаў…»), пра сядзібу Янішэўскіх у Ясеневічах (зноў жа, у тым томе пра самі Ясеневічы ані згадкі), паказвае, як выглядала панская сядзіба ў Саранчанах (у 1938 г. ёй было 400 гадоў)… Шмат даўніх здымкаў і сучасных. І подпісы: «Так выглядаў лынтупскі палац перад зьнявечаньнем. 1938 г.», «А вось такі цяпер стан помнікаў архітэктуры ў Лынтупах».

Гэта ня толькі гісторыя маёнткаў, палацаў, гаспадарчых пабудоў, але і гісторыя шляхецкіх родаў, асобных людзей. Перад намі паўстае калярытная фігура пані Галены Даўгялы з Раманішкаў, пані Марыі Абрамовіч з Крыкалаў (на здымку яна стаіць пад ручку зь біскупам Эдвардам фон Ропам)…

Парыж і ваколіцы

Заканчваецца кніга здымкамі знаёмага мне Варапаева. І тут жа згадваю, што я чытаў кніжку «Мястэчка пры гасьцінцы». Аўтар яе — гісторык Іосіф Зямчонак — даволі падрабязна ўзнавіў гісторыю гэтае мясьціны. Ён жа напісаў кніжкі «Лучай: Гісторыя маёнтку, мястэчка і вёскі. 1542—1998», «Данілавічы: Гістарычны нарыс. 1473—1998» і «Ваколіцы Парыжу: Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я». Парыжам, ведама, былі Паставы — з Сакавай забудовай, з Тызенгаўзавым палацам, у якім унучаты пляменьнік знакамітага надворнага падскарбія літоўскага, ня менш знакаміты Канстанцін Тызенгаўз, сабраў багатую бібліятэку і стварыў карцінную галерэю, а побач з палацам — зьвярынец. Імя прыродазнаўца Тызенгаўза, аўтара шэрагу кніг, увайшло ў гісторыю навукі, арніталёгіі і іхтыялёгіі ў прыватнасьці.

На свае пісаныя гісторыі пашанцавала ня толькі Варапаеву, Лучаю і Данілавічам-Дунілавічам. Паэт і географ Ігар Пракаповіч у суаўтарстве з Настасьсяй Вансовіч ды Ірынай Заяц выпусьціў кніжку «Манькавічы».

Наколькі мне вядома, падрыхтаваныя да друку кніжкі Алеся Адамковіча «Германавічы» і Яські Драўніцкага «Мястэчка пры Полацкім тракце» — пра Канстанцінава, што ў Мядзельскім раёне. А яшчэ з архіўнага рукапісу перакладзена і чакае сваёй чаргі кніжка Генрыка Жаброўскага «Міхнічы».

Калі ж вяртацца да асобы Ігара Пракаповіча, дык нельга не зьвярнуць увагу на ягоную працу «Насельніцтва Пастаўскага краю» — кніжку ўнікальную, бо, наколькі я ведаю, ні ў адным раёне нашае краіны не праводзілася падобнага дасьледаваньня. Акрамя таго, Ігар напісаў кніжкі «Ваколіцы Пастаў: Помнікі прыроды, гісторыі і культуры з маршрутамі краязнаўчых вандровак» і «Крыжы і камяні: Нарысы па гісторыі Пастаўскага краю».

Дарэчы, пра камяні. Алесь Гарбуль, яшчэ адзін пастаўскі краязнавец, выпусьціў у 2002 г. ёмістую — на 90 старонак — кніжку «Скарбы сівых валуноў». У ёй апісаны шмат якія знакамітыя ў родных мясьцінах камяні. І гэтая праца яшчэ не завершаная, бо на 90-й старонцы напісана: «Канец першай кнігі».

Ушанаваньне краязнаўца

Асобнае месца на пастаўскай палічцы займае кніжка чалавека, якога ведаў шмат хто ў Паазер’і і па-за ім. Гэта кніжка Міхася Райчонка «Нашчадкам».

Міхась Райчонак, сын Алега і Ады Райчонкаў, таксама быў краязнаўцам. І літаратарам. Быў — бо памёр на 27-м годзе жыцьця.

Немалая заслуга маці і сына ў тым, што ў Германавічах была ўшанавана памяць Язэпа Драздовіча. Сам Міхась асэнсоўваў спадчыну мастака і пісьменьніка, зьбіраў успаміны пра яго, склаў бібліяграфію. Вось гэты — драздовічазнаўчы — даробак маладога дасьледчыка разам зь іншымі яго працамі і сабраны пад вокладкаю зборніка «Нашчадкам» (што праўда, месцам выданьня кніжкі пазначаны Германавічы).

«Сумежжа» пачалося з «Сумежжа»

Хто будзе гартаць пастаўскія кніжкі, той убачыць на іх апошніх старонках такія словы: «Выдавецкая ініцыятыва «Сумежжа».

«Сумежжа» — гэта назва малатыражнае газэты, якую ў 1990-х выпускаў старшыня Пастаўскае філіі БСДГ (ткачоўскае!) і дэпутат райсавету Міхал Гіль.

З «Сумежжа» ўсё і пачалося. Перш-наперш набыцьцё выдавецкага досьведу.

Я не скажу, хто каго шукаў, але ўрэшце выйшла так, што ў Пастаўскім раёне склаўся асяродак інтэлігенцыі. (Зраблю тут адступленьне. Пад інтэлігенцыяй я разумею людзей, здольных да творчае працы — прадукаваньня новых ідэй, выпрацоўкі новых ведаў. Людзей, якія рэпрадукуюць і трансьлююць гатовыя ідэі і веды, я называю людзьмі разумовае працы.) Гэта ўжо названыя Міхась Гіль, Іосіф Зямчонак, Ігар Пракаповіч, Алесь Гарбуль, а таксама паэт Алесь Касьцень, мастак і паэт Іосіф Атрахімовіч, журналіст Уладзімер Шык… З часам пачала выходзіць і «лынтупская местачковая незалежная газэта» «Беражніца». Пастаўцы выйшлі на кантакт з аднадумцамі з суседніх раёнаў. Зьявіліся рэгіянальныя краязнаўчая газэта «Крэсы», жаночая газэта «Сяброўка», культурніцка-экалягічная газэта «Шыпшына». Гэтыя выданьні ахоплівалі Браслаўскі, Глыбоцкі, Мёрскі, Пастаўскі і Шаркаўчынскі раёны, а «Шыпшына» — дык нават Мядзельскі й Астравецкі раёны.

З часам Міхась Гіль атрымаў у рэгіёне і сярод таварышаў па партыі мянушку Мэдыямагнат. Так — рэгіянальным мэдыямагнатам — назваў яго з экрану тэлевізара сумнавядомы Зімоўскі. Ну, а Зімоўскаму нехта падказаў уставіць гэта ў тэкст.

Тое, што газэты цяпер не выходзяць, залежыць не ад аўтараў і рэдактараў. У любы момант «Сумежжа» ды іншыя выданьні могуць зноў убачыць сьвет: людзі, якія ўмеюць іх рабіць, нікуды не разьбегліся.

З усіх тых малатырыжак і малафарматак я вылучу сёньня краязнаўчую газэту «Крэсы», бо гэта менавіта яна стала калыскаю, зь якое выйшаў…

…часопіс «Нашы карані»

«Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я» — такі падзагаловак маюць «Нашы карані» — вось ужо пяты год выходзіць у Паставах. Фармат — А4. Аб’ём — ад 54 да 66 старонак. Наклад — да 299 асобнікаў.

Я маю 15 нумароў часопісу. Амаль кожны зь іх прысьвечаны пэўнай тэме. Нумар трэці — гэта праца Яські Драўніцкага «Мястэчкі і вёскі Паазер’я». Альшэва, Альшэўскі конезавод, Альшэўскі парк… І ў гэтым жа нумары пра знакамітых людзей Пастаўшчыны і Мядзельшчыны — рэвалюцыянэра Фларыяна Даноўскага, геадэзіста Яна Ходзьку-Барэйку, лекара Юзафа Кавальскага… Пра карані Дзьмітрыя Шастковіча…

Ды што я буду пераказваць? Усяго не перакажаш.

Мажліва, тут варта адзначыць тое, што на старонках «Нашых каранёў» прайшлі апрабацыю ўжо названыя кнігі… І тэматычны №8 вылучым — з працаю Ўладзімера Скрабатуна «Мая Глыбоччына».

А яшчэ «Барвы»

Мусіць, адчуўшы, што ў краязнаўчым часопісе няма месца іншым музам, апроч Кліё (а ці ёсьць муза геаграфіі?), Міхась Гіль наважыўся летась выдаваць літаратурна-культуралягічны часопіс «Барвы».

Тут і вершы, і проза, і нарыс пра пастаўскага каваля-мастака Юр’я Фурса, тут і графіка Стэфана Казлоўскага з Астравецкага раёну, і артыкулы пра інсытнае мастацтва Глыбоччыны і Браслаўшчыны, і аб прыватнай мастацкай галерэі Ады Райчонак. І гэта зьмест толькі першых двух нумароў.

Пытаньні без адказаў

Іншы раз я думаю: чаму гэтыя часопісы выходзяць у маленькіх Паставах, а ня ў Пінску ці Мазыры? Чаму ў Паставах, а не ў старажытным Слуцку ці Наваградку?

Спрыяе ўлада? Анітрохі. Пастаўскія начальнікі звольнілі з працы Міхася Гіля. Яны ж пазбавілі працы Іосіфа Зямчонка. Цяпер гісторык жыве ў Польшчы. Там вывучае архівы і піша пра Пастаўшчыну.

Падбор людзей? Наяўнасьць лідэра? Дапамога грамадзкіх арганізацый?

Ня будзем гадаць. Факт ёсьць фактам: Паставы — адзін зь нямногіх раённых гарадоў Беларусі, у якім ёсьць неказённы культурны асяродак і ствараюцца немалыя духоўныя каштоўнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0