Знакі прыпынку
* * *
Зусім нечаканы для мяне ўспамін Рэваза Інанішвілі пра Віктара Барысавіча Шклоўскага…
В.Б. выступае на мітынгу пратэсту (дзе клеймавалі Амэрыку падчас Карыбскага крызісу) і кажа:
«Урэшце, хай будзе што будзе, толькі да якой пары нам цацкацца з нахабнымі капіталістамі, ударым па іх як сьлед — і прыкончым раз і назаўсёды! Я стары, але гатовы хоць сёньня апрануць шынель!..»
І далей рэмарка Інанішвілі: «У залі знаходзіліся двое маладых мужчынаў (адзін з рукой на перавязі), абодва ўсталі і дэманстратыўна пакінулі залю».
Такое адчуваньне, нібы скрозь вайна… Стары Шклоўскі ледзьве ўжо не ў шынялі, малады мужчына з рукой на перавязі… А дзея адбываецца самым звычайным мірным летам у пісьменьніцкім Доме творчасьці ў Ялце!..
Нечага ў дзеі Віктара Барысавіча Рэваз Інанішвілі не зразумеў… Не заўважыў.
* * *
Кожная з найлепшых кніг тым найлепшая, што ёсьць у ёй з таго, чаго немагчыма прачытаць, што застанецца таямніцай.
* * *
«Толькі ахвяруючы ўсім, можна заваяваць усё!» — прыдумалі футурысты, калі прыйшла рэвалюцыя.
* * *
Клерк зь японскай амбасады раптам кажа мне, што ведае, як па-беларуску «thanks». «Д-зя-куй», — кажа клерк.
Я згадваю беларуса, які на Далёкім Усходзе хадзіў каля Японіі капітанам сэйнэра. Было гэта ў канцы 1980-х, калі пачынаўся крымінальны рыбны бізнэс. Да сэйнэра савецкага швартаваўся ў моры-акіяне сэйнэр японскі — і рыба перавальвалася з борту на борт. Яно і цяпер так робіцца, але ўжо за сапраўдныя грошы, а тады — абы за што, амаль задарма. «Ну, усё?..» — пытаўся чарговы японец, разьлічыўшыся абы-чым. «Не, ня ўсё! — кожнага разу кожнаму японцу адказваў беларус. — Скажы яшчэ «Дзякуй».
— Вы рыбным промыслам ніколі не займаліся? — пытаюся я ў клерка зь японскай амбасады. Той усьміхаецца хітранька:
— Бацька займаўся.
Мусібыць, калі беларусаў карміць дармавой рыбай, дык і яны загавораць па-беларуску.