Баляды году

Баляда студзеня

Студзень бязь сьнегу як луг без травы.

Сёньня Каляды. Ідзём да царквы.

Хто памаліцца, а хто — памаўчаць,

Хто нарадзіцца, а хто — паміраць.

Чорна навокал, нібыта пажар

Тут уздымаўся, як лес, аж да хмар,

Дзе адзінокая зорка цяплела

Сьветлая, быццам Хрыстовае цела,

Што не астудзяць ніколі вятры.

Сёньня ты юны, а заўтра — стары

Будзеш спакойна ісьці да царквы,

Быццам бы сьнег, што нядаўна ляцеў

Лісьцем бялюткім з анёлавых дрэў

У цішыню пажаўцелай травы,

Каб там, зьнікаючы, студзень любіць

Столькі, пакуль сьнег зь нябёсаў ляціць…

Баляда лютага

Пытаецца люты: «Ці добра абуты?» —

І ветрам сьцюдзёным зьдзірае сьнягі

З дарогі, як скуру з вужакі заснутай,

Якой сьветла сьняцца людзкія грахі.

І ты зноў баісься далёка ад хаты

Ісьці праз завейную белую ноч,

Бо ў небе за хмараю нехта рагаты

Зь зямлі не адводзіць задымленых воч,

Дзе з комінаў дым, адлятаючы ў неба,

Віецца над вёскай кудзеляй зь цяпла,

Дзе тонкія нітачкі зімняга срэбра

Уткаліся й сьветла лятуць да сьвятла

Задумлівых зорак, што больш ад марозу

Ня могуць ужо размаўляць між сабой…

Баляда сакавіка

…І трэснуў лёд, як неба, пад нагамі,

І хлынула вада, нібыта з горла кроў,

І папаўзла, нібы зьмяя, за намі

І, бы ў каўчэгі, мы да берагоў

Пабеглі напалохана і дзіка,

Нібы ваўкі, што першы раз агонь

Убачылі, як сьмерць сваю, вялікі

І ўміг забыліся пра весьні гон,

Бо трэснуў лёд, як вечнасьць, пад нагамі

І хлынула жыцьцё, нібы вада,

Халоднае, дзе мы павінны самі

Уцяміць, што ёсьць радасьць, што бяда.

І, як па лёдзе, мы бяжым па сьвеце,

Ня знаючы, што нас чакае там

За дальлю белай, дзе вясна і вецер,

І чорны лес, і белы-белы Храм…

Баляда красавіка

Вярнуліся птушкі з далёкіх краін

І толькі дамоў не прыйшоў ты адзін,

Бо дому няма — яго змыла вадой,

Самотна-вясновай, нібыта сьлязой.

І бачылі людзі, як дом твой сплываў

У сьвет, як каўчэг, паміж дрэў, нібы траў,

Высокіх і чорных, як цень ад бяды,

І крыгі плылі, як Харону лісты…

І людзі глядзелі на мора-ваду,

І кожны маліўся — палохаў бяду,

І сонца ўзыходзіла па-над зямлёй

Вялікай і сьветлай малітвай людзкой.

І там, дзе твой дом адзінока стаяў,

Успыхнулі кветкі сярод жоўтых траў,

Нібыта вугольле забытых кастроў,

Нібыта самота пражытых гадоў…

Баляда траўня

Трава, як агонь, прарастае праз тло

І, нібы віно маладое, сьвятло

Душу тваю хмеліць да крыку, да сьлёз.

А неба самотнае, нібы Хрыстос,

Глядзіць на траву, што нібыта цьвікі,

Старое лісьцё прабівае наскрозь

І выюць вятры — маладыя ваўкі,

Што кроў тут адчулі — на травах расу,

Якую з травы твае ногі страсуць,

Калі ты зноў выйдзеш на луг, як у сьвет

Трава, што агнём прарастае праз тло,

Каб тло зноў згубілася ў новай траве

І кветкамі, нібы агнём, зацьвіло…

Баляда чэрвеня

Пачынаецца лета, нібы адзінота

Зноў спрабуе спакойна напомніць табе,

Што цяпер ад жыцьця не схавацца за плотам,

Бо схавацца — нібыта ўтапіцца ў журбе

Па мінулым, якое травой зарастае.

І нічога назад не вярнуць, што было.

І ў твой сад залятае пчала залатая

І зьбірае густое на кветках цяпло.

І глядзіш ты на кветкі, і ўжо адчуваеш,

Што ўжо хутка і чэрвень, як дзень, праміне,

І ў гаі салавей, бы памрэ, адсьпявае,

І, як сьпелая вішня ў блакітным віне,

Сонца ў небе сплыве ў небакрай за лясамі,

І ты будзеш спакойна свой сьвет абжываць,

Што абмыецца заўтра дажджом, як сьлязамі,

І ня будзе калі па былым сумаваць…

Баляда ліпеня

Купальскія вянкі плывуць па рэчцы,

А кветку-папараць ты не знайшла.

І хоць гавораць: «Час усё залечыць…» —

Табе адной, бы ўзімку да жытла,

Вяртацца неахвота ў адзіноту

Прыгожую, як з чорных сьліў віно

У крышталёвай ружы, што як зь лёду,

Якую кінуць хочацца даўно

Аб сьценку, за якой сьвятло і воля

І дзе купальскія вянкі плывуць

У сьвет, каб не зьявіцца ўжо ніколі

У гэтым краі, дзе даўно жывуць

Самотныя, прыгожыя дзяўчаты,

Што кветку-папараць шукаць ізноў

Наступным летам выбегуць крылата

І, не знайшоўшы, вернуцца дамоў…

Баляда жніўня

Пасьпелы яблык падае на дол,

Нібыта кропля сонечнага лета.

Сьвятла на кроплю менее наўкол.

Як сьпелы яблык, як сьляза паэта

У бездань часу, дзе няма сьвятла,

У бездань часу, дзе ня будзе ночы

Ляціць сьвятло, а ноч ужо была…

І неба сумнае, як нашы вочы,

Бо лета адыходзіць назаўжды,

Як жоўтая лістота, адлятае

Праз туманы, празь вецер, праз дажджы,

Праз поле, дзе салома залатая,

Дзе ў восень ты ідзеш, як у агонь,

Што дзесьці за гарой, нібы за сьветам,

Дзе п’е ваду з ракі чырвоны конь

І сонца плавіцца ў вадзе, як лета…

Баляда верасьня

Верасамі пахне раніцою вецер.

Сьцежкі ўсе грыбныя засталіся ў леце,

Як у памяці тваёй сьвятлынь-дарога

У бацькоўскі дом, дзе ўжо няма нікога,

Дзе каля акна чырвоная каліна

Сьветлая, нібы цяпер твая Айчына,

Дзе спакусна пахне вецер верасамі,

Дзе ў нябёсы сумнымі, як сьвет, вачамі

Ты глядзіш і бачыш — птушкі, як былое,

Пралятаюць, павуціньне залатое

Абрываючы, што сонца перад намі

Распусьціла, каб знайшлі мы самі

Сьцежкі і дарожкі да сваёй Айчыны,

Дзе заўсёды сьветла й горка ад каліны…

Ты ідзеш праз поле, за табою вецер,

І здаецца, анікога ў цэлым сьвеце

Больш няма…

Баляда кастрычніка

Ты ідзеш праз поле, за табою вецер,

А ў нябёсах хмары, сонца сонна сьвеціць,

Быццам дагарае, быццам памірае,

І ў траве зжаўцелай вечар прарастае

З кропель дажджавых, нібы з апалых зорак.

Нібы векавы курган, далёкі ўзгорак

Прад табой віднеецца, плыве ў тумане,

І глядзіш праз хвілю — ён як дзень растане.

І дамоў ты прыйдзеш, і сустрэне ціша,

І Хрыстос табе ўсьміхнецца з крыжа…

Баляда лістапада

На могілкі ідзеш нясьпешна да дзядоў,

Нібы з парэзанае вены выцякае кроў,

І вечнасьць, як самота восеньскія сьцежкі,

Спакойна напаўняе выстылыя вены,

І дрэвы чорныя, нібыта галавешкі,

І помнікі, нібы разбураныя сьцены,

Перад табой, дзе ты ні разу шчэ ня быў,

Нібы ў жыцьці не сумаваў і не любіў

Ніколі ты пад гэтым небам, што як тло,

Дзе зоркі, нібы ў попеле начным вугольле,

Якое асьвятляе тое, што было

І ў гэтым сьвеце не паўторыцца ніколі,

Як гэта восеньская сцежка да дзядоў,

Дзе лісьце як агонь,

дзе лісьце нібы кроў…

Баляда сьнежня

Як сусьветны патоп, зь ветрам сьнег.

Як сусьветны пажар, лістабой

У сьнягах патанае з журбой

І ўсплывае над сьнегам, як сьмех

Над самотай, якая была

У лістоце, якой не ўзьляцець,

Бо ў лістоце замерзлая медзь

Да сьсівелай травы прырасла,

Па якой дабірацца дамоў

Праз завею, нібы праз патоп,

Дзе над гурбамі поўня, як сноп

Залаты, усплывае ізноў

З-за лясоў, як зь мінулых гадоў,

Што на гэтай нам роднай зямлі

Са сьнягамі вясной адплылі

У бязьмежжа й бяздоньне вякоў,

Над якім завеі шумяць,

Бы анёлы і д’яблы ляцяць…

8.01.2005 — 31.01.2005

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0