Ці ведаеце вы, якую ваду лепей піць: багатую на натрый і кальцый ці нізкамінэралізаваную? З калодзежу ці з бутэлькі?

За першую палову 2005 г. сярэдні беларус выпіў аж восем літраў мінэральнай вады. Прычым усё больш людзей асьцерагаюцца вады з крану. Праўда, зь сёньняшнімі тэхналёгіямі можна з самай паскуднай жыжкі зрабіць чыстую, бясшкодную для здароўя ваду, але толку, калі ў выніку яна акажацца чышчанай-перачышчанай хімікатамі, хляраванай і пазбаўленай каштоўных мінэральных рэчываў? А ў вялікіх гарадах будзе яшчэ і агідная на смак.

Лепш карыстацца бутляванай вадой. Яе не ачышчаюць хімічна (толькі абезжалезьваньне і насычэньне двухвокісам вугляроду). Дзякуючы гэтаму ў ёй захоўваюцца газы, іёны, мінэральныя і арганічныя злучэньні. Вартасьць і склад вады вызначаюцца, сярод іншага, працягласьцю шляху, які яна праходзіць пад зямлёй, глыбінёй, на якой выступае, тэмпэратурай і ціскам у пласьце. Найлепшай зьяўляецца вада, якая паходзіць зь вядомых крыніц са шматгадовымі традыцыямі. Выдатная якасьць у вады з крыніцаў, якія самі выцякаюць зь зямлі — як, напрыклад, «Баржомі».

Якая ж розьніца паміж вадой алігацэнавага пэрыяду з бутэлькі і зь вясковага калодзежу? Вытворца бутляванай вады абавязаны падаць яе склад на этыкетцы, якасьць такой вады лепш кантралюецца і яна мае даўжэйшы тэрмін захоўваньня — 12 месяцаў, у той час як ваду з студні неабходна выпіць на працягу 48 гадзін.

Лепей бяз газу

Беларусы ўжываюць пераважна газаваную ваду, хоць у Эўропе 80% спажыванай вады складае негазаваная. Вячаслаў Бядулін, доктар мэдычнага цэнтру «Антэс», пацьвярджае: «Лепей піць ваду бяз газу: газ раздражняе тканкі страўніка і ўзбуджае нэрвовыя канчаткі на яго сьценках, што павялічвае смагу. У астатнім кожны можа выбіраць ваду, якая яму больш даспадобы. Аднак усё адно трэба быць уважлівым. Калі на бутэльцы напісана «крынічная вада», гэта не азначае, што яна прыдатная для ўсіх: у ёй могуць быць солі цяжкіх мэталаў, што непрымальна для хворых на язву дванаццаціперснай кішкі. Людзям з захворваньнямі лепш за ўсё зьвярнуцца па параду да гастраэнтэроляга. У нас у цэнтры стаіць «Жодзінская» мінэралка. Сам я апошнім часам аддаю перавагу «Вяйнянскай крыніцы».

Вады можа быць замнога

Пры павышаным ціску, хваробах нырак ці праблемах з кровазваротам ня варта піць ваду з завялікім утрыманьнем натрыю, паколькі ён выклікае рост крывянога ціску і назапашваньне вады ў арганізьме.

Вада з залішнім утрыманьнем ёду не падыходзіць людзям з павялічанай шчытападобнай залозай. Хоць, як было сказана, больш карысная для здароўя вада бяз бурбалак, газіроўку варта піць пасьля фізычнага напружаньня, бо яна, сярод іншага, павялічвае выдзяленьне мачы, зь якой выводзяцца таксіны. Піць варта часта малымі порцыямі (100—150 мл), бо тады вада добра засвойваецца, а не «працякае» праз арганізм.

Пры спакойным ладзе жыцьця і добрым здароўі лепш за ўсё піць ваду нізка ці сярэднемінэралізаваную. Іншым разам, асабліва падчас сьпёкі, стрэсу ці напружанай працы, можна зьвярнуцца да высокамінэралізаванай вады, якая рэкамэндуецца таксама спартоўцам.

Пры лячэньні хвароб сэрца, стрававальнай і дыхальнай сыстэмы, нырак і мочавыводных шляхоў, прафіляктыцы карыёзу зубоў і нават паўнаце карыснымі будуць лячэбныя гатункі вады. Іх можна купіць у некаторых аптэках і крамах.

Мінэралы ў бутэльцы

Калі мы стаім у краме перад стэляжом з бутэлькамі вады, мы звычайна кладзём у кошык любую, якая трапіцца пад руку. І нават не падумаем прачытаць на этыкетцы яе мінэральны склад. А вада вадзе ня роўная.

Вось як узьдзейнічаюць на арганізм розныя хімічныя элемэнты.

Бром — робіць заспакаяльнае ўзьдзеяньне і паляпшае сон.

Ёд — неабходны для выпрацоўкі гармону шчытападобнай залозы.

Жалеза — уваходзіць у склад гемаглябіну, неабходнае для транспартаваньня і назапашваньня кіслароду.

Калій — рэгулюе водны балянс, паніжае крывяны ціск, стымулюе работу цягліцаў і нэрваў, падтрымлівае належную вільготнасьць скуры.

Кальцый — бярэ ўдзел у працэсе згусаньня крыві, паніжае ўзровень халестэрыну, уваходзіць у склад зубоў і костак, папаўняе ўтрыманьне мінэралаў у клетках скуры, робіць на скуру проціалергеннае ўзьдзеяньне, суцішае раздражненьні.

Магній — каталізатар многіх фэрмэнтаў, спрыяе правільнай рабоце сэрца, цяглічай і нэрвовай сыстэмы, абараняе скуру.

Натрый — рэгулюе водны балянс, паляпшае кровазабесьпячэньне скуры.

Стронцый — павялічвае супраціўляльнасьць хваробам кровазвароту.

Сэлен — процідзейнічае хваробам печані, запавольвае працэс старэньня, засьцерагае ад ракавых пухлін, паляпшае кровазварот, паніжае ўзровень халестэрыну, аблягчае працяканьне мэнапаўзы.

Фосфар — уваходзіць у склад костак, зубоў, аблягчае зрошчваньне пераломаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0