Выйшаў дэбютнік рок-гурту «Тарпач», пераможцы «Басовішча»-2004.

Ёсьць такія людзі, якія зацята робяць тое, што ім падабаецца. Насуперак усяму і не зважаючы на перашкоды. Вакалістка групы «Тарпач» Сьвятлана Сугака (на фота) — якраз з такіх. Нават назва групы кажа сама пра сябе. «Мы як той корч, што ляжыць на прыбраным агародзе. Таму і абралі такую назву — невядома адкуль узяліся, ляжым тут насуперак усім правілам», — так тлумачыць выбар назвы Сьвета.

Некалькі год таму яна напісала першыя свае беларускамоўныя песьні — дзеля цікавасьці. Як зайгралі, адчулі, што гэта іхняе.

На першым сваім «Басовішчы» ў іх нешта не заладзілася, і сябры журы маладой каманды нават не заўважылі. Але налета «Тарпач» падрыхтаваўся як сьлед і атрымаў права на запіс альбому — той самы прыз, пра які марыць кожны канкурсант «Басовішча».

«Тарпач» на сцэне трэба бачыць. Нават калі вы не зьяўляецеся прыхільнікам падобнай музыкі, «тарпачоўская» віхура вас усё роўна падхопіць. «Хутчэй! Забяры мяне адсюль, пакуль яшчэ дыхаю я», — запальвае Сьвета, самы экпрэсіўны вакал у нашай рок-музыцы.

У жніўні ў дыскарнях нарэшце зьявіўся дэбютнік гэтай каманды пад назвай «Усё будзе…». З гэтым альбомам выйшла непрыемная гісторыя. Прадстаўнік польскай фірмы, што мелася аплаціць запіс альбому, нечакана зьнік пасьля таго, як усе песьні былі запісаны. Музыкі ўжо пачалі зьбіраць грошы, каб выкупіць уласныя песьні, але тут знайшоўся польскі анёл-заступнік беларускіх музыкаў Ігар Знык. Дзякуючы яму мы можам пачуць першы альбом «Тарпача».

Корч на агародзе

«Нам шмат чаго не падабаецца ў гэтым сьвеце, — кажа Сьвета, — але мы гэтаму не скарымся». На альбоме ў адной зь песень рэфрэнам гучаць словы «Ўсё будзе дрэнна», але ў апошняй песьні Сьвятлана сьцьвярджае адваротнае. «Усё будзе добра!» — сьпявае яна. «Кожны сам вырашае, як у яго ўсё будзе, у залежнасьці ад таго, ці прыкладае ён якія-небудзь намаганьні. Кожны чалавек, калі будзе намагацца, можа зьмяніць свой лёс і сытуацыю вакол сябе». Сьвятлана называе сябе аптымісткай, бо па-іншаму ў сёньняшніх варунках ня выжыць. Хоць па праслухоўваньні дыску гэтага ня скажаш — надта ўжо жорстка і нярадасна месцамі ён гучыць. Сьвета з гэтым пагаджаецца: «Магчыма, большую частку нашых песень нельга назваць аптымістычнымі, але ўся праграма жыцьцёвая, і там ёсьць надзея, што ня ўсё так безвыходна».

Сэкс, наркотыкі і палітыка

Сярод асноўных тэм, што гучаць у песьнях, — палітыка. «Не хацела б сьпяваць пра гэта. Але задаюся пытаньнем: «Хто, калі ня я?» Я выказваю сваё стаўленьне да жыцьця, і палітычныя справы таксама не даюць мне спакою. Хацелася б, каб сытуацыя ў краіне нармалізавалася, каб гэтае пытаньне само па сабе адпала. «Наш прэзыдэнт — супэр», — сказала б я са сцэны і сьпявала б пра іншыя рэчы. «Іншыя рэчы» — адносіны паміж людзьмі, сэкс і наркотыкі. Перадапошняе лепшае за апошняе, пра гэта пяецца ў песьні «Шышкі ганджубасу».

Сьвету часта называюць фэміністкай, але яна з гэтым не пагаджаецца: «Шмат чаго мне не падабаецца ў мужчынах, пра што я адкрыта выказваюся, але я не настолькі катэгарычная ў гэтым пытаньні».

Агрэсіўная на сцэне і мяккая па жыцьці

Сьвета — агрэсіўная на сцэне, але мяккі і ветлівы чалавек па жыцьці. «Агрэсія назапашваецца ў кожнага чалавека, трэба ж яе кудысьці выкідаць: хтосьці забівае, а хтосьці сьпявае. Спадзяюся, слухачы на нашых канцэртах таксама скідваюць сваю энэргію. Часам дзіву даюся, што ўсе жывыя, — так танчаць!»

Яна вучыцца ў пэдунівэрсытэце, будзе выкладаць музыку і харэаграфію ў дзіцячым садку. Хоць і ня надта ўпэўнена, што будзе працаваць па спэцыяльнасьці. Рок-музыка для яе ўсё, хоць знаходзіцца час на працу (тэхрэдактар у «Экспресс-новостях»), скачкі на батуце, вясёлыя кампаніі і размовы ўначы. Яе вабіць Піцер зь яго Нявой, мастамі, дахамі і лёгкім паветрам, але зьяжджаць нікуды не зьбіраецца і хоча тут нарадзіць свайго сына. Іграць тут, праўда, не заўсёды ўдаецца. «Тарпач» часта выступае ў Польшчы, бо ў Менску (а тым больш у іншых гарадах) складана зладзіць выступ. Але Сьвета не наракае: «У нас ёсьць магчымасьць іграць, паказваць свае песьні людзям, даносіць сваю ідэю».

ДЫСКАГРАФІЯ

Усё будзе…

«Тарпач». — «БМА-груп», 2005

Яркі прадстаўнік генэрацыі ХХІ ст., «Тарпач» мае ў сваёй праграме вострасацыяльныя песьні зь бескампрамісным падыходам («Усім ціха»), правакацыйныя («Шышкі ганджубасу»), паранаідальныя («Не ўратуеш»). Цікавасьць выклікае трэк №3 «Радыяцыя» — ня так часта зьвяртаюцца беларускія рокеры да гэтай тэмы. Як для старту — выдатна. Але не знайшоў пакуль «Тарпач» пэрсанальнай музычнай «разынкі». Некаторыя свой фірмовы саўнд знаходзяць адразу (згадайма «Краму», «J-Mорс» ці «B:N»), некаторыя б’юцца, але і з другім, і з трэцім альбомам выдаюць шэрую музычную карціну.

Пажадаем «Тарпачу» большай разнастайнасьці і больш стараннай працы з вакалам.

Акрамя дзевяці песень, на дыску разьмешчана багата фатаздымкаў групы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0