З разьбегу, з раскруту, з расскоку

* * *

Даруйце тое,

Што немагчыма

Было б дараваць

У цьвярозым стане,

Даруйце тое,

Што не мужчына,

Ды цешу позірк

На Вашым стане,

Што адчуваю

На вуснах нават

Ня подых Ваш,

А трымценьне цела,

Што ў паху ўсіх

Луговых траваў

Знаходжу водар

Цябе сьпелы…

* * *

Прыходзь да мяне ўвечары,

Мы будзем запальваць сьвечы…

Рызьзё ападзе з плеч маіх…

І ў рытмах

уласных

вершаў мо

Ты будзеш — які ўжо раз! — першы мой.

* * *

Паміж мной і пустэчай

Ты выбіраеш пустэчу.

Ты вар’-я-цееш!!!

Бо пустэча — гэта і ёсьць я

Безь цябе.

* * *

Упершыню заўважыла,

Што ад тваіх лістоў

Можа быць цёпла і сьветла.

Шкада,

Што для гэтага

Спатрэбілася

Запалка.

І мы

Гартаем твае лісты —

Агонь і я.

* * *

Цёмныя калідоры —

Дух маіх лябірынтаў.

Сонная параноя,

Перасьлед пацукоў.

Мы з табою на заўтра

Адкладаем каханьне,

Мы з табою на ўчора

Пакідаем жыцьцё.

Падбяруся пад саван

(Хоць бы проста сагрэцца) —

Час застыў на ўваходзе,

Час кідаць камяні

Ў грэшных і непакорных,

Любых і ненавісных —

Пакаштуй несьмяротнасьць

Зь дзіркай у галаве.

Чорнасьць — сотні адценьняў

(Наглядзецца няможна) —

Мы з табою на сёньня

Выбіраем спакой.

* * *

З разьбегу,

З раскруту,

З расскоку

Высьлізгваю з рук тваіх.

Ты будзеш маім урокам,

Я буду адной зь іх,

Шалёнай і дзёрзкай,

Дрыготкай,

Нястрыманай і — чужой.

Ірвуся ў жыцьцё тваё готыкай

І стыну

У ім

Імжой.

І жоўтымі лапамі клёнаў

Душу тваю зноў лаўлю.

І зьлізваю вільгаць салёную.

Вечар. Шапэн. Прэлю-

Ды-я. Op28 №4.

* * *

Красамоўна

Маўчу словамі!

Але ўсё пра мяне

Знойдзеш

У знаках прыпынку

«by me» —

У знаках руху

І знаках лятанку.

Ну што — далася табе ў знакі?

* * *

Паглядзі

на мае

вусны —

Ці прыгожы, ці спакусны?

Ці такія любіць

будзеш?

Ці такія ўраньні

пабудзіш?

Зазірні

у мае

вочы —

ці пра цноту начэй

змоўчаць?

Ці чароўныя іх

зёлкі

не рассыплюцца на

золку…

Паглядзі

на мае

рукі —

ці пяшчотныя ў іх

рухі?

Ці ня поўхамі іх

цешу?

Ці ня пішуць яны

вершаў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0