Гданьск — гэта горад-музэй, у якім цяжка не ператварыцца ў экспанат. Гданьск — горад-фотамадэль. Але таксама места, дзе можна ўсмак пакаштаваць «рдзэнна польскего» ладу жыцьця.

«Што незвычайнага ў сьценах гэтага гораду, якая таемная сіла, што кожны візыт у Гданьск пакідае ў нас надоўга непазбыўныя пачуцьці і мы марым вярнуцца сюды і пабыць яшчэ нямнога?» Цалкам у адпаведнасьці са словамі з падарожнага даведніка па Гданьску, пасьля таго як я трапіў аднойчы на тры гадзіны ў старажытную сталіцу Паморскага ваяводзтва Польшчы, моцна карцела спазнаць яе бліжэй. Сёлета ўдалося прабавіць тут тыдзень.

Фэст

Да гораду мы ехалі не наўпрост — паводле турыстычных мапаў, адлегласьць ад Менску да Гданьску 760 км, — а з заездам у Беласток. Прычына кола ў тым, што час нашае выправы супадаў з другім днём фэсту «Басовішча». На «Басовішчы» ж, у Гарадку, мы спаткаліся зь мясцовым беларусам — спадаром В., які гасьцінна прытуліў у сябе на ноч.

Мая жонка, якая дагэтуль ня бачыла такое колькасьці беларускамоўных людзей і беларускіх сьцягаў у адным лесе, уражвалася: «Дзеля таго каб адчуць сябе беларусамі, ім трэба выяжджаць за мяжу».

Шыкоўны гук відовішча азмрочыўся хіба што асобнымі прамоўцамі — як з маладых каманд, так і мэтраў, — калі паміж песьнямі зь іх не заўжды цьвярозых вуснаў хоцькі-няхоцькі зрывалася расейская лексыка. Часам лепш сьпяваць, чым прамаўляць.

За дзьве гадзіны ночы, пераступаючы ў цемры церазь нерухомыя целы палеглых у лесе суайчыньнікаў, прабіраемся да аўто. «Гэта ўжо «Бясовішча», — заўважае нехта. Гэтак жа асьцярожна абмінаем пастку дарожнае паліцыі, якая, паводле слоў нашага дабрадзея, на памежнай тэрыторыі выконвае пляны «з дапамогай» машын зь беларускімі нумарамі.

Ва ўтульнай беластоцкай кухні пад пляшку «Крамбамбулі» гамонім з гаспадаром пра літаратуру і лёс дыяспары. «На думку палякаў, нас тут быць не павінна», — з сумам падсумоўвае спадар В.

«Кантар», або Своечасова здавайце валюту

Пры пад’езьдзе да Гданьску выявілася, што ў гатэлі і на аўтазапраўках адмаўляюцца абслугоўваць за эўра ці даляры (40 літраў гарадзенскага 92-га аказаліся ня вечнымі — далей трэба было залівацца «эўрапалівам», даражэйшым на 50 цэнтаў за літар). На пытаньне, дзе тут найбліжэйшы абменьнік — «кантар», — пачулі ляканічнае: у дворцы. Гэта ня значыць — у суседнім дворыку. Па-польску «дворэц» — гэта вакзал. Там месьцяцца прывакзальныя касы, «Макдональдз», адзіная дзяжурная аптэка (у такі «позьні» час цэны ў ёй падскокваюць адсоткаў на 30) і адзіны ж кантар, што працуе ўвечары. Здавалася неспасьцігальным, чаму ў паўмільённым горадзе «кантары», як і большасьць крамаў (апроч алькагольных), працуюць да 17-й гадзіны ў суботы і да 19-й у працоўныя дні. Але нашто эўрапейцу тыя кантары, калі ёсьць кругласутачныя банкаматы? І ці дасьць ён веры, што ў адной суседняй краіне набыцьцё аўто і кватэр дагэтуль адбываецца за наяўныя?

Сёй-той задасца пытаньнем: як гэта які-небудзь прыватнік не дацяміць адчыніць начны «кантар» альбо харчовую краму? Але тое наўрад ці мажліва, бо яно будзе сур’ёзным парушэньнем польскага ладу жыцьця.

Лад жыцьця

Яму падпарадкоўваюцца ўсё і ўсе, рыхтык націскі на перадапошні склад у польскай. Ад яго павявае здаровай патрыярхальнасьцю: палякі рана ўстаюць і рана кладуцца, іх дамкі па-хобіцку дагледжаныя, іх дворыкі стракацяць кветкамі і ўсімі магчымымі бусьлікамі, млынкамі, фантанчыкамі і да т.п. Вечарамі жанчыны вышываюць крыжыкам, а мужчыны вырашаюць за куфлем глябальныя праблемы.

Уікэнды — «ад прыбіральшчыцы да банкаўскага службоўца» — ашчаджаюцца выключна на сябе і на свой адпачынак (ясна, не на градках). У выходныя нясьпешныя калёны машын з роварамі ці дошкамі для сэрфінгу на дахах цягнуцца да «можа» ці «гураў».

Урэшце вобраз паляка супаў з маім стэрэатыпным уяўленьнем пра ангельцаў. Ці гэта рысы ўсялякага «абывацельскага» грамадзтва? І як сымбаль гэтаму — грандыёзны сьметнік амаль у цэнтры Гданьску…

Але, перапрашаю, я захапіўся. Здаўшы-такі валюту, мы выправіліся на пошукі жытла. Даволі хутка высьветлілася, што жаданы «агратурызм» нам ня сьвеціць. Гаспадары сымпатычных хатак, на якія мы разьлічвалі (так-так, з бусьлікамі і млынкамі), пакрыўджана скіроўвалі нас да шматпавярховікаў з шыль-дамі «танныя начлегі»: маўляў, у нас пакоі ніхто не здае. У такім гатэлі (непадалёк ад порту й гарадзкое звалкі) з графіці на сьцяне «Польшча для палякаў» мы й спыніліся. Зранку нас чакала першая выправа ў Горад.

Горад

Гданьск — гэта горад-музэй, у якім цяжка не ператварыцца ў экспанат. У ім зблытваюцца ўсе стылі да такой ступені, што гэта ўжо няможна назваць эклектыкай. Непадрыхтаваны будзе загіпнатызаваны, працяты готыкай, сьціснуты ў абдоймах рэнэсансавымі камяніцамі й раструшчаны дахоўкавым ракако. Гданьск гіпнатызуе, заклікаючы да «зьдзяйсьненьня нематываваных актаў хараства» (БГ).

Гданьск — горад-фотамадэль. Індзейцы ўпэўненыя, што кожнае фота адбірае ў чалавека кавалак душы. Зафотканае места траціць сваю самасьць. Мастакі, што вымалёўваюць яго па частках, сьціраюць яго сапраўдныя рысы, размываюць яго аблічча…

Няма сэнсу пераказваць гісторыю тысячагадовага Гданьску. Словаў з падарожнага даведніка пра шматпакутны і слаўны горад будзе замала. Гораду, які пабыў і Гданьскам, і Данчыгам, і зьведаў першыя атакі Другой сусьветнай з далейшым вызваленьнем-рабаваньнем Саветаў, і быў калыскай Фарэнгейта і Шапэнгаўэра, насамрэч не патрэбен ніякі «гістарычны кантэкст». Ён стаіць як помнік сваім жыхарам, якія заўжды былі яго закладнікамі.

Месьцічы

Мусіць, як і месьцічы ўсіх гарадоў-музэяў, жыхары Гданьску падчас несупынных вакацыйных сьвятаў («ярмаркаў») імкнуцца зьехаць з гораду. Мясцовы тыднёвік «Echo miastа. Trуjmiasto» (Гданьск разам з суседнімі прыморскімі Гдыняй і Сопатам утвараюць адзіны канглямэрат «Trуjmiasto», «Трыгарад») загадзя папярэджвае пра перакрытыя вуліцы і мажлівасьці аб’ездаў. Тут жа прыводзіцца статыстыка — «Кірмаш у лічбах»: 3500 выканаўцаў было задзейнічана цягам трох апошніх тыдняў, падрыхтавана 500 конкурсаў для дзяцей, 150 фолькавых ці рокавых канцэртаў, 2,7 млн чалавек наведалі гданьскія сьвяты летась…

Калі ўцячы не ўдаецца, сталыя месьцічы пахмурна жлукцяць піва ў засені шматлікіх сквэраў Труймяста. Маладзёны скейтбордамі, роварамі й ролікамі выпрабоўваюць трываласьць бардзюраў. Альбо расьпісваюцца графіці на старажытных сьценах. Шмат разоў даводзілася чуць ад мірнага выгляду дзяўчат расейскую лаянкавую лексыку. Ніякавата паціскаюць плячыма, калі, крый божа, няправільна ставіш націск у слове. Гандляры, прымаючы нас то за чэхаў, то за расейцаў, на наша «дзякуй» адказваюць «спасіба».

На Каралеўскім тракце — галоўнай вулцы гораду, што лучыць Зялёную і Залатую брамы, — безьліч папрашаек. Тынэйджэрка просіць грошай на экспэдыцыю ў Гімалаі, сталая кабета — для «хворых гданьскіх дзяцей», абшморганы дуэт зацягвае тэнарам-басам «Очи черные»… Першага папрашайку ў Польшчы мы сустрэлі ў Грудку, на «Басовішчы». Хлопец гадоў 18 артыстычна канькаў на піва «для беднага панка». Убачыўшы на каўнеры бел-чырвона-белы значок, ён зароў: «Здушым дыктатуру!»

Пра дыктатуру

Першыя тры дні нашае вандроўкі ўсе радыёнавіны пачынаюцца з асьвятленьня дыпляматычнага скандалу. Як другасныя ідуць паведамленьні пра забастоўку гарнякоў і адтэрміноўку старту шатла «Дыскавэры». З рэпартажаў даведваемся пра 12-хвілінны сюжэт па БТ пра «шпегаў-дыпляматаў». Польскія аналітыкі разьбіраюць артыкул у «Советской Белоруссии». Гучаць фразы накшталт «апошні дыктатар Эўропы», «антыдэмакратычны рэжым» і да т.п.

Да нашых, яшчэ бел-чырвона-белых, нумароў — невыказны інтарэс: некалькі разоў са спадарожных машын нам прывітальна выкідаюць «victory».

Польскія дарогі

Яны, як выявілася, бываюць ня толькі добрыя. А часам — і вельмі нядобрыя. Што праўда, акрамя асфальтавага, іншага пакрыцьця не сустракаў.

Міт і тое, што для падарожжа па Польшчы ня трэба мапаў. Указальнікаў сапраўды да халеры, але праз тое й нявыкрутка: яны паказваюць не аптымальныя, а ўсе мажлівыя шляхі. Найлепш зьвярацца з нумарам шашы і зь месьцічамі (каб хоць два ўказалі адзін напрамак — яны таксама могуць блытацца ў паказаньнях). Ні ў якім разе нельга збочваць з буйных магістраляў. Тое, што на мапе выглядае як нармальная і карацейшая дарога, насамрэч можа аказацца сэрпанціністай вузкакалейкай.

За ўвесь час бачыў адно дробнае дарожнае здарэньне. Было тое выходным днём у велізарным заторы на Варшаўскай трасе. Палякі кажуць, што мінімум парушэньняў на іх дарогах вынікае зь велізарных сумаў штрафаў (напрыклад, за няправільны паварот плаціцьмеш 250 злотых — каля 75 даляраў). Адпаведна — кіроўцы не «эканомяць» на сыгналах павароту й блізкім сьвятле. На польскіх дарогах сьпярша ня можаш прызвычаіцца да таго, што варта паказаць паварот, як табе адразу саступаюць. А па вяртаньні пэўны час мусіш звыкацца з нашай «добразычлівай атмасфэрай».

Дым Айчыны

Да Кузьніцкае мытні пад’яжджаем апоўначы пад беларускамоўны кавэр на матыў песьні «Лёнданскі дождж», што трансьлююць па радыё «Беласток». Санлівыя мытнікі амаль без надгляду прапускаюць уцекачоў з «абывацельскага грамадзтва». Расчыніўшы форткі, расчулена ўдыхаем салодкі дым гарадзенскіх заводаў. Ды ну яе, снобскую й прадказальную Эўропу!..

На чэзла асьветленай аўтазапраўцы, чакаючы хвілін зь дзесяць касірку («Што, чэлавек у туалет схадзіць не можэт?»), назіраю, як чатыры пацаны пад заахвочвальны дзявочы візгат мяцеляць нейкага таксіста. Вэлкам хоўм.

Анатоль Івашчанка — сакратар Саюзу пісьменьнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0