Што зрабіць, каб 10-гадовае дрэва выглядала так, нібыта яму 150 год? У чым ідэал прыгажосьці бансай? І з чаго пачаць гэтую садаводчую прыгоду?

Мода на мініятурныя дрэўцы апанавала плянэту. Японцы ахвотна падразаюць свае традыцыйныя сосны і вішні, бансаісты ў Афрыцы гадуюць карлікавыя баабабы, а беларусы — грабы, клёны ці ядловец.

Само слова «бансай» у вольным перакладзе зь японскай азначае «дрэва на падносе». Разьмешчаныя ў неглыбокім вазоне прыгожыя і даўгавечныя дрэўцы — вынік шматгадовай працы і намаганьняў. У Японіі яны лічацца каштоўнымі творамі мастацтва і перадаюцца ў спадчыну з пакаленьня ў пакаленьне. Самыя даўнія пісьмовыя зьвесткі пра адмыслова выгадаваныя мініятурныя дрэўцы паходзяць з Кітаю (каля 400 г. н.э.). Двумастамі гадамі пазьней гэтае мастацтва перанялі японцы і на працягу стагодзьдзяў давялі яго да дасканаласьці. Адсюль бансай рушыў на пакарэньне сьвету. У Эўропе гэты фэномэн быў прадстаўлены на Сусьветнай выстаўцы ў Парыжы толькі ў 1878 г.

Назіраючы за прыродай

Сапраўдных майстроў мастацтва бансай яднае незвычайная пільнасьць, зь якой яны прыглядаюцца да прыроды. Яны кажуць: «Перш чым пачнеш гадаваць дрэва, мусіш добра зь ім пазнацца. Кожная расьліна непаўторная. Шукаючы крыніцы натхненьня, прыглядайся да дрэў — старых дубоў, сосен, што змагаюцца зь ветрам, ядлоўцу, што ўчапіўся за прыбярэжную скалу. Гэта ўзор для бансаю. Уяві сабе, як менавіта павінна выглядаць тваё дрэўца, а потым гадуй яго цярпліва, аналізуючы кожны крок. Ніколі не вырошчвай яго насуперак прыродзе. Калі ў цябе няма ўяўленьня і сэрца для расьлін, не бярыся за гэтую справу…»

Зрэшты, прынцыпы вырошчваньня бансай — не дагматычная інструкцыя; гэта падказкі, якія пакідаюць аўтару шырокае поле свабоды.

Назіраньне за прыродай прывяло да ўзьнікненьня разнастайных стыляў бансай. Калі абрысы дрэўца набліжаны да трохкутніка, гэта выпрастаны стыль; мяцёлчаты — калі дрэўца мае густое лісьце і крону ў форме паўшар’я; каскадны — калі імітуецца дрэва, што ўчапілася за прыбярэжную скалу. Група дрэўцаў бансай можа таксама сымбалізаваць мініятурны лес.

Дэталь японскага саду

Аматары бансай вырошчваюць ня толькі клясычныя, элегантныя мініятуры ў гаршках для аздабленьня аранжарэй і тэрас. Усё большым попытам карыстаюцца таксама экзэмпляры для высаджваньня ў грунце, якія часьцей за ўсё ўпрыгожваюць сабой сады ў японскім стылі. Працэс гадаваньня дрэўцаў працягваецца ад двух-трох да дзясятка зь лішкам гадоў. У чым ідэал іх прыгажосьці? Яны нагадваюць клясычны бансай у гаршках, адно што дрэвы для саду ня маюць такой строгасьці формаў і намнога большыя па памерах (1,5—4 м).

Правільна сфармаванае мініятурнае дрэва мае магутнае разгалінаванае карэньне і прыгожы, памкнёны ўгару ствол, выгіны якога гарманічныя, «як узор на тканіне». Ніжняя частка ствала на адну трэць пазбаўлена галін — «голая», а да 2/3 вышыні часткова аголеныя. Кампазыцыя мае «твар» — творца задумвае, зь якога боку яна будзе аглядацца часьцей. Вяршаліна дрэва павінна нахіляцца ў напрамку назіральніка. Самы нізкі адростак ствала зазвычай самы доўгі і тоўсты, астатнія — чым вышэйшыя, тым танчэйшыя і карацейшыя. Тое самае з галінкамі, якія растуць з асноўных сукоў. Нават калі ў цэлым галіны нахілены да зямлі, іх канцы ўзносяцца да сонца. Істотнае значэньне маюць правільныя суадносіны паміж таўшчынёй асновы ствала і вышынёй дрэва. Гэтыя суадносіны павінны складаць 1:10—1:15. На практыцы гэта азначае, што дрэва са ствалом таўшчынёй 10 см павінна быць не вышэйшым за 150 см. Звычайна карона мае ў такіх выпадках трохкутную форму. Выключэньнем зьяўляецца бансай парасонападобнай формы — тут не абавязкова прытрымлівацца прапорцый паміж таўшчынёй і вышынёй дрэва.

Нябачнае ўмяшаньне

Фармаваньне бансай патрабуе сяды-тады радыкальных дзеяньняў. Маладыя дрэўцы павінны рабіць уражаньне векавых, таму іх скарачаюць, асьвятляюць шляхам абразаньня некаторых галін, тоўстыя сукі часам аплятаюць дротам ці выгінаюць на стэляжах. Важна прыбраць усе гэтыя канструкцыі своечасова — тады, калі расьліна незваротна набудзе прадугледжаную задумай, «натуральную» форму, але да таго, як яны пакінуць сьляды. Добра зроблены бансай ня можа насіць на сабе адзнак ужываньня штучных прылад. Яго гадаваньне — гэта зусім ня тое самае, што падстрыганьне дрэў, для чаго дастаткова садовых нажніц. Тут трэба аналізаваць кожны надрэз і задумвацца, як зрэагуе на яго расьліна — якая пупышка разаўецца, дзе зьявіцца новая галінка. Для працы выкарыстоўваюцца спэцыяльныя прылады, а часам іх замяняюць пальцы садавода. Напрыклад, у сосен новыя пупышкі, так званыя «сьвечкі», выдаляюцца заўсёды ўручную, каб не пакідаць сьлядоў.

Пашырана меркаваньне, што з хвойнымі расьлінамі працы менш, бо іх дастаткова абразаць раз у год, а зь ліставымі дрэвамі працэдуру належыць выконваць двойчы — раньняй вясной перад разьвіцьцём лісьця і ў чэрвені. Аднак нядаўна на адной з эўрапейскіх садаводчых выставак менавіта 3,5-мэтровая сасна бансай дасягнула завоблачнай цаны 18 тыс. эўра! Ну а што ж — столькі часу зь яе ўручную выдалялі штогод некалькі дзясяткаў тысяч «сьвечак»!

Месца для бансай

У садзе дастаткова мець адно дрэва бансай. Тады яно прыцягвае позірк, робіцца нечым выключным. Нагрувашчаньне мудрагелістых формаў распыляе ўвагу, пярэчыць прынцыпам гэтага мастацтва.

Калі мы высаджваем выгадаванае дрэва ў вялікім садзе, лепш за ўсё выбраць для яго зацішны куток, дзе яно зможа бліснуць прыгажосьцю на фоне спакойнай зеляніны ці гладкай сьцяны. Тыя, хто мае толькі балькон ці тэрасу, таксама могуць цешыцца мастацтвам клясычнага бансай. Мініятурныя дрэвы ў вазонах, вечназялёныя ці такія, што цьвітуць, даюць плады і мяняюць колер увосень, замяняюць тады вялікі сад. Яны могуць ператрываць маразы пад адкрытым небам, трэба толькі сачыць, каб не перасохла і ня вымерзла зямля, дзе яны растуць. Таму лепш за ўсё высадзіць каштоўную расьліну ў драўляную скрыню, напоўненую вільготным лісьцем ці торфам. Заўвага: ня варта пераносіць бансай, зроблены зь мясцовых дрэў, у цёплыя памяшканьні, бо гэта перашкодзіць зімоваму адпачынку расьлін.

З чаго пачынаць

Найлепш пашукаць у гадавальніках дрэўцы з тоўстым ствалом пры адносна невялікай вышыні і разгалінаванай кроне — іх лягчэй будзе фармаваць. Часам можна таксама купіць расьліну на пачатковай стадыі фармаваньня — так званы прэбансай.

Якія віды выбраць? Для садовага бансай падыходзяць лістоўніцы, маленькія кіпарысы, ядловец, сосны, алыча, грабы, букі, дубы і нават рабіны. Яны добра пераносяць нават няўмела праведзеныя садаводчыя працэдуры. Варта паклапаціцца пра спэцыяльныя прылады для гадаваньня бансай. Нельга забываць пра сродкі для заклейваньня надрэзаў. Яны неабходныя, бо дрэва, якое часта абразаюць, безабароннае перад шкоднымі бактэрыямі і грыбамі. Для малых дрэўцаў у вазонах найлепш падыходзіць спэцыяльная японская плястмаса «Бансай Лак», якая засьцерагае ад інфэкцыі і стымулюе разьвіцьцё тканкі вакол надрэзу, так званага калюсу. Пры гадаваньні садовага бансай можна карыстацца папулярным садовым варам ці замазкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0