Палеміка вакол мовы вяшчаньня «Нямецкае хвалі» зьбілася на эмацыйны тон. Гэта кантрастуе з абыякавасьцю ўладных менскіх структураў. Сапраўды, яны перажылі «101,2», «Балтыйскія хвалі» ды «Рацыю» — паўнавартасныя радыйныя праекты, у якіх бралі ўдзел дзясяткі найбольш прафэсійных беларускіх журналістаў. А ўжо ж паўгадзінныя «беларускія» ўстаўкі ў этэр нямецкае радыёстанцыі ў Менску можна й не заўважыць. Пагатоў што рэйтынг самое «Нямецкае хвалі» ў Беларусі настолькі малы, што не трапляе нават у зазор статыстычных памылак.

А вось беларускія незалежнікі не хаваюць расчараваньня. Чакалася, што Эўразьвяз паспрыяе ў стварэньні дзейснага інфармацыйнага каналу для Беларусі. Між тым рашэньне пра «Нямецкую хвалю» адно справакавала раскол дэмакратычнае апазыцыі.

Бурапена камэнтароў адносна праекту «Deut-sche Welle» для Белару-сі выявіла, што незалеж-нае грамадзтва застаецца падзеленым у моўным пытаньні, і гэты падзел глыбокі.

ТБМ, лідэры БНФ, Згуртаваньне беларусаў сьвету рэзка крытычна адрэагавалі на тое, што пад выглядам праекту для дэмакратыі за эўразьвязаўскія грошы ў нашым этэры будзе пашырацца расейская мова.

Усьвядоміўшы, наколькі балючае для беларусаў гэтае пытаньне, немцы пачалі няўклюдна апраўдвацца. Ганс-Георг Вік спаслаўся на фінансавыя праблемы. А кіраўніца расейскае рэдакцыі «Нямецкай хвалі» спадарыня Рабітц сказала ў інтэрвію БелаПАН: «Параўнаньне «беларуская мова — добра, расейская мова — кепска» — дурное», хоць ніхто зь яе апанэнтаў так пытаньня ня ставіў.

Беларускія патрыёты не параўноўвалі мовы, а зьвярталі ўвагу на тое, што выбар расейскай мовы радыётрансьляцыі спрыяе той культурнай палітыцы й той ідэалёгіі, што насаджае ў нас Лукашэнка, і сее раскол у незалежным грамадзтве. Спн.Рабітц у інтэрвію БелаПАН параўнала беларускую сытуацыю з сытуацыяй у Сярэдняй Азіі, дзе перадачы «Нямецкай хвалі» па-расейску цэняць. Магчыма, гэта і так. Але нідзе ў тых краінах моўнае пытаньне ня мае той вастрыні, як у Беларусі.

Другая частка апазыцыі вітала ініцыятыву нямецкіх дыпляматаў. «Мы и так знаем, что большинство белорусов думает по-русски», — безапэляцыйна сьцьвярджае «Белорусская деловая газета». Ну чым не Лукашэнка? Тамсама робіцца й выснова: дарма, маўляў, апраўдваецца Вік, было б перад кім… У той жа час «БДГ» прызнае: «Гучаньне «Нямецкай хвалі» на мове тытульнай нацыі спрыяла б адраджэньню беларускае самасьвядомасьці».

У ёрніцкім тоне адкамэнтавала змаганьне беларусаў за мову «Белорусская газета». А БелаПАН выцягнула зь нябыту ідэалягічна афарбаваны тэрмін «нацыянальна арыентаваныя» дзеячы.

Характэрна, што кандыдаты ў прэзыдэнты А.Мілінкевіч, С.Калякін, А.Казулін і У.Колас ніяк не адрэагавалі на палеміку. Сваю пазыцыю сфармуляваў толькі Анатоль Лябедзька, які стрымана скрытыкаваў рашэньне Нямеччыны і Эўракамісіі, падкрэсьліўшы, што беларускае вяшчаньне было б больш слушным: «Але калі мы ня можам паўплываць на разьвіцьцё падзеяў, то на расейскай мове – гэта лепш, чым нічога». Станіслаў Шушкевіч выказаўся разчэй: «Трэба, каб яны вяшчалі па-беларуску. Інакш гэта будзе дапамога тым, хто руйнуе Беларусь. Расейскамоўныя праекты паспрыяць яднаньню нацыі ня могуць».

Дзьве часткі беларускае апазыцыі — што вада з алеем. Супярэчнасьці сярод праціўнікаў сёньняшняга менскага рэжыму куды глыбейшыя і старэйшыя, чым праблема «адзінага» кандыдата.

Чаго чакала беларуская апазыцыя ад новых радыёстанцый, якія вяшчалі б на Беларусь? Па-першае, апэратыўнага інфармаваньня пра падзеі ў Беларусі штодзень. Па-другое, аналізу ўнутрыпалітычнае сытуацыі. Па-трэцяе, інфармаваньня пра эўрапейскія нормы права й палітычнае этыкі ў параўнаньні іх зь беларускай сытуацыяй. А далей — асьветы слухачоў у тых сфэрах, што недаступны ў беларускіх афіцыйных СМІ, папулярызацыі недзяржаўнай жывой беларускай культуры. Гэта былі б інвэстыцыі ў інтэлектуальны патэнцыял беларускае нацыі. Выглядае, разьлік быў марны. Сума, якую выдаткаваў Эўразьвяз на гэтае вяшчаньне — 138 тысяч эўра на год, — мізэрная. Перадусім гэтыя грошы пойдуць на тэхнічнае забесьпячэньне вяшчаньня, каналы сувязі й падаткі.

15 хвілінаў на навіны з Эўропы і яшчэ 15 на інфармацыю зь Беларусі? Дзякуй і на гэтым. Пытаньне пра паўнавартасны, незалежны ад Лукашэнкі радыёканал застаецца надзённым. У гэтай справе больш абнадзейвае рашэньне ўраду Польшчы пра выдаткаваньне 290 тыс. даляраў на стварэньне беларускамоўнае радыёстанцыі для вяшчаньня на нашу краіну.

Пытаньне ж мовы для радыё прагматычнае ня з гледзішча браку грошай (чаму ж гэта па-расейску таньней?), а з прычыны элемэнтарнае пазнавальнасьці ў этэры. Калі патэнцыйны слухач у моры расейскамоўных галасоў вылушчыць гукі роднае мовы, то гэта неймаверна спрашчае яму задачу пошуку сваёй хвалі. І гэта будзе дакладна тое, што ён хацеў бы пачуць. Пакуль жа чалавек перад прымачом будзе разьбірацца, хто яму там расказвае па-расейску пра жыцьцё Эўропы, можа, у Беларусі адбудзецца самае галоўнае.

Заклікаю да байкоту «Нямецкай хвалі»

Эўрапейская камісія прыняла рашэньне пра вяшчаньне радыёстанцыі «Нямецкая хваля» на Беларусь — выключна на расейскай мове. Такі падыход зьяўляецца вынікам поўнага неразуменьня працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, зьвязаных з адраджэньнем беларускай дэмакратычнай нацыі. Усьлед за афіцыйнай прапагандай лукашэнкаўскага рэжыму эўрапейскія бюракраты спрабуюць насадзіць у грамадзкую сьвядомасьць думку пра беспэрспэктыўнасьць і фактычна неіснаваньне попыту на беларускую мову сярод грамадзян Беларусі. Не былі ўзяты пад увагу ні вопыт пасьпяховых беларускамоўных мэдыйных праектаў (такіх, як газэта «Свабода» і радыё «101,2»), зьнішчаных уладамі, ні вынікі перапісу насельніцтва 1999 г., згодна зь якімі больш як тры чвэрці грамадзян краіны прызнаюць беларускую мову роднай.

Яшчэ больш абсурдным выглядае рашэньне пра вяшчаньне на Беларусь расейскай рэдакцыяй «Нямецкай хвалі» — людзьмі, для якіх Беларусь зьяўляецца ўсяго толькі пабочным заняткам і ад якіх нельга чакаць глыбокага веданьня і разуменьня працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі.

Адраджэньне нацыянальнай самасьвядомасьці — неабходная ўмова дэмакратызацыі любой нацыі. Неразуменьне гэтага факту вядзе толькі да ўмацаваньня тэндэнцый, якія спрыяюць утрываленьню дыктатуры ў Беларусі. Крыўдна, што эўрапейскія бюракраты, якія так клапоцяцца пра захаваньне аўтэнтычных нацыянальных культур на тэрыторыі ЭС, цалкам падтрымалі палітыку зьнішчэньня беларускай мовы і культуры.

Я не выступаю за выдаленьне расейскай мовы зь беларускай мэдыйнай прасторы. Я пратэстую толькі супраць палітыкі выдаленьня мовы беларускай. Беларусы і беларускамоўныя грамадзяне маюць слухаць навіны і на сваёй мове! Афіцыйны Менск штодня топча гэтае права, практычна зьнішчыўшы беларускае слова на дзяржаўным ТБ. Сёньня да гэтай палітыкі далучыўся і ЭС. Інакш як ганебным такое рашэньне ахарактарызаваць нельга.

Заклікаю беларускіх палітыкаў, журналістаў, аналітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, якім неабыякавы лёс роднага слова, да байкоту так званага «беларускага вяшчаньня» «Нямецкай хвалі» да зьмяненьня яго моўнай палітыкі.

Віталь Сіліцкі, доктар паліталёгіі

Далучаемся да закліку Віталя Сіліцкага:

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік; Валер Булгакаў, кандыдат філязофіі, рэдактар часопісу «ARCHE»; Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук; Андрэй Дынько, рэдактар газэты «Наша Ніва»; Алесь Марачкін, старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Ліст адкрыты да падпісаньня. Сьпіс падпісантаў будзе надрукаваны.

Алесь Разанаў: «Форма пярэчыць зьместу»

Паэт Алесь Разанаў, ляўрэат прэміі Гердэра, пра сытуацыю зь «Нямецкай хваляй».

На ляўрэацкіх урачыстасьцях у Вене пасол аднае краіны сказаў мне: «Нам незразумела, чаму супрацоўнікі беларускага пасольства размаўляюць паміж сабою не на беларускай мове. Няўжо яны самі не разумеюць, што гэта ня робіць ім гонару?»

Тое самае зараз я мог бы сказаць і пра пачутую навіну. Вядома, той, хто будзе слухаць беларускую праграму «Нямецкай хвалі», зразумее яе і так, але заўсёды пры гэтым будзе ўзьнікаць і заставацца ня вытлумачаным пытаньне, чаму яна гучыць не па-беларуску.

Форма бярэцца пярэчыць зьместу, а самы асноўны зьмест праграмы быў бы якраз у тым, што яна гучыць адпаведна з аб’яўленай назвай.

Ды і ў Эўрапейскі Зьвяз новыя краіны ўваходзяць не для таго, каб растварыцца ў новай-старой затоцы, а з пэўнаю мэтамэтай — каб відавочней і паўней выяўляць і, выяўляючы, спасьцігаць тое, што робіць іх імі.

У часе маёй «нямецкай вандроўкі» мне неаднаразова даводзілася чуць, і прэса пра гэта пісала, што я там зьдзяйсьняю пэўную місію. Ім відней. Але мне вельмі хацелася б, каб слынная «Нямецкая хваля» сваёю новай праграмай таксама пачала зьдзяйсьняць пэўную і такую цяпер істотную для Беларусі місію. Проста інфармацыі ўжо замала.

Усюды, і ў Гановэры, і ў Бэрліне, я сустракаўся з маладымі беларусамі, выпускнікамі айчынных, а ў некаторых выпадках яшчэ і нямецкіх ВНУ — яны добра валодаюць і нямецкай мовай, і сваёй і ахвотна далучыліся б да гэтай дзялянкі дзейнасьці.

Ды і ў самой рэдакцыі «Нямецкай хвалі» ёсьць і беларуская «прысутнасьць»: з выпускніцай лінгвістычнага ўнівэрсытэту, што памятае яшчэ лекцыі Пятра Васючэнкі, я меў гаворку на адной міжнароднай паэтаканфэрэнцыі ў Боне. Дамовіліся на выступленьне. Лепш за ўсё, калі яно ня будзе мець патрэбы ў самаперакладзе, а прагучыць, як гучаць на «Нямецкай хвалі» іншыя галасы, — у арыгінале.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0