Пасольства Нямеччыны: «Лісты з выказваньнем пратэсту ня стануць для «Нямецкай хвалі» падставай для адмовы ад плянаванага радыёстанцыяй беларускага праграмнага элемэнту».

Рашэньне Эўракамісіі падтрымаць беларускую праграму «Нямецкай хвалі», што будзе выходзіць па-расейску, выклікала бурную дыскусію. Таварыства беларускай мовы распачало збор подпісаў за «беларускі фармат» радыё. Палітоляг Віталь Сіліцкі заклікаў да байкоту станцыі, пакуль яна не пачне вяшчаць па-беларуску.

Яскрава абазначыліся лягеры «абаронцаў» і «крытыкаў». Прычым ад мовы карыстальніка ніяк не залежыць прыналежнасьць да таго ці іншага лягеру. Так, Віталь Сіліцкі свае лісты напісаў па-расейску.

В.Сіліцкаму і А.Трусаву ў «БДГ» адказаў адзін з аўтараў канцэпцыі расейскамоўнае «Хвалі» Ўладзімер Дорахаў. Ён зачапіўся за выказваньне А.Трусава: «Калі немагчымая праграма «Нямецкай хвалі» на беларускай мове, тады ня трэба наагул ніякай». На думку Дорахава, гэтую аналёгію варта працягнуць і выступіць, у такім разе, супраць «БДГ» і «Прессбола». Як аргумэнт на карысьць расейскай мовы СМІ падаецца статыстыка наведваньняў інтэрнэт-старонак «па стане на 15.50»: папулярнасьць расейскамоўных сайтаў у некалькі разоў вышэйшая, чым беларускіх. Праўда, сацыёляг Дорахаў ня лічыць некарэктным параўноўваць сайты, якія маюць стужку навін, напрыклад «Bdg.by», з сайтам зачыненай «Пагоні», а таксама залічваць дзьвюхмоўныя сайты ў лік расейскамоўных. Урэшце, гэта дазваляе яму абысьці той факт, што не да статыстыкі апэлююць пратэстоўцы.

Цікава, што, акрамя У.Дорахава, адкрыта падтрымалі рашэньне ЭЗ толькі аўтар сайту «Наше мнение» Аляксандар Адамянц і дэкан філязофскага факультэту ЭГУ Рыгор Мінянкоў. Астатнія меркаваньні больш стрыманыя.

Журналіст Аляксандар Тамковіч, уключыўшыся ў дыскусію, міжволі правёў такое параўнаньне: «Адным з «зацятых» прыхільнікаў адраджэньня беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці быў Лаўрэнці Берыя, а найбольш яркім «русіфікатарам» лічаць Пятра Машэрава». Цалкам усьведамляючы небясьпеку моўнай дыскусіі, ён усё ж абгрунтоўвае выбар на карысьць расейскай: улада пасьпяхова гуляе на полі «дзьвюхмоўя», а расейская сёньня — асноўная мова. Вінаватыя, маўляў, самі: «Колькі ёсьць сёньня зваротаў у дзяржструктуры менавіта на беларускай?»

Янаў Палескі ў камэнтары на «Нашем мнении», які выдае на рэдакцыйны, мяркуе, што наша краіна стаіць на мяжы палітычнага і эканамічнага каляпсу. Ён называе прыхільнікаў расейскамоўнае партыі «лібэраламі» й «кантыянцамі», а беларусафілаў — «камунітарыстамі». Ён называе беларускі дыскурс «малацікавым» і выказвае засьцярогу, што беларускамоўныя інтэлектуалы прэтэндуюць на панаваньне ў інтэлектуальнай сфэры як «блюстители языковых правил».

На ягоную думку, «супрацьстаяньне расейскамоўных і беларускамоўных прыхільнікаў дэмакратычнага ладу жыцьця адбівае сутыкненьне ня проста двух вобразаў чалавека, але двух вобразаў сацыяльнага сьвету — касмапалітычнага парадку правоў чалавека й ласкутнае коўдры нацыянальных дзяржаваў і культураў».

Да запушчанага сацыёлягамі клішэ «беларускі нацыяналізм размаўляе па-расейску» зьвяртаецца й палітоляг Міхаіл Пліска. Ён падтрымлівае меркаваньне Тамковіча, што ў выбары нямецкіх «бюракратаў» вінаваты мы самі. Выбар расейскай мовы вяшчаньня — гэта непавага да сувэрэннай Беларусі. Тут ён згодны зь Сіліцкім. Тлумачыцца такі выбар тым, што сьвядомыя беларусы ня здолелі растлумачыць Эўропе нашу адрознасьць ад Расеі. Таму немцы, напрыклад, дагэтуль нас называюць не «Belarus» і не «Belarusland», а «Weissrusland», піша М.Пліска.

Аднак беларускім дыскутантам, здаецца, не ўдалося выклікаць сумневу ў адрасата крытыкі. Пасольства Нямеччыны выступіла з заявай, што «лісты з выказваньнем пратэсту ня стануць для «Нямецкай хвалі» падставай для адмовы ад плянаванага радыёстанцыяй беларускага праграмнага элемэнту». А таксама зазначыла, што пра стварэньне праграмы па-беларуску «гаворка не ідзе». Так сказаць, дыскусій быць ня можа.

Алег Трусаў заявіў, што ТБМ працягне збор подпісаў пад лістамі на «Нямецкую хвалю» супраць вяшчаньня па-расейску. Рашэньне «Нямецкай хвалі» ён называе палітычным: Эўразьвяз падтрымлівае нацыянальныя мовы, і «Нямецкая хваля», фінансаваная з эўрабюджэту, ужо пяць гадоў робіць перадачу па-ўкраінску. «Кожны дзень ТБМ зьбірае каля сотні подпісаў. Дарэчы, самы бум у зборы подпісаў яшчэ не надышоў, яшчэ людзі ўсе ў адпачынках», — аптымістычна заяўляе кіраўнік ТБМ. Прычым ТБМ заклікае пісаць ня толькі на «НХ», але і ў пасольства Нямеччыны ў Беларусі на адрас Менск, Захарава, 26.

Між тым ігнараваньне нямецкім бокам галасоў зь Беларусі радыкалізуе лягер «крытыкаў». Знаны пісьменьнік Адам Глёбус у гутарцы на радыё «Свабода» выказаўся безапэляцыйна: «Ідзе гаворка не пра нашых палітыкаў, а пра паводзіны і нацыянальную палітыку Германіі. Германія здатная рабіць памылкі, прытым вялікія памылкі… А тое, што яны такое робяць у пытаньні беларускай мовы, гэта проста зьнявага маёй культуры, маёй нацыі, маёй дзяржавы нават».

Цяперашняя дыскусія ляжыць на сумленьні нямецкага боку, прызнаюць і «абаронцы» расейскамоўнага фармату. Аляксандар Адамянц кажа, што ў вачах Захаду мы застаёмся толькі аб’ектам палітыкі, а не суб’ектам: «З намі ня лічацца таму, што мы самі не патрабуем, каб з намі лічыліся». Вінаватымі, такім чынам, аказаліся немцы. Беларускія ж лабісты неабдуманага рашэньня застаюцца чыстымі, як жонка Цэзара.

АПЫТАНЬНЕ «НН»

Палітыка пасольства пацьвярджае…

1. Як Вы ацэньваеце заяву нямецкага пасольства ў Беларусі ў адказ на просьбы грамадзян наконт мовы вяшчаньня «Нямецкай хвалі»?

2. На якой мове, на Вашу думку, будзе вяшчаць «Нямецкая хваля»?

Васіль Сёмуха, перакладчык зь нямецкай, кавалер ордэна «За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай»:

1. Немцы ясна далі зразумець, што не паважаюць беларускі народ, і нам ня сьлед навязвацца да іх на дружбу. Але надоўга запомнім гэты фальшывы клопат пра нас. Заява амбасады і прасьвятляе пазыцыю Нямеччыны ў гэтым пытаньні, толькі робіць гэта няўклюдна. Як той казаў, «калі ваўку няма чым сраць, дык ён — лыкам!» Мая пазыцыя цалкам супадае з пазыцыяй ТБМ. Я рады, што Таварыства падтрымлівае беларускіх грамадзян.

2. На маю думку, «Нямецкая хваля» будзе вяшчаць на расейскай мове, пра што яна заявіла. Толькі я слухаць яе вяшчаньня ня буду — брыдка за немцаў, брыдка за Нямеччыну, яе амбасаду ў Менску. Брыдка за тое, што новым заходам пачынаецца дзяленьне моваў і народаў на сарты і гатункі. Застаецца даведацца, каго «Нямецкая хваля» ставіць у разрад Ubermenschen.

Аляксандар Адамянц, рэдактар сайту www.belintellectuals.com:

1. Заява нямецкага пасольства — гэта іх пазыцыя. Гэта не зьяўляецца выказваньнем варожасьці да апазыцыі ці да беларускамоўных.

2. Лічу, што «Нямецкая хваля» павінна вяшчаць па-расейску. Але гэта ня значыць, што беларуская ня можа быць уведзена як яшчэ адна мова вяшчаньня.

Анатоль Сідарэвіч, актывіст сацыял-дэмакратыі:

1. Гэта добрая аплявуха нашым эўрааптымістам. Я ведаю, што ў Нямеччыне ёсьць выдатныя вучоныя-беларусазнаўцы, аднак там ёсьць і палітыкі, што прыносяць беды і самой Нямеччыне. Адказ нямецкай амбасады — поўха нашым германафілам, у тым ліку і мне.

2. Трэба ведаць упартасьць, якая ім уласьцівая. Нямецкіх палітыкаў падводзіць «райнэ фэрнунфт» — чыстае мысьленьне: яны спачатку прыдумваюць тэзіс, а потым упарта яго адстойваюць. І толькі ў выніку фіяска пачынаюць разумець, што зрабілі памылку. Дзьве сусьветныя вайны і дзьве трагедыі Нямеччыны — наглядны доказ гэтага тэзісу.

Адам Глёбус, літаратар і выдавец:

1. Тады застаецца спадзявацца, што ў хуткім часе ангельская мова будзе асноўнай у Германіі і Эўразьвязе.

2. Яна павінна вяшчаць на асноўнай нашай мове — беларускай. І калі будзе ня так, мы зробім усё, каб гэта зьмяніць. А тое, што амбасада зьдзіўляецца, — не падлягае абмеркаваньню. Амбасада павінна не зьдзіўляцца, а глядзець у пэрспэктыву.

У нас шмат палітыкаў, якія спадзяюцца на немцаў. Быў такі Мікіта Зносак, які таксама спадзяваўся: немцы едуць, нашы йдуць, немцы нашых падвязуць…

Яраслаў Раманчук, эканаміст, намесьнік старшыні АГП:

1. ЭЗ, выдзеліўшы грошы толькі на паўгадзінную радыёперадачу, не разумее інфармацыйных патрэбаў нашай краіны ў працэсе дэмакратызацыі. Пытаньне мовы ў гэтым выпадку — ня першай важнасьці. Калі б «Нямецкая хваля» рабіла перадачы хаця б дзесяць гадзін у суткі, быў бы сэнс весьці такое абмеркаваньне. А так гэтыя перадачы будуць слухаць толькі долі адсотку ў краіне — хіба што дыпляматы, людзі, блізкія да Адміністрацыі прэзыдэнта. Да звычайных людзей інфармацыя ня дойдзе.

2. Па-расейску. Ведаючы, колькі трэба прайсьці бюракратычных працэдур, каб усё ўзгадніць, можна сказаць, што ніхто ня стане наноў праходзіць гэтыя працэдуры.

Валер Булгакаў, кандыдат філязофскіх навук, рэдактар часопісу «ARCHE»:

1. Сярод амэрыканскіх палітолягаў бытуе думка, што Нямеччына зьяўляецца адначасова эканамічным гігантам і палітычным карлікам. Палітыка функцыянэраў «Нямецкай хвалі» ў Бэрліне і нямецкай амбасады ў Менску як нішто іншае пацьвярджае гэтую сумную канстатацыю.

2. Пакуль менскім карэспандэнтам «Нямецкай хвалі» будзе Ўладзімер Дорахаў ці ягоныя аднадумцы, зразумела, на расейскай.

Апытваў Аркадзь Шанскі

Мэмарандум Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, разгледзеўшы вынік тэндэру Эўрапейскай камісіі, паводле якога кантракт на радыёвяшчаньне для Беларусі быў перададзены расейскай службе радыёстанцыі «Нямецкая хваля»:

• прызнае патрэбу міжнароднай дапамогі дзеля стварэньня альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі для жыхароў Беларусі, якія на працягу дзесяцігодзьдзя застаюцца ізаляваныя ад аб’ектыўнай інфармацыі і знаходзяцца пад узьдзеяньнем хлусьлівай прапаганды рэжыму А.Лукашэнкі;

• вітае гатовасьць эўрапейскіх інстытуцыяў дапамагчы беларускаму народу ў гэтай справе;

• сьцьвярджае, што пашырэньне дэмакратычнай палітычнай культуры на падставах эўрапейскіх стандартаў і вартасьцяў, а таксама ўмацаваньне сьвядомасьці адзінства беларускай нацыі зь сям’ёй дэмакратычных нацыяў Эўропы ёсьць падставовым прынцыпам ды задачай дасягненьня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.

Адначасова Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:

• зазначае, што пытаньне беларускай мовы ёсьць неабходнай умовай дэмакратызацыі краіны. У сувязі з гэтым пашырэньне ў Беларусі дэмакратычнай палітычнай культуры на грунце эўрапейскіх стандартаў вымагае заахвочваньня ў грамадзкай сьвядомасьці ўсіх тых аспэктаў нацыянальнай спадчыны, што лучаць Беларусь з Эўропай. Гэта кантрастуе са спадчынай савецкай русіфікацыі ў грамадзкім жыцьці Беларусі ды з палітыкай сучаснага рэжыму, які, пасьля прыходу да ўлады ў 1994 г., дзеля сваіх палітычных мэтаў заахвочвае ды гвалтоўна накідае новую русіфікацыю;

• назірае, што заахвочваньне разуменьня адзінства Беларусі з Эўропай было пасьпяховым выключна на грунце нацыянальнай сьвядомасьці і грамадзкай культуры, якія гістарычна паўсталі ва ўмовах эўрапейскага кантэксту ды захавалі сьвядомую прыналежнасьць да яго. У супрацьлегласьць гэтаму, нішто з тае грамадзкае спадчыны, якую Беларусь дзеліць з Савецкім Саюзам або Расейскай імпэрыяй, не ўзгадоўвае сьвядомасьці роднасьці з Эўропай. З гэтай прычыны пануючы сёньня ў Беларусі рэжым насаджае ўсе аспэкты савецкай/расейскай спадчыны;

• сьцьвярджае, што да выбару мовы радыёперадачаў, што факт шырокага ўжываньня расейскай мовы ў Беларусі пад чужынскім панаваньнем ды пад рэжымам Лукашэнкі яшчэ ня робіць гэтую мову найбольш адпаведнай для названых вышэй задачаў. Беларуская мова таксама агульна зразумелая (аб чым сьведчаць зьвесткі афіцыйных перапісаў) і захоўвае статус афіцыйнай мовы ў краіне. Паколькі мовам у Беларусі ўласьціва гістарычна-палітычная матываванасьць, выбар мовы ня можа быць палітычна нэўтральным;

• дадаткова зазначае адносна ўжываньня расейскай мовы ў фінансаваных Эўрапэйскай камісіяй радыёперадачах для Беларусі, што гэткія падвойныя стандарты адносна роднай мовы нацыі — у параўнаньні з падыходамі, ужыванымі да суседніх краінаў, — неапраўданыя і непрымальныя. Напрыклад, «Нямецкая хваля» мае асобную ўкраінскамоўную службу, нягледзячы на параўнальны зь беларускім узровень русіфікацыі ва Ўкраіне. Вышэйузгаданае таксама пярэчыць усяму досьведу пасьпяховай дэмакратызацыі ў суседніх посткамуністычных краінах, якая нязьменна ўключала адахвочаньне савецкай спадчыны ва ўсіх праявах грамадзкага і палітычнага жыцьця ды замацаваньне новай нацыянальнай эўрапейскай тоеснасьці на грунце гістарычных нацыянальных культураў;

• заўважае, што названае рашэньне выклікала ў Беларусі рэакцыю пратэсту, асабліва сярод палітычна-актыўнай часткі грамадзтва; гэтае рашэньне шырока разглядаецца як фактар захаваньня спадчыны савецкай русіфікацыі ў Беларусі і, як вынік, працягу цяперашняй палітычнай стагнацыі.

З увагі на зазначанае вышэй, Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі:

робіць выснову, што ў цяперашніх умовах праект вяшчаньня на Беларусь не па-беларуску ня будзе эфэктыўны ў дасягненьні сваіх мэтаў, паколькі канкрэтнае палітычнае значэньне, уласьцівае ў рэаліях Беларусі расейскай мове, востра супярэчыць сутнасьці яе прызначэньня.

Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае шкадаваньне аб рашэньні Эўрапэйскай камісіі ўхваліць радыёвяшчаньне для Беларусі ў яго сучасных моўных парамэтрах ды настойліва заклікае да тэрміновага перагляду гэтага рашэньня, каб фармат радыёвяшчаньня адпавядаў мэтам дасягненьня дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.

Заява пасольства Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны ў Менску

У сувязі з паступаючымі на імя Пасла Германіі лістамі, у якіх выказваецца пратэст супраць арганізацыі перадач радыёстанцыі «Нямецкая хваля» па беларускай тэматыцы на расейскай мове, Пасольства займае наступную пазыцыю:

1. Для «Нямецкай хвалі» пытаньне заключаецца ў тым, ці трансьляваць абмежаваны па часе інфармацыйны блёк на расейскай мове, матэрыялы якога мелі б асаблівую цікавасьць для слухачоў у Рэспубліцы Беларусі, або захаваць усё ў ранейшым выглядзе, г.зн. без спэцыяльных перадач па беларускай тэматыцы.

Такім чынам, аб стварэньні на радыёстанцыі «Нямецкая хваля» праграмы на беларускай мове гаворка не ідзе.

На думку Пасольства, імкненьне «Нямецкай хвалі» садзейнічаць устараненьню інфармацыйнага дэфіцыту ў Беларусі заслугоўвае прызнаньня.

2. Беларускія грамадзяне патрабуюць у сваіх лістах на імя Пасла Германіі стварэньня праграмы «Нямецкай хвалі» на беларускай мове. Пры гэтым складваецца ўражаньне, что яны аддалі б перавагу таму, каб існуючая зараз сытуацыя, пры якой на «Нямецкай хвалі» ня будзе асобнага праграмнага элемэнту для Беларусі, захавалася б і надалей.

Пасольства спадзяецца, што гэтыя лісты з выказваньнем пратэсту ня стануць для «Нямецкай хвалі» падставай для адмовы ад плянуемага радыёстанцыяй беларускага праграмнага элемэнту.

3. Радыёстанцыя «Нямецкая хваля» ажыцьцяўляе сваё вяшчаньне на мовах, колькасьць якіх абмежавана. Яна імкнецца заўсёды арыентавацца на актуальныя тэмы. Пры гэтым яна ня мае фінансавых сродкаў для стварэньня праграмы на беларускай мове.

Апытаньні грамадзкай думкі, якія праводзяцца незалежнымі інстытутамі, пацьвярджаюць важную ролю расейскай мовы як адной зь дзьвюх афіцыйных моў, асабліва ў палітычнай сфэры.

Заява ЦК БСДП «Аб беларускамоўных трансьляцыях радыёстанцыі «Нямецкая хваля»

Цэнтральны камітэт БСДП (Грамада) адзначае, што пэрспэктыва трансьляцый нямецкай радыёстанцыі «Нямецкая хваля» на Беларусь адпавядае намаганьням дэмакратычных сіл нашай краіны па стварэньні свабоднай інфармацыйнай прасторы.

Разам з тым, выклікае пытаньні той факт, што ажыцьцяўляць гэтыя трансьляцыі плянуецца толькі на расейскай мове. Гэта парушае патрабаваньне дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб існаваньні на яе тэрыторыі дзьвюх дзяржаўных моў, а таксама правы беларускамоўных грамадзян нашай дзяржавы.

...

Мы зьвяртаемся да кіраўніцтва радыёстанцыі з прапановай знайсьці магчымасьць арганізаваць вяшчаньне беларускай рэдакцыі з улікам вынікаў перапісу на абодвух дзяржаўных мовах без дыскрымінацыі большай часткі насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Аляксандар Казулін, Мечыслаў Грыб, Алег Багуцкі ды інш.

Далучылі свае подпісы да закліку аб байкоце «Нямецкай хвалі» да зьмяненьня яе моўнай палітыкі

Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ, Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, Алесь Аркуш, рэдактар альманаху «Калосьсе», Алёна Валынец-Чарняева, кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА, Аляксей Чарняеў, праграміст, Сяргей Ёрш, рэдактар часопісу «Асамблея», Алёна Андрэева, інфармацыйны каардынатар Асамблеі НДА, Генадзь Шэпелеў, Ворша.

Зварот да часовага паверанага ў справах Нямеччыны ў Беларусі Яна Канторчыка з прапановай, каб беларуская праграма «Нямецкай хвалі» выходзіла не па-расейску, а па-беларуску, падпісалі

Аляксандар Мілінкевіч, грамадзкі дзяяч, Павал Мажэйка, журналіст, былы палітвязень, Валер Мазынскі, тэатральны рэжысэр, Міхась Тычына, літаратуразнаўца, Ігар Лялькоў, гісторык, Іван Роман, прафсаюзны актывіст, Аляксандар Лагвінец, палітоляг, Уладзімер Някляеў, паэт, Ірына Чарняўка, журналістка, Зьміцер Гаўрусік, студэнцкі актывіст, Франц Аўдзей, актывіст руху «Воля народу», Уладзімер Бярбераў, музыка, Павал Знавец, экс-дэпутат, Вольга Іпатава, пісьменьніца, Валянціна Сьвяцкая, грамадзкая дзяячка, Уладзімер Лабковіч, юрыст, Ірына Тоўсьцік, актывістка «Зубра», Аляксей Кароль, гісторык, Алег Багуцкі, публіцыст, Алесь Гуркоў, бізнэсовец, Багдан Арлоў, капірайтэр, Вольга Дзядзюля, выкладчыца Беларускага ліцэю, Валянціна Сіўковіч, выкладчыца Беларускага ліцэю, Франц Сіўко, кіраўнік Віцебскай абласной філіі Саюзу пісьменьнікаў, Уладзімер Папковіч, перакладчык зь нямецкай, Алег Воўчак, праваабаронца, Леанід Дзейка, дэпутат ВС ХІІ скліканьня, Анатоль Вярцінскі, паэт, дэпутат ВС ХІІ скліканьня, Валянціна Трыгубовіч, грамадзкая дзяячка, Вольга Цярэшчанка, сьпявачка, Антаніна Хатэнка, пісьменьніца, Міхась Інькоў, скульптар, Міхась Скобла, намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў, Марына Азаронак, намесьніца старшыні БСДП (Г), лідэр моладзі Грамады, Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні ПБНФ, Людміла Дзіцэвіч, пэдагог, Тамара Мацкевіч, пэдагог, Тацяна Магучава, выкладчыца Беларускага ліцэю, Язэп Палубятка, грамадзкі актывіст з Мастоў, Міхась Варанец, грамадзкі актывіст з Слоніму, Уладзімер Нісьцюк, першы намесьнік старшыні БСДП(Г), Анатоль Ляўковіч, намесьнік старшыні БСДП(Г), Берасьце, Зьміцер Саўка, мовазнаўца, Уладзімер Кішкурна, бацька арыштаванага Антона Кішкурны, Станіслаў Суднік, выдавец газэты «Наша слова», Дзяніс Тушынскі, выкладчык БДПУ, Хрысьціна Сіўчыкава, студэнтка, Уладзімер Пучынскі, журналіст, Алесь Клышка, дзіцячы пісьменьнік, Авяр’ян Дзяружынскі, Інакенці Марцінес-Сакалоўскі, Аляксандар Місьцюкевіч, Амелішка Міхаіл, Натальля Русіна, выкладчыца Беларускага ліцэю, Надзея Хацяноўская, Алеся Дзеранчоўская, Алена Аюхіна, Віктар Дзеранчоўскі, Галіна Парфёненка, Марыя Жуковіч, Зінаіда Місьцюкевіч, Тацяна Канопкіна, Аляксандар Хілімон, Юля Коцкая, Аляксандар Дварэцкаў, Андрэй Кусяльчук, Дзьмітры Кірчук, Іван Марозаў, Сяржук Коўган, Сяржук Гуркоў, Дзяніс Нарпянка, Аляксей Чысьцякоў, Зьміцер Гайдукевіч, Кірыла Рэўтовіч, Эдуард Мамчыц, Раман Мамчыц, Іван Таўпыга, Міхась Цяста, Натальля Цярэнцева, Роза Пушкарова, Уладзімер Стагначоў, Пётар Сарапеня, Мікола Плавінскі, Ігар Мацьвееў, Надзея Масаловіч, Васіль Кухто, Вольга Кухто, Сяргей Салодкін, Раіса Афанасьева, Леанід Аляхновіч, Тамаш Вярэніч, Сьцяпан Вярэніч, Аляксандар Корбут, Ян Дзяржаўцаў, Алег Емельянаў, Віктар Жаўняроўскі, Сьвятлана Пчолкіна, Яўген Грыневіч, Антон Рудак, Агнія Гарон, Настасься Кажаненка, Настасься Гусева, Юлія Сагановіч, Яўгенія Чайкіна, Юры Грынюк, Ільля Навуменка, Васіль Касаткін, Кацярына Раковіч, Міхаіл Рэўцкі, Алена Андросік, Тацяна Лапінская, Вольга Глазко, Сяргей Занкевіч, Яраслаў Ліс, Вольга Данішэвіч, Ала Гардзіенка, Яня Сагановіч, Вольга Крыжаноўская, Ганна Паўлоўская, Кацярына Матавілава, Зьміцер Занкевіч, Ганна Зімніцкая, Вера Праконіна, Марыя Козел, Максім Русьць, Яўген Воўк, Ільля Куцікаў, Натальля Чашчына, Тацяна Андрасовіч, Лізавета Нулашкіна, Кацярына Саламевіч, Настасся Кручыніна, Яўгенія Мальчэўская, А.Міхайлаў, Тацяна Чабатарова, Ігар Мацьвееў, Людміла Амбразевіч, Яраслаў Клімуць, Вячаслаў Караткевіч, Ірына Ячмянёва, Дзіна Лаўшук, Сьвятлана Шакура, Алена Шарапава, Кацярына Сазонава, Ігар Пушкін, Лада Клімуць, Мікола Лавіцкі, Яніна Лавіцкая, Аляксей Лавіцкі, Мікалай Лавіцкі, Вольга Лавіцкая, Міхаіл Савіцкі, Глафіра Савіцкая, Вольга Савіцкая, Віктар Ярашук, Раман Лагуноўскі, Алесь Сердзюкоў, Анатоль Гнеўка, Віктар Міхасёў, Іван Лабачоў, Алесь Стральцоў, Сяргей Касьцюковіч, Т.Кабанчук, Ю.Новікаў, Уладзімер Севярын, Алена Мандрукевіч, Нэлі Счасная, Міхась Ганчароў, Мікалай Усьціменка, Павал Гормаш, Аляксей Сігаеў, Лявон Лойка, Анатоль Сідарэвіч, Вольга Тумідай, Іна Гурына, Ірына Балуненка, Ігар Рынкевіч, Дзьмітры Казлоўскі, Алена Талапіла, Вадзім Быліна, Аляксей Янушэўскі, Юрась Меляшкевіч, Генадзь Быкаў, Міхась Лебедзь, Валеры Васільеў, Уладзімер Дубавец, Алесь Кахновіч, Алесь Вент, Іосіф Дулеба, Аляксандар Нячай, Павал Шэін, Алесь Смыкоўскі, Вольга Шпакоўская, Валянціна Сарапеня, Тамара Мамчыц, Валеры Пашэвіч, Анатоль Шнэр, Марыя Карпава, Сяргей Карпаў, Васіль Агафончык, Аляксандар Бугаёў, Стэфан Грыневіч, Эдуард Галустаў, Аляксандар Дзівакоў, Антон Варонка, Аляксей Варонка, Сьвятлана Варонка, Ала Чарнова, Уладзімер Кубаркін, Міхаіл Іваноў, Ніна Іванова, Сьвятлана Ляўковіч, Ніна Ляўковіч, Мікола Ласякін, Ліля Ласякіна, Іван Каліноўскі, Зоя Картунова, Людміла Мужалёва, Мікалай Палонскі, Канстанцін Савуневіч, Валянціна Слабіна, Канстанцін Слабін, Людміла Пятровіч, Сьвятлана Пятровіч, Аляксандар Хахлоў, Надзея Фурс, Мікола Чукаў, Міхаіл Шпакоўскі, Ірына Селіванава, Алег Селіванаў, Кацярына Нікіценка, Уладзімслаў Нікіценка, Яўгенія Курукіна, Алена Сьляткова, Анатоль Гаспадарак, Анатоль Карчэўскі, Алесь Шпунтоў, Канстанцін Жалудкевіч, Іван Лашук, Эльвіра Лашук, Сяргей Герман, Сяргей Кушняроў, Ігар Чарных, Анатоль Крыварот, Ян Грыб, Тацяна Мартыненка, Зьміцер Касьпяровіч, Галіна Сіўчык, Язэп Янушкевіч, А.Валахановіч, Настасься Ільіна, Лявон Аніцка, Надзея Дзяружынская, Вераніка Дзяружынская, Бярнарда Іванова, Іосіф Навумчык, Міхась Ляўковіч, Ірына Фёдарава, Тамара Ганчарова, Роза Навумчык, Наля Клемята, Іван Клемята, Анатоль Родзік, Аляксандра Драздова.

Лісты адкрытыя да падпісаньня. Сьпісы падпісантаў будуць надрукаваныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0