Пачалі руйнаваць Горадню, і тут раптам — Пінск. Што гэта? Натуральна, што гэта не выпадковасьць, адчуваецца нейкая заканамернасьць. Складаецца ўражаньне, што ідзе ціхая, неаб’яўленая вайна зь Беларусьсю. Ідзе зачыстка тэрыторыі, вызваленьне яе ад рэштак беларуска‑ліцьвінскай мінуўшчыны, якіх і так засталося вобмаль. Прычым пасьпешна, па ўсёй краіне, і грошы на гэта знаходзяцца.
Бо як іначай гэта разумець? Ці не было б больш рацыянальным зрабіць адвод транзытнага транспарту з цэнтру гораду на ўскраіну? Аднак не. Спачатку тую ж самую транзытную вуліцу ператварылі ў тупік, перакрыўшы яе пачварным будынкам ГДК. А цяпер вырашылі адвесьці ўбок за кошт старых дамкоў. А можа, лепей зруйнаваць гэтую гаргару ГДК? А што, бурыць дык бурыць! І адсяляць нікога ня трэба.
Месяц таму я гуляў па гэтым кавалку вуліцы з гасьцямі з Польшчы. Гэта якраз адрэзак вуліцы ад гістарычнага цэнтру да доміка Рышарда Капусьцінскага. І тады я пачуў ад маіх гасьцей, што тут няма духу, але… калі б тут былі кавяранькі, бары, крамкі, то, можа, тады адчулася б жыцьцё.
Тут яшчэ захаваліся падворкі, па якіх, напэўна, гойсала дзятва ў часы маленства Рышарда Капусьцінскага, пра што ён апісвае ў сваёй кнізе «Імпэрыя». І яны таксама маглі б стацца аб’ектам зацікаўленасьці для турыстаў — аматараў творчасьці вялікага рэпарцёра. Але гораду часоў Рышарда ня будзе. Засталося падарваць калегіюм і зьнесьці касьцёл разам з сэмінарыяй (а што яны там цацку сабе зрабілі!) — і тады Пінск стане ўзорным сучасным белорусскім горадам, з пустынным заасфальтаваным пляцдармам, зручным для транспарту, замест гэтых развалюх.