Павал Севярынец прыбыў на «хімію». Беларуская Сібір — гэта леспрамгас на станцыі Алёшча.

Жыць ён будзе ў інтэрнаце для «хімікаў» у вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну, за пяць кілямэтраў ад станцыі. Алёшча — апошняя беларуская станцыя на чыгуначнай лініі Полацак—Невель. Месьціцца яна за 4 км ад расейскай мяжы і за 40 км ад Полацку.

15 жніўня Севярынец прыбыў у Ветрынскую папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №15. З гэтага часу пачаўся адлік яго тэрміну пакараньня.

У Ветрына едзем разам зь Вінцэсем Мудровым. Вінцэсь дамовіўся сустрэцца зь Севярынцам каля чыгуначнага вакзалу. Спачатку знаходзім новы тутэйшы касьцёл, пабудаваны летась. Пляцык белага спакою і ўтульнасьці. Затым трапляем і на вакзал — зусім невялічкі. Вакол ціха і бязьлюдна. Відавочна, галоўнай транспартнай артэрыяй мястэчка зьяўляецца дарога Полацак—Глыбокае, старадаўні віленскі тракт. Надвор’е пачынае паляпшацца: выглянула сонца і зухавата ўзялося растапляць «сьвінец» неба. Колькі ні спрабуем мабіламі датэлефанавацца да Севярынца, не ўдаецца. Нашы «эмтээсы» не фурычаць. Няма сувязі. (Пазьней нам паказалі месца, адкуль можна званіць.) Вырашаем шукаць камэндатуру мясцовай папраўчай установы і там чакаць «высыльнага».

Камэндатура месьціцца ў невялікім двухпавярховым цагляным будынку насупраць першага аўтобуснага прыпынку ў Ветрыне. Севярынца каля яе не знаходзім. На аўтобусным прыпынку знаёмімся з двума хлопцамі — як высьвятляецца, мясцовымі «хімікамі». Вядома, распытваем пра тутэйшае жыцьцё-быцьцё. Кажуць, што «хімія» сама сабою някепская, ня дужа строгая, але працы нармальнай у мястэчку няма. А калі што і знойдзеш, дык плацяць «капейкі». «Хімік» мусіць сам сабе зарабляць на жыцьцё — харчаваньне, адзеньне, цыгарэты. Ніякага «дзяржпайку» няма — харчуесься з уласных запасаў і кішэні. Самая «каронная» мясцовая прафэсія — пастух. Але чыстымі больш за 100 тысяч не заробіш. Дый сэзонная гэтая праца. Добра, калі ёсьць каму памагчы харчамі — інакш зубы на паліцу.

Хлопцы спачатку апавядаюць асьцярожна, але, даведаўшыся, што мы апазыцыйныя журналісты, пачынаюць «наводзіць крытыку». Ваду п’юць іржавую, летам душу няма, не гаворачы ўжо пра лазьню, — грэюць ваду ў тазах і абмываюцца, зімой кантрасны душ — то цёплая ідзе вада з крана, то халодная. У пакоях, дзе сьпяць (па 10—14 чалавек), цесна, не выконваюцца санітарныя нормы. На працы кожны імкнецца «хіміка» абдурыць — не дадаць, не даплаціць або накарміць пратэрмінаванымі харчамі. Пытаемся: «А чаго маўчыце, ня скардзіцеся?» Адказваюць: «А навошта непрыемнасьцяў шукаць?» Адзін з хлопцаў расказвае сваю гісторыю-крыўду. Атрымаў «хімію» за бойку — засудзілі ажно шасьцярых. Адзін апынуўся ў Менску і ўладкаваўся на трактарны, дык атрымлівае 350 баксаў і адхрышчваецца ад усіх амністый — маўляў, буду цягнуць лямку «да канца». Згадзіўся б, напэўна, «хімічыць» да пэнсіі. Другі трапіў у Віцебск і таксама някепска зарабляе — 400—500 тыс. рублёў. А вось яму не пашанцавала.

Зь Севярынцам прыехалі бацькі, Валеры Шчукін і Вадзім Баршчэўскі. Адразу вядзём Паўла фатаграфавацца да шыльды папраўчай установы. Павал жартуе, усьміхаецца. Кажа, што месцам «высылкі» задаволены, бо мясьціна гераічная і легендарная. З камэндатуры на ганак выскокваюць два праваахоўнікі: маўляў, што тут робіце? Бацька Паўла, Канстанцін Севярынец, адказвае за ўсіх: «Прывезьлі вам выхаванца, здаваць будем. Толькі пачакайце, мы яшчэ кавы пап’ём». Супакойвае міліцыянтаў і Шчукін: «Не хвалюйцеся, узрываць вашай канторы ня будзем». Міліцыянты сыходзяць.

Вінцэсь бярэ інтэрвію ў Паўла, а я размаўляю са старэйшым Севярынцам. Пачуўшы ад мяне пра сынавы пэрспэктывы пастуха, ён усьміхаецца: «Я яму ўжо пра тое гаварыў — ну і не трагічна, філязофская прафэсія». Вінцэсю Павал кажа, што ўжо ведае пра мясцовага краязнаўца Віктара Карасёва і нават мае ягоную кнігу «Мая любоў — Ветрына». Трэба меркаваць, празь нейкі час павінна зьявіцца кніга пра Ветрына і ад Паўла Севярынца.

Але Паўла накіроўваюць на іншае месца працы, нашмат больш глухое. Гэта леспрамгас на станцыі Алёшча. Жыць ён будзе ў інтэрнаце для «хімікаў» у вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну, за пяць кілямэтраў ад станцыі.

Алёшча — апошняя беларуская станцыя на чыгуначнай лініі Полацак — Невель. Месьціцца яна за чатыры кілямэтры ад расейскай мяжы і ў сарака кілямэтрах ад Полацку. Гэта самы дзікі край Полаччыны — Мэка паляўнічых, ягаднікаў і грыбнікоў. Вакол цудоўныя азёры — Сітна, Чарбамысла, Ізмок, Нядружна, з тых краёў бярэ выток Палата, у 1979 годзе тут быў створаны заказьнік Глыбокае-Чарбамысла. Легендарная й сама вёска Малое Сітна, у 1563 годзе тут быў пабудаваны абарончы замак, захавалася замчышча, на якім устаноўлена мэмарыяльная пліта. Мясьціна гэтая даўно чакае свайго дасьледчыка. Відавочна, Севярынец будзе працаваць у леспрамгасе да пачатку зімы. Зімаваць «хімікаў»-сэзоньнікаў звычайна вяртаюць на «галоўную базу» папраўчай установы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0