Браць грошы на рэвалюцыю забаронена

А.Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ, скіраваны на зьмяншэньне замежнага ўплыву на краіну. Ён унёс зьмены і дапаўненьні ва ўказ «Аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе, што даецца Беларусі». Забараняецца атрымліваць тэхдапамогу ў антыканстытуцыйных мэтах, для захопу ці скіданьня дзяржаўнай улады, умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны, прапаганды вайны альбо гвалту. Асаблівая ўвага зьвяртаецца на тое, што такая дапамога ня можа выкарыстоўвацца для правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў, мітынгаў, страйкаў, агітацыйна-масавай працы з насельніцтвам. Указам да міжнароднай тэхнічнай бязвыплатная аднесена дармовая дапамога ў форме правядзеньня сэмінараў і канфэрэнцый. Арганізатары такіх мерапрыемстваў мусяць падаваць інфармацыю ў дзяржведамствы.

Вайна «шэрым» мабільнікам

МУС Расеі правяло ў сераду беспрэцэдэнтную акцыю па прадухіленьні незаконнага імпарту мабільных тэлефонаў. Міліцыянты перакрылі ў маскоўскіх аэрапортах незаконныя пастаўкі сотавікаў зь Нямеччыны і Фінляндыі. «Затрымана» каля мільёна мабільных тэлефонаў, якія потым меркавалася рэалізаваць цераз дылерскія сеткі «Сувязны» і «Эўрасетка», што дзейнічаюць і ў Беларусі. Спэцыялісты мяркуюць, што захады МУС прывядуць да росту цэн на рынку мабільных тэлефонаў на 15%.

Скарачэньне насельніцтва

Насельніцтва Беларусі за першае паўгодзьдзе зьменшылася на 29 тыс. чалавек. Гэта абумоўлена перавышэньнем на 30 тыс. чалавек колькасьці тых, хто памёр, над колькасьцю, тых, хто нарадзіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0