50 радкоў рэдактара

Гаварылі пра вяртаньне сталінскіх часоў, а вярнуліся царскія. Палата-Дума ізабражае дэмакратыю. Народ веруе ў цара-бацьку. Апазыцыйныя палітыкі сядзяць у Шушанскіх або Лонжюмо. «Наша Ніва» выходзіць. Багдановічы-Хадановічы пішуць. Царскай міласьцю Трашчанок змагаецца з шляхецкім уплывам. І самадзяржаўе, і праваслаўе, і народнасьць — усё ў наяўнасьці. І адпаведная дыскусія западнарусаў зь беларусамі.

Хваля абурэньня

Найлепшы адказ «Нямецкай хвалі» дало, вядома, MTV. На жаль, гурток радыёаматараў парушыў падставовы прынцып нацыянальнага адзінства: адраджэньне мовы і нацыянальнай культуры стаіць па-за абмеркаваньнем. Выбухнула дыскусія. Рашэньне «Нямецкай хвалі» разбурыла адзінства незалежнага грамадзтва. Для мяне гэтага досыць, каб яно было перагледжанае. А вось як ставіць пытаньне Сяргей Харэўскі: грамадзтва вернецца да нармальнасьці, калі станецца пакаяньне за адрачэньне ад мовы. Калі ж усё сьпісваецца на «аб’ектыўнасьць» працэсаў, застаецца правапераемнасьць старых русіфікатарскіх традыцый. Бліскучы адказ зарасейшчыкам дае Віталь Сіліцкі. Для мяне ж важна было пачуць меркаваньне Васіля Сёмухі — культавага перакладчыка зь нямецкай.

У цяперашняй сытуацыі вінаватая ня столькі Нямеччына. Таму важна ўнікаць крайнасьцяў, антынямецкая рыторыка недарэчная. Важна аднаўляць і будаваць нямецка-беларускі давер. Нямеччына, без сумневу, будзе стратэгічным партнэрам Беларусі пасьля вяртаньня краіны ў мэйнстрым эўрапейскай гісторыі.

Галоўны аргумэнт, якім карыстаюцца прыхільнікі расейскай мовы «Нямецкай хвалі», — вынікі сацыялягічных апытаньняў НІСЭПД. Даўнейшых рэвалюцыянэраў называлі нявольнікамі ідэяў, цяперашнія — тожа мне дысыдэнты — рабы сацыялёгіі.

А беларусы — мы ж народ асаблівы. Мы яшчэ ня вызначыліся, не сфармаваліся да канца. У нас пытаюць: ты за што? А мы кажам: я і за тое, і за тое. Мы за саюз з Расеяй і ўваходжаньне ў Эўропу шасьцю губэрнямі. За беларускую мову і расейскую таксама. Эх, ня можна, шкада, галасаваць за некалькіх кандыдатаў адразу. І як ты да нас падыдзеш з сацыялягічным мярылам?

Драма Тозіка

Арышт дырэктара «Джэм-банку» агаліў канфлікт, які тлее ў Лукашэнкавым атачэньні. Зьявіліся публікацыі аб тым, што дырэктар «Джэм-банку» Аляксандар Татарынцаў «зьвязаны» з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Віктарам Шэйманам. Між тым справу «Джэму» ўзбудзіў Камітэт фінансавых сьледзтваў Дзяржкантролю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0