З Хэльсынкі зь перамогамі

З чэмпіянату сьвету па лёгкай атлетыцы, што прайшоў у сталіцы Фінляндыі 6—14 жніўня, беларусы прывезьлі пяць мэдалёў — два залатыя, два сярэбраныя і адзін бронзавы. «Золата» на рахунку Надзеі Астапчук (штурханьне ядра) і Івана Ціхана (кіданьне молату), «срэбра» — Рыты Туравай (хадзьба на 20 км) і Вадзіма Дзевятоўскага (кіданьне молата), бронза — у жаночай эстафэты 4 па 100 мэтраў — Юліі Несьцярэнкі, Натальлі Салагуб, Алены Неўмяржыцкай і Аксаны Драгун.

У агульным мэдальным заліку (па залатых узнагародах) беларуская каманда заняла пятае месца. Першая — зборная ЗША (14, 8, 3), затым Расея (7, 8, 5), Этыёпія (3, 4, 2), Куба (2, 4, 0).

Страсьці па Грабоўскім

Працягваецца справа форварда нацыянальнай хакейнай зборнай Міхаіла Грабоўскага. Падчас травеньскага чэмпіянату сьвету па хакеі было заяўлена, што ён пераходзіць зь ніжнякамскага «Нафтахіміка» ў склад чэмпіёнаў Расеі — маскоўскага «Дынама». Але тут прад’явіў прэтэнзіі казанскі «Ак Барс», які давёў, што Грабоўскі колькі месяцаў таму заключыў кантракт менавіта з татарскім клюбам.

І «Ак Барс», і «Дынама» апэлявалі да кантрактаў. Справу перадалі дысцыплінарнаму камітэту, які, карыстаючыся літарай рэглямэнту, мусіў дыскваліфікаваць беларуса на два гады.

У панядзелак, 15 жніўня, камітэт пайшоў на беспрэцэдэнтны крок — перадаў справу на вырашэньне калегіі расейскай супэрлігі. Зроблена гэта было пад уплывам трэнэра маскоўскага «Дынама» і зборнай Расеі Ўладзімера Крыкунова. Былы настаўнік зборнай Беларусі кажа, што беларуса падвяла вера ў джэнтэльмэнскае пагадненьне. Грабоўскі заключыў папярэдні кантракт з «Ак Барсам», але з умовай, што, калі захоча перайсьці ў «Дынама», кантракт з татарамі анулюецца. Ні «Нафтахімік», ні «Ак Барс» слова не стрымалі. Зрэшты, нават калі беларуса ўсё ж дыскваліфікуюць, неба не абваліцца. Хлопец зьедзе ў «Манрэаль Канадыенз».

АР; belapan.com, sport-express.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0