Тыдзень таму Талінскі гарадзкі суд стварыў цікавы прэцэдэнт для разуменьня эўрапейскага права на свабоду слова.

22-гадовы спадар Олеў Ханула быў прызнаны вінаватым у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці сваімі недарэчнымі выказваньнямі на інтэрнэт-форуме ды прысуджаны да выплаты штрафу ў памеры 3000 кронаў (190 эўра).

Прычынай стаўся камэнтар, зроблены хлопцам на форуме папулярнага інтэрнэт-выданьня «Delfi.ee», на якім абмяркоўваўся ізраільска-палестынскі канфлікт. Адказьнік заявіў у залі суду, што выказваньне «juudid ahju» («габрэяў — у печ») — цалкам банальная ды пашыраная фраза ў эстонскім сэгмэнце Інтэрнэту і, больш за тое, напісаўшы яе, ён ня меў намеру заклікаць каго-небудзь да гвалту ў дачыненьні габрэяў. Антысэмітам сп.Ханула сябе таксама прызнаваць адмаўляўся. Матывацыю ж да падобнага выказваньня ён абгрунтоўваў хібамі ўнутранай ды замежнай палітыкі Ізраілю.

Загадчыца Габрэйскай грамады Эстоніі Цыля Лаўд заявіла, што «ня ведае, чым габрэі яго так раззлавалі». «Я наагул не разумею, як можна злавацца на некага праз нацыянальнасьць». Цікава, што актыўнай асобай у дадзеным выпадку выступіў і рэдактар інтэрнэт-выданьня сп.Март Пук, які заявіў, што сп.Ханула — злачынец і мусіць быць пакараным. «Мы нібы запалкавая фабрыка. Запалкі прызначаны для таго, каб распаліць у печы ды запаліць сьвечкі. Некаторыя падпальваюць хату і павінны быць пакараныя. Вінавата не запалкавая фабрыка, а злачынец».

Як бачым, суд палічыў, што адказьнік заклікаў да падпалу ня проста хаты… Такім чынам, Эстонія стварыла істотны судовы прэцэдэнт па разьмежаваньні свабоды слова й ксэнафобскіх выказваньняў. А цікавы гэны прэцэдэнт перадусім у катэгорыях эўрапейскага права, бо Эстонія — паўнапраўны чалец Рады Эўропы ды неаднаразова выступала адказьніцай у Страсбургу. Дарэчы, Эстонія часьцяком выйграе справы ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека, што даводзіць узважлівасьць ды кампэтэнтнасьць тамтэйшых судзьдзяў. Бадай што самай вядомай справай у галіне свабоды слова з удзелам гэтай балтыйскай краіны было слуханьне «Тамэр супраць Эстоніі» (справа журналіста і выдаўца штодзённай газэты Postimees. — «НН»). Тады эстонскі суд філігранна разьмежаваў катэгорыі «палітычны дзеяч» ды «звычайны грамадзянін» (апошнія валодаюць больш высокай ступеньню абароны ад абразьлівых выказваньняў), што й было пацьверджана ў 2001 г. страсбурскімі судзьдзямі.

Эстонскі прэцэдэнт цікавы тым, што выказваньне, якое відавочна трапляе пад абмежаваньне свабоды слова, было апублікавана ў сетцы Інтэрнэт. На форуме! Гэтая справа наўрад ці дойдзе да Эўрапейскага суду, бо пакараньне, да якога прысуджаны эстонскі маладзён, — усяго штраф. На жаль, бо калі гэтае рашэньне было б афіцыйна пацьверджана (у чым насамрэч практычна няма сумневаў) у Страсбургу, зьявілася б новая норма эўрапейскага права: «Інтэрнэт-выказваньні трапляюць пад абмежаваньні ч.2 арт.10 Эўрапейскай канвэнцыі».

Для беларускага судзьдзі ў рашэньні па гэтай справе інтэрас палягае акурат у вызначэньні ступені пакараньня. Ніякага турэмнага зьняволеньня — нават за антыканстытуцыйнае выказваньне, ня кажучы ўжо пра абразу пэўных асобаў… Звычайны грамадзянскі працэс. Нагадаем, што пазыцыя, у тым ліку Эўрапейскага суду па правах чалавека, па гэным пытаньні ёсьць цалкам акрэсьленай: «У вызначэньні канкрэтнай формы пакараньня мусіць ацэньвацца перадусім крытэр сувымернасьці, крымінальнае заканадаўства гэтаму крытэру практычна ніколі не адпавядае, бо спараджае «атмасфэру страху» ды перакладае цяжар доказу на абвінавачванага».

Выснова: запалкі трэба выкарыстоўваць па прызначэньні, дарагія грамадзяне й вельмішаноўныя судзьдзі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0