У пятніцу ў адмысловым прэс‑рэлізе Аляксандар Мілінкевіч выказаў сваю пазыцыю адносна вынікаў Кангрэсу дэмсіл, дзейнасьці Палітрады, руху «За Свабоду» і свайго месца ў апазыцыйным асяродку.

А. Мілінкевіч кажа пра тое, што Кангрэс ня «можа называцца Кангрэсам дэмакратычных сілаў. Гэта быў Кангрэс партыйных актывістаў… Стратэгія, прынятая на Кангрэсе, павялічвае ізаляцыю апазыцыі ад грамадзтва. Яна адпавядае інтарэсам уладаў. Мая стратэгія — актыўныя дзеяньні, праца з насельніцтвам, абарона рэпрэсаваных, ціск на ўладу».

Пасьля Мілінкевіч прайшоўся па форме сустаршынства ў апазыцыі: «Такая форма працы не дазволіць аб’яднаць пазапартыйныя дэмсілы. Акрамя таго, беларускае грамадзтва чакае ад апазыцыі пэрсанальнай альтэрнатывы Лукашэнку».

Мілінкевіч кажа, што Рух «За Свабоду» ствараўся з мэтай прыцягненьня ў апазыцыйны асяродак новых сілаў, бо «чыста палітычныя праекты сёньня маюць вельмі абмежаванае поле ўнутры самой Беларусі». Падмуркам руху «За Свабоду» будуць найперш тыя людзі, якія арыентаваныя на «нацыянальныя і праэўрапейскія каштоўнасьці».

Мэтамі рух «За свабоду ставіць»: «Удзел у выбарчых кампаніях, навучаньне і падтрымка беспартыйных і партыйных кандыдатаў, распаўсюд інфармацыі і правядзеньне масавых акцыяў». Таксама Мілінкевіч лічыць, што варта больш актыўна працаваць з трэцім сэктарам, які «чуйна адгукаецца на праблемы грамадзтва».

Напрыканцы звароту Мілінкевіч адзначыў: «Я не прыпыняю супрацоўніцтва зь сябрамі новай Палітрады. Я палітык і адначасова грамадзкі лідэр. Лічу, што ў сёньняшніх ўмовах менавіта мне прыпадае місія кансалідацыі шырокай дэмакратычнай супольнасьці. Гэта таксама ёсьць адказам на чаканьні маіх прыхільнікаў».

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0