Пад ціскам грамадзкасьці А.Лукашэнка зьмякчыў кантрактную сыстэму.

23 жніўня прэзыдэнт Беларусі падпісаў указ №392, скіраваны «на ліквідацыю суб’ектывізму наймальнікаў у пытаньнях падаўжэньня, перазаключэньня і спыненьня кантрактаў з работнікамі».

У адпаведнасьці з дакумэнтам, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, падаўжэньне кантракту будзе ажыцьцяўляцца «ў межах яго максымальнага тэрміну дзеяньня, усталяванага Працоўным кодэксам (ня больш за пяць год), але на тэрмін ня менш за адзін год». Пры гэтым на меншы тэрмін кантракт будзе падаўжацца зь пісьмовай згоды работніка. Па сканчэньні максымальнага тэрміну дзеяньня кантракту ці пры пераводзе работніка на іншую працу магчыма заключэньне новага кантракту на тэрмін ня менш за адзін год. Указ таксама скіраваны на ўзмацненьне правоў бацькоў малалетніх дзяцей і асоб перадпэнсійнага ўзросту.

Лідэр незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук вітаў гэтыя зьмены, але лічыць гэтыя захады недастатковымі. «Гэтыя крокі не скасоўваюць прыгоннага характару кантрактнай сыстэмы, якая сёньня ёсьць у краіне».

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць указ палітычным крокам, часткай прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі: «А.Лукашэнка, разумеючы незадаволенасьць людзей кантрактамі, пайшоў на паслабленьні з палітычных меркаваньняў».

У цэлым, унесеныя зьмены можна лічыць перамогай прафсаюзаў і дэмакратычнай апазыцыі, якія пасьлядоўна крытыкавалі ўвядзеньне кантрактавай сыстэмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0