Толькі летам 1945-га году лясьнічы з суседняй вёскі, ідучы з касою на сенажаць, заглянуў у бліжэйшы лес — пашукаць грыбоў. І ўбачыў у гушчары на галіністым клёне будан з саламяным дахам, адкуль злазіў Захар. Лясьнічы пазнаў Захара і загадаў ісьці ў вёску, хоць той і прасіў не выдаваць яго.

Да вайны мянушкі ў нашай вёсцы давалі часта, звычайна мужчынам з пэўнымі рысамі харатару, гамонкі, узроставых «перакосаў» у паходцы. Аднаму далі мянушку «Воўк», другому, ужо немаладому, тоўсьценкаму і росту невысокага, — «Шпунт». Хлапцу, які меў траўму галавы, атрыманую ў дзяцінстве ад падзеньня зь печы, прыляпілі мянушку «Таркованка», бо ён заікаўся і з працягам вымаўляў літару «р». Быў у вёсцы і носьбіт мянушкі па назьве габрэйскага сьвятара — «Рэбэ» — за рыжыя валасы і нос з гарбінкай.

А вось Захару Машкевічу, цыбатаму, з загнутай дугой да шыі сьпінай, далі даволі трапную, на думку вясковых вастрасловаў, мянушку — «Полаз». Паводле падабенства з санным полазам. А можа, і таму, што Захар быў чалавек нелюдзімы. Ухіляўся ад вулічных вечаровых мужчынскіх пасядзелак на лаўках, за што яго, вядома, недалюблівалі.

У часы прымусовай калектывізацыі Захар застаўся адзіным на вёсцы аднаасобнікам, на ўгаворы жонкі, замужняй дачкі, што жыла паблізу, на пагрозы сельсавецкіх актывістаў адказваў з хмурай рашучасьцю: «Хоць рэжце, хоць забіце мяне, а ў калгас не пайду. Зямлю маю забірайце, а каня не аддам». Зямлі той у яго было гектары два. Ня болей. Аднак праўленцы калгасу ўсё ж уважылі Полаза, выдзеліўшы за вёскай, сярод балота, грудок цаліны, сотак дваццаць. Захар там сеяў авёс — на пракорм каню, на якім езьдзіў у недалёкае мястэчка, дзе ўладкаваўся начным вартаўніком у нейкай арцелі. Жонку таксама не пусьціў у калгас, і яны жылі зь яго сьціплага заробку і агароду.

Але калі ў 1937 годзе за адну ноч «чорны воран» зьвёз зь вёскі траіх мужчын у слуцкую вязьніцу, адкуль яны ўжо не вярнуліся, то Захар стараўся не начаваць дома, калі ў яго былі выхадныя дні, — баяўся арышту. Аднак пагаворвалі, што за Полаза заступіўся пляменьнік, які працаваў у суседняй вёсцы ў сельсавеце.

Позьняй восеньню 1941-га году ў вёску завітаў на кані з воласьці паліцай у доўгім салдацкім шынялі з савецкай вінтоўкай-дзесяцізарадкай. Зайшоўшы ў хату Захара, заявіў, што назначае яго старастам і з гэтага дня ён павінен будзе выконваць усе распараджэньні акруговай улады. Захар спрабаваў адмовіцца ад такой абузы, гаварыў, што непісьменны, пасьпеў у дзяцінстве закончыць толькі дзьве клясы, што яму ўжо 52 гады споўнілася — пашукай, маўляў, маладзейшага на гэту пасаду. Але паліцай быў няўмольным: будзеш адпірацца — трапіш у турму як сабатажнік. І выйшаў.

Нейкі час ня ўсе ў вёсцы і ведалі, што Захара назначылі старастам, бо ў адносінах да вяскоўцаў ён не праяўляў варожасьці, ніякіх пагроз. Уладжваў, пасьля распаду калгасу, спрэчкі паміж уладальнікамі зямельных паёў, разносіў восеньню па хатах квіткі на пастаўку збожжа новай уладзе. Пры гэтым падкрэсьліваў, што за невыкананьне немцы могуць расстраляць. А такое было ў адной зь недалёкіх вёсак, дзе акупанты расстралялі сем сем’яў — неплацельшчыкаў падаткаў. Ня мог ня ведаць Захар, хто зь вяскоўцаў захоўвае ў тайніках вінтоўкі і патроны, сабраныя імі ў лесе і жыце, ля дарогі пры адступленьні ў першыя дні вайны савецкіх салдат. Але нікога ня выдаў, нават пасьля таго, як партызаны атрымалі ад вяскоцаў пад 20 вінтовак, сотню патронаў, нават ручны кулямёт.

Зь вясны 1943-га году партызаны часьцяком ноччу наведваліся ў вёску невялікімі групамі, забіралі ў сялян адзеньне, абутак, сала, шукалі самагонку. Нехта паказаў ім на хату старасты. Захара папярэдзілі, што калі ня здасьць свае паўнамоцтвы, то яго расстраляюць як нямецкага паслугача. Даведаўшыся пра гэта, сусед Захара, які трымаў сувязь зь ляснымі салдатамі, параіў ім выкарыстоўваць старасту ў сваіх мэтах: маўляў, ён можа сабраць па вёсцы для вас лішкі адзеньня, абутку, збожжа. Але камандзір групы катэгарычна адмовіўся ад такой зьдзелкі. І мусіў Захар з жонкай ды малодшай дачкой перабірацца ў Слуцак, там яму далі нейкі куток у старым запушчаным будынку. У вёску ён прыяжджаў рэдка, дый тое ў суправаджэньні паліцаяў, што, вядома, настройвала вяскоўцаў па-варожаму.

Летам 1944-га году, калі Случчыну вызвалілі ад немцаў, жонка і дачка Захара вярнуліся ў сваю хату. На запытаньні суседзяў, куды дзеўся Захар, адказвалі коратка: «Ён нам нічога не казаў, можа, хутка вернецца». Баючыся адказнасьці за сваё «старастоўства», Захар усё ж не падаўся за нямецкімі абозамі на захад, а вярнуўся дамоў і хаваўся ў падпольлі, аб якім ніхто з суседзяў, можа, і ня ведаў. Толькі летам 1945-га году лясьнічы з суседняй вёскі, ідучы з касою на сенажаць, заглянуў у бліжэйшы лес — пашукаць грыбоў. І ўбачыў у гушчары на галіністым клёне будан з саламяным дахам, адкуль злазіў… Захар. Лясьнічы пазнаў Захара і загадаў ісьці ў вёску, хоць той і прасіў не выдаваць яго.

Потым былі слуцкая вязьніца, суд, які вынес Захару ня надта суровую па тым часе кару — 10 гадоў высылкі на Поўнач. Вярнуўся ён адтуль пасьля сьмерці Сталіна і амністыі старым і яшчэ болей «полазавым». Казалі вяскоўцы, што Захар у нейкім саўгасе Пермскай вобласьці пасьвіў статак, за што яго і кармілі.

Па вяртаньні з высылкі ён жыў з замужняй малодшай дачкой, бяз пэнсіі, як і яго жонка. Карміліся з сваёй сядзібы. Калі Захар памёр, то праводзілі яго ў апошні шлях толькі дочкі, унучка і двое пажылых мужчын, што капалі яму. Болей ніхто зь вяскоўцаў не прыйшоў. Гэтак жа сама яны адплацілі і тром колішнім «кулакам», якія пасьля вайны, састарэлыя і хворыя, вярнуліся з-пад Котласу ў сваю вёску, дзе ад колішняга іх жытла не засталося і бервянца. Калі памерлі, то на пахаваньне прыйшло чалавек пяць, зь ліку далёкіх сваякоў, астатнія вяскоўцы збаяліся, каб часам іх не западозрылі ў прыхільнасьці да «клясавых» элемэнтаў, бо яшчэ доўга жыў у вёсцы страх ад 1930-х гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0