Правіннасьць вешальнікаў флэшак пра прэзыдэнта ня ў тым, што яны некарэктна яго малявалі, а ў тым, што яны ўвогуле яго малявалі.

Цяжка ўявіць, што БРСМ у кантэксьце апошніх падзей спусьціць разнарадку: «Для барацьбы з анімацыйнымі правакацыямі ў сетцы тэрмінова арганізаваць пры кожным абкаме мультстудыі і папулярызаваць курс дзяржавы праз пазытыўны вобраз бацькі-мульцяшкі». Або загадчык прэзыдэнтавай гаспадаркі расколецца на бабло і перакупіць Куваева, каб расейскі аніматар зафігачыў пралукашэнкаўскі мульт з Масяняй. Па сюжэце Масяня сустракаецца зь беларускім правадыром і ў захапленьні гаворыць: «Ану, бацька, хадзем мо пакурым!»

Любы графічны вобраз правадыра выклікае спантаннае жаданьне набраць тэлефон даверу КДБ.

Усё таму, што выяўленьне асобы графічнымі сродкамі (малюнак, мульцік) — гэта заўсёды маленькая няўдалая апэрацыя па кланаваньні. Мастак або мультыплікатар, нават малюючы пад капірку, усё роўна дапусьціць нейкі дэфэкт, адыход ад арыгіналу хоць бы таму, што ў яго ёсьць свой стыль.

Цяжка ўявіць сябе, што было б, калі б у дзяржаўных установах дазволілі вешаць партрэты кіраўніка дзяржавы ў выкананьні прадстаўнікоў розных мастацкіх школ. Ну, сацрэалізм я яшчэ разумею. Аднак, убачыўшы у холе якога-небудзь міністэрства партрэт Яго пэндзля нейкага кубіста, прадстаўнік электарату трохі ачумеў бы: квадратныя вусы рознага колеру не адпавядаюць іміджу палітыка, які выратаваў краіну ад буры.

Такім чынам, лёгіка Макіявэлі патрабуе абмежаваньня права на выяўленьне самародка, які зьняў расейцаў з чамаданаў. Бога не малююць! — як у жыдоў. Тыя забараняюць маляваць Яхве, спасылаючыся на выпадак з Ааронам. Гэты габрэйскі Цэрэтэлі выявіў бога ў вобразе цяльца і замаладзіў ізраільцян маліцца ідалу. Натуральна, арганізаваны Ааронам фэст ператварыўся ў фэтышысцкую оргію. Нарэшце, мусульмане проста замянілі партрэт Алага пэнтаграмай.

Ня дзіўна, што сёньня прадаўцоў опіюму для народу абсалютна ня парыць фэномэн папулярнасьці флэш-анімацыі. Паспрабуй зрабі героем мульціка пэнтаграму. А жыхароў Драздоў парыць. Адзінае выйсьце — указ аб забароне выяўленьня шэрагу палітыкаў. Як і ў справе са словам «беларускі», манапольнае права адлюстроўваць іх фізіяноміі павінен мець выключна спэцкамбінат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0