Кіраўніцтву «Нямецкай хвалі» трэба падзякаваць за рашэньне зрабіць праграму на расейскай мове. Палеміка вакол моваў вяшчаньня «Хвалі» толькі падаецца другараднай. Насамрэч размова тычыцца фундамэнтальных для сучаснага сьвету рэчаў.

1 верасьня адзначаецца гадавіна трагічных падзей у Бэслане. На гэты дзень таксама прыпадаюць 66-я ўгодкі пачатку Другой сусьветнай вайны. 2 верасьня — 60-я гадавіна яе заканчэньня. Ці ёсьць сувязь паміж гэтымі датамі? Прыхамаць чалавечага розуму дазваляе, у прынцыпе, зьвязаць паміж сабой якія хочаш падзеі ды эпохі. У гэтым выпадку даводзіцца згадваць вядомую ісьціну: на ўроках гісторыі ніхто ня вучыцца. Асабліва слушна гэта гучыць для тых краін, улады якіх ня толькі ня хочуць вучыцца ў гісторыі, але разглядаюць яе проста як дапаможнік у прапагандзе. Нейкія старонкі можна перапісаць на патрэбны ўладам капыл, нейкія — проста выкінуць…

Злачынства й пакаяньне

60-я ўгодкі заканчэньня Другой сусьветнай вайны, у адрозьненьне ад 60-годзьдзя Перамогі, у Беларусі наўрад ці будуць адзначацца. Гэта й зразумела. Інакш давялося б гаварыць і пра ролю антыгітлераўскай кааліцыі, і аб унёску ў перамогу над Нямеччынай ды Японіяй Злучаных Штатаў. Зразумела, гэтая роля па-рознаму ацэньваецца ў ЗША і ў тых краінах, што пацярпелі паразу ў вайне, а ў сьвядомасьці японцаў 1945-ты год асацыюецца перш за ўсё з бамбаваньнем Хірасымы й Нагасакі. Тым ня менш, японцы памятаюць ня толькі пра гэта, стараючыся засвоіць урокі мінулага. Так, прэм’ер-міністар Каідзумі нядаўна выказаў ад імя свайго народу шкадаваньне ды прынёс выбачэньні ўсім народам Азіі за тыя пакуты, што прынесла ім японская акупацыя.

Нямецкі народ, які таксама заплаціў страшную цану за палітыку Гітлера, у асобе найлепшых прадстаўнікоў інтэлігэнцыі, палітыкаў і проста сумленных людзей не аднойчы пакаяўся за ваенныя злачынствы мінулага. І ня проста пакаяўся. Нямеччына выплаціла кампэнсацыі нашчадкам ахвяраў галакосту, былым вязьням лягераў, цягам некалькіх гадоў была сярод першых у розных дабрачынных ініцыятывах у дачыненьні да краін былога СССР, у тым ліку Беларусі. З свайго боку, праз 60 гадоў пасьля вайны немцы маюць права разьлічваць на гуманнае стаўленьне да загінулых салдат вэрмахту. Парэшткі многіх тысяч палеглых у Беларусі салдат усё яшчэ чакаюць свайго пахаваньня на прыстойных могілках. Усім вядома выказваньне аб тым, што вайна можа лічыцца завершанай толькі тады, калі пахаваны апошні з салдатаў, што загінулі на ёй.

Паліткарэктнасьць па-нямецку

Тым больш недарэчнымі, невытлумачальнымі й недапушчальнымі падаюцца выпадкі, калі афіцыйныя прадстаўнікі нямецкага народу пачынаюць гаварыць з прадстаўнікамі беларускага народу зьняважлівай мовай — так, як гавораць іншым разам зь недарослымі дзецьмі. Назваць заяву пасольства ФРН «у сувязі з паступаючымі на імя Пасла Германіі лістамі» хаця б паліткарэктнай не выпадае. Цяжка сказаць, ці зьяўляецца заява плёнам канцылярскай думкі супрацоўнікаў нямецкага пасольства ды асабіста пасла Германіі, ці яна адлюстроўвае стыль нямецкай дыпляматыі ў дачыненьні да Беларусі ў цэлым. У апошняе вельмі не хацелася б верыць, бо гэта азначала б, што Другая сусьветная вайна сапраўды яшчэ не завершана — прынамсі, у галовах некаторых эўрапейцаў.

Пакідаючы ўбаку стыль дакумэнту, варта зьвярнуць увагу на апошні абзац, дзе робіцца спасылка на апытаньні грамадзкай думкі, якія «пацьвярджаюць важную ролю расейскай мовы як адной зь дьвюх афіцыйных моў, асабліва ў палітычнай сфэры». Фантастычным чынам мова тытульнай нацыі нідзе не названая роднай мовай беларусаў. То бок у пасольстве прызнаюць яе толькі ў якасьці «адной зь дзьвюх афіцыйных моў». Гэта сапраўды жалезная лёгіка, калі гаворка вядзецца пра абгрунтаваньне вяшчаньня перадач радыё «Нямецкая хваля» па-расейску.

Але калі нямецкія дыпляматы хочуць паказаць, што яны законапаслухмяныя, што яны пасьлядоўна імкнуцца строга выконваць беларускі закон аб мовах, дык чаму б тады не прапанаваць варыянт вяшчаньня «Нямецкай хвалі» на дзьвюх мовах — расейскай і беларускай?

Найперш удакладнім некаторыя рэчы. «Нямецкая хваля» як нямецкая радыёстанцыя мае права «ажыцьцяўляць сваё вяшчаньне на мовах, колькасьць якіх абмежаваная», — хоць на расейскай, хоць на кітайскай, хоць на урду ці дары. Гэтаксама прадстаўнікі розных народаў маюць права або ня слухаць перадач «Нямецкай хвалі», або слухаць і пры гэтым крытыкаваць іх. Безумоўнае права крытыкаваць перадачы й вяшчальную палітыку «Нямецкай хвалі» маюць і беларускія слухачы. Хацелася б верыць, што хаця б у гэтым праве (у адрозьненьне ад права карыстацца роднай мовай) кіраўніцтва радыёстанцыі сваім слухачам не адмаўляе.

«Заграница нам поможет…»

Пратэст інтэлігенцыі ў сувязі з тым, што «Нямецкая хваля» мае намер новую праграму, прызначаную для Беларусі, трансьляваць па-расейску, выглядае дзіўным. Рэч ня ў сутнасьці пратэсту, а ў адрасаце. Чаму з аналягічным зваротам яго ініцыятары не зьвярнуліся раней да беларускага кіраўніцтва? Чаму не выступалі з крытыкай расейскамоўнай этэрнай палітыкі БТ і радыё, ці хаця б адной з FM-станцый? Апазыцыя ды інтэлігэнцыя стаміліся змагацца за мову, праводзіць пікеты, акцыі пратэсту ў яе падтрымку? Уся надзея ў справе выратаваньня беларускай культуры засталася толькі на заходнія дзяржавы? Тады гэтыя дзяржавы і будуць дапамагаць апазыцыі такім чынам, які будзе падавацца ім зразумелым і лягічным. Таму і гучаць адказы ў стылі «Бярыце што даюць!».

Калі самі апазыцыйныя лідэры ня могуць дамовіцца ня толькі наконт адзінага кандыдата, але і наконт прыярытэтаў (у тым ліку прыярытэту беларускай мовы) — дык ці варта чакаць ад эўрапейскіх палітыкаў, што яны за апазыцыю будуць праводзіць беларускую, а не расейскую культурную палітыку, займацца культуртрэгерствам?

Фактычна кіраўніцтву «Нямецкай хвалі» і Эўрасаюзу трэба падзякаваць за рашэньне зрабіць праграму для беларусаў на расейскай мове. Гэта проста дазволіла паглядзець на моўную сытуацыю Беларусі збоку. І, убачыўшы яе чужымі вачыма, жахнуцца з уласнай бездапаможнасьці, канфармізму ды проста абыякавасьці беларусаў. Ніякая «Нямецкая хваля» ці нават усе разам узятыя замежныя радыёгаласы сытуацыі, зразумела, ня зьменяць, нават калі ўсе яны пачнуць вяшчаць па-беларуску. Але ж і адсутнасьць хоць якой-небудзь альтэрнатывы расейскамоўнаму вяшчаньню канчаткова кансэрвуе цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі, пры якой яна застаецца ўсяго толькі пэрыфэрыяй расейскай палітыкі.

Самая папулярная мова

І тут узьнікае наступнае пытаньне, скіраванае ўжо да тых, хто разглядае расейскую мову ў СМІ, у тым ліку замежных, як панацэю ад палітычнай адсталасьці Беларусі, як адзіны спосаб данесьці да масаў дэмакратычныя каштоўнасьці й перадавыя думкі апазыцыі. Няўжо шаноўнае спадарства ўсур’ёз лічыць, што само па сабе веданьне расейскай мовы (а многія палітыкі й журналісты, на жаль, ня надта добра яе ведаюць, хоць і карыстаюцца) дазваляе пазбавіцца палітычнага правінцыялізму, заваяваць сапраўдную папулярнасьць у масах, прапанаваць прывабную праграму дзеяньняў? Аднаго такога палітыка мы ўжо маем. Ці, можа, стаўка робіцца на новых палітыкаў-клонаў, для якіх культура свайго народу, будучыня нацыі — пусты гук?

І яшчэ. Няўжо нехта ўсур’ёз думае, што мова — гэта ўсяго толькі набор граматычных правілаў, фанэтыка й правапіс? Няўжо не зразумела, што мова — гэта яшчэ і лад жыцьця? Калі б эўрапейскія палітыкі гэтага не разумелі, дык Нямеччына, напрыклад, даўно загаварыла б па-ангельску. А таксама Францыя, Польшча, Чэхія.

Навязваньне расейскай мовы азначае навязваньне расейскага ладу думак, стэрэатыпаў у палітыцы, культуры, манеры паводзінаў. Прайдзіцеся ўвечары па вуліцах Менску й паслухайце, на якой мове і што гавораць маладыя людзі. Вы на такой мове хочаце размаўляць з выбарцамі, спадары палітыкі й палітолягі? Закіды ў абарону расейскай мовы як адзінай мовы, на якой толькі й можна размаўляць зь беларускім электаратам, па сутнасьці, нічым не адрозьніваюцца ад прапановы ўзаконіць мат у этэры. Ну чаму ж, калі большасьць нашых суграма-дзян карыстаюцца матам у жыцьці, не зрабіць мацернае радыё? Яно пабіла б усе рэкорды папулярнасьці й зрабілася б прывабным для інвэстараў і рэклямадаўцаў. Чамусьці здаецца, што «Нямецкая хваля», напрыклад, адмовілася б ад такой ідэі. Але ж спасылацца на сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх большасьць насельніцтва слухае радыё па-расейску, ня ёсьць больш карэктным мэтадам перакананьня.

Як бы гэта ні адмаўлялі нямецкія палітыкі й дыпляматы, а таксама прадстаўнікі Эўразьвязу, усё-такі ў рашэньні зрабіць менавіта расейскамоўную перадачу для Беларусі бачыцца саступка ня толькі й ня столькі цяперашнім беларускім уладам, колькі ўладам расейскім. Прынамсі, тым палітычным колам, якія хацелі б зьмены цяперашняга беларускага рэжыму, але толькі такім чынам, каб сама Беларусь заставалася ў арбіце ўплыву Крамля. Карацей кажучы, каб ня сталася так, як ва Ўкраіне, дзе ўкраінская мова адыграла найважнейшую ролю ў кансалідацыі грамадзтва вакол дэмакратычнага і праэўрапейскага, а не прарасейскага кандыдата.

Палітыка рэвэрансаў

Самы час вярнуцца да ўрокаў гісторыі. 1 верасьня 1939 году Польшча была пакінута заходнімі дзяржавамі на разбор Гітлеру й Сталіну. Але яшчэ раней, у 1938-м, быў Мюнхэн, дзе Чэхія, разам з чэхамі й чэскай мовай, была прынесена ў ахвяру Гітлеру дзеля яго супакаеньня. А таксама ў ахвяру самазаспакаеньню заходніх палітыкаў. Цяперашняя палітыка рэвэрансаў некаторых заходніх краін перад Крамлём прымушае іншым разам аб гэтым успомніць. Даволі доўгі час на Захадзе гаварылі пра Пуціна як пра цывілізаванага палітыка, зь якім можна й трэба мець справу. Тым больш што ад Расеі шмат у чым залежыць, напрыклад, паліўная бясьпека Нямеччыны, іншых краін Заходняй Эўропы.

Здавалася б, пасьля Бэслану, дзе падчас штурму школы з закладнікамі-дзецьмі выкарыстоўваўся напалм, Захад павінен быў больш цьвяроза паглядзець на палітыку Пуціна. Але ж год пасьля Бэслану прайшоў пад знакам пуцінскай прапаганды аб неабходнасьці сумеснай з Захадам барацьбы зь міжнародным тэрарызмам. Маўляў, у Расеі і ў заходніх краін адны й тыя ж мэты. Злачынствы фэдэральных войскаў у Чачэніі, саму злачынную вайну на Каўказе ўсім прапанавана забыць. А вось пра нібыта законныя інтарэсы Расеі ў блізкім замежжы, наадварот, прапанавана памятаць і абавязкова ўлічваць іх — асабліва расейскія інтарэсы ў Беларусі.

Зразумела, усе аналёгіі й параўнаньні кульгаюць, прынамсі, на адну нагу. Палітыка, як вядома, — мастацтва магчымага. Але ж рабіць выгляд, што палітыка робіцца на роўным месцы, з нуля — так, як быццам не было гісторыі й няма будучыні, а ёсьць толькі сёньняшні дзень, — ня варта. Калі такую палітыку й называюць рэальнай, дык параўнаць яе можна хіба толькі з адным вядомым мэтадам у мастацтве — «сацыялістычным рэалізмам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0