ДЗЯЎЧЫНА НА ЛЯДОЎНІ

Цярплівасьць

Самы цярплівы чалавек у сьвеце сяд зеў на лаўцы каля плошчы Ды зынгоф. Поруч зь ім на лаўцы больш нікога не было, нават галубоў. Вычварэнцы ў грамадзкіх прыбіральнях настолькі дзіўна верашчалі, што было цалкам немагчыма не зважаць на іх. Самы цярплівы чалавек у сьвеце трымаў у руцэ газэту і рабіў выгляд.

Насамрэч ён нічога не чытаў, а чакаў нечага. Ніхто ня ведаў чаго.

Адзін ангельскі таблёід прапанаваў дзесяць тысяч фунтаў стэрлінгаў таму, хто дазнаецца, чаго гэты чалавек чакае, аднак нікому гэтага так і не ўдалося. У адзіным інтэрвію, якое ён пагадзіўся даць карэспандэнту каналу CNN, самы цярплівы чалавек расказаў, што ён шмат чаго чакае, але ня скажа, чаго менавіта, бо тут ня месца. «А дзе будзе месца?» — дапытваўся імпэтны карэспандэнт, аднак самы цярплівы чалавек у сьвеце нічога не адказаў, адно моўчкі чакаў наступнага пытаньня. Чакаў, чакаў, чакаў, пакуль нарэшце трансьляцыю не перанесьлі ў студыю.

Пілігрымы з усяго сьвету ішлі да яго, каб дазнацца, што за сакрэт ён хавае. Гіпэрактыўныя брокеры, гістэрычныя студэнты, людзі творчых прафэсій, якія наносілі самі сабе раны ў нецярплівым чаканьні абяцаных пятнаццаці хвілін славы. Самы цярплівы чалавек ня ведаў, што дакладна ён павінен ім сказаць.

— Пагаліцеся, — урэшце выціскаў ён, — пагаліцеся зь цёплай вадой — гэта страшэнна супакойвае нэрвы.

І ўсе мужчыны што шалёныя ляцелі ў ванныя пакоі ды пакідалі на тварах тысячы парэзаў. Жанчыны сьцьвярджалі, што ён шавініст. І што ягоныя словы — гэта яскравы прыклад мужчынскай агрэсіі, словы, якія дэ-факта адмаўляюць Евіным дочкам у праве дасягнуць стану заспакоенасьці нэрваў. Да таго ж, жанчыны лічылі яго звыродлівым. Лоры Андэрсан нават напісала пра яго песьню. «Вельмі цярплівы шавініст і страшыдла», — так называлася песьня. «Біялягічны гадзіньнік яго нікуды не ідзе», — сьпявалася ў шлягеры.

Самы цярплівы чалавек заснуў на лаўцы з напаўзаплюшчанымі вачыма. Ён сьніў мэтэарыты, што падаюць на зямлю ды глуха буркочуць, як аўтобусы; сьніў вульканы, што прачнуліся ды жахліва бурляць, як вада, якую спускаюць вычварэнцы ў прыбіральнях; сьніў дзяўчыну, якую ён кахае ўжо многа год і якая расстаецца са сваім мужам ды ціўкае, як птушка.

За два мэтры ад яго лаўкі голуб з галубкаю намагаліся выбраць адно аднаму вочы. Яны нават не сварыліся за ежу, а так сабе, бяз дай прычыны.

— Пагаліцеся, — прапанаваў ім чалавек праз сон, — пагаліцеся зь цёплай вадой — гэта страшэнна супакойвае нэрвы.

Падняць плянку

Калі Нандзі Шварц, нямецкі скакун з шастом, пералятаў другой спро-бы плянку на вышыні шэсьць шэсьцьдзесят, ён ні аб чым ня думаў. У горле захрас камяк велічынёй зь більярдны шар, вочы сачылі за напятымі ступакамі, што даволі высока луналі па-над плянкаю, Шварц мусіў напружыць усю моц, каб не заплакаць. Занурыўшыся ў мат, Нандзі зьдзівіўся з гэтых буйных сьлёз, што душылі яго, тым часам як дыктар на стадыёне параўноўваў ягоны рэкорд з дасягненьнямі легендарнага Боба Бімона. «Кожны, хто знаходзіцца тут, бачыць, як у нас на вачах робіцца гісторыя, і проста гамон якая гісторыя», — запанібрата размаўлялі з натоўпам мэгафоны. А Нандзі Шварц, адзіны чалавек на стадыёне, які не зусім бачыў гэта, ускінуў руку ў гонар камэр.

Аўтаадказчык Шварца нічога не сказаў, адно зумкнуў зь ляканічнай пыхай. Гэта не зашкодзіла прадстаўнікам «Клогс» пакінуць на ім тры паведамленьні. «Падняць плянку», — так называлася прапанаваная імі новая рэклямная кампанія для кукурузных шматкоў з удзелам Нандзі. «Восем вітамінаў замест шасьці!» — і дзевяноста тысяч даляраў на рахунку. Нандзі ня чуў паведамленьняў: ён якраз прымаў душ. Скарлючаны, ляжаў на кафлянай падлозе ў позе зародка. Дазваляў гарачай вадзе апякаць сабе сьпіну. З апаленых параў Нандзі, як з іржавага чайніка, выходзіла пбра. А ён зь вялікім пальцам у роце мачыўся ў вадзяны струмень ды назіраў, як жоўтая ўрына віруе ў напрамку сьцёкавай адтуліны. Тыя дзевяноста тысяч маглі забясьпечыць яму нябеднае існаваньне, але, на вялікі жаль, ён ужо і так нябедна існаваў у двухузроўневай пяціпакаёўцы на поўначы Бону ў прэстыжным раёне. На яе кафлянай падлозе рабілася проста гамон якая гісторыя, што ссала з пальца ўспаміны пра свае шматлікія дасягненьні. Акрамя грошай, павагі ды здароўя, у яго было шэсьцьдзесят тры жанчыны. У кожнай свая гісторыя — у некаторых нават не адна. Калі ён захоча падняць плянку, тады ён павінен знайсьці жанчыну, якая мае больш за пяцьдзясят тры гады і ступень прафэсара, калі захоча панізіць — мусіць адшукаць такую, якой яшчэ няма шаснаццаці, але ёсьць невялікія разумовыя адхіленьні.

Дзяўчына на лядоўні

Самота

Ён расказаў ёй, што калісьці ў яго была дзяўчына, якая любіла самоту. І гэта было страшэнна сумна, бо яны былі пбра, а пбра, паводле азначэньня, — гэта разам. Але ёй збольшага падабалася быць адной. Тады аднойчы ён спытаў яе: «Што за прычына? Нешта ня так са мною?» — ды яна адказала яму: «Не, гэта зусім з табою не зьвязана. Гэта ўва мне, яшчэ зь дзяцінства». Ён ня вельмі каб уцяміў гэтую мульку зь дзяцінствам, і, каб зразумець трохі лепей, паспрабаваў пашукаць нешта падобнае ва ўласным дзяцінстве, але нічога там не знайшоў. Чым больш ён думаў пра сваё дзяцінства, тым больш яно ўяўлялася яму дзіркай у чужым зубе: канечне, хворае месца, але ня надта замінае, прынамсі, яму. А тая дзяўчына, што любіла быць адна, увесь час бегла-хавалася ад яго, ды ўсё гэта было празь ейнае дзяцінства. І гэта страшэнна раздражняла яго. Нарэшце ён сказаў ёй: «Або ты тлумачыш, або мы расстаёмся». А яна адказала: «Добра», — і яны рассталіся.

Огет выказвае сымпатыю

«Гэта страшэнна сумна, — зазначыла Огет. — Сумна, і, увадначасьсе, расчульвае». «Дзякуй», — сказаў Нахум і глынуў соку. Сьпярша Огет, заўважыўшы, што ён крыху плача, не жадала назаляць, але ж нарэшце ня вытрывала спакусы ды спыталася: «Дык нават сёньня ты ня ведаеш, што ў ейным дзяцінстве спрычынілася да таго, што яна цябе пакінула?» «Яна не пакідала мяне, — паправіў яе Нахум, — мы рассталіся». «Гэта ты так гаворыш», — адказала Огет. «Гэта ня «я так гавару», — заўпарціўся Нахум, — гэтак здарылася у маім жыцьці. І прынамсі, для мяне гэтая акалічнасьць вельмі істотная». «Дык нават сёньня ты ня ведаеш, празь якое здарэньне ў яе дзяцінстве ўсё гэта пачалося?» — працягвала Огет. «Усё пачалося не са здарэньня, — зноўку паправіў яе Нахум, — а зь цябе». І пасьля невялікай паўзы дадаў: «Сапраўды, гэта нешта-нейкае зь лядоўняй».

Не Нахума

Калі Нахумава дзяўчына была маленькая, у ейных бацькоў не ставала цярпеньня на яе, бо яна была яшчэ маленькая ды мела маторчык у адным месцы, а яны былі ўжо старыя і млявыя. Нахумава дзяўчына спрабавала пагуляцца зь імі, пачаць зь імі гутарку, але гэта толькі яшчэ больш раздражняла бацькоў. У іх не было моцы. У іх нават не ставала моцы сказаць ёй, каб яна змоўкла. Замест гэтага яны падымалі яе ўгору, садзілі на лядоўню ды ішлі на працу ці куды там ім было трэба. Лядоўня была страшэнна высокая, і Нахумава дзяўчына не магла зьлезьці. Вось як сталася, што яна прабавіла большую частку свайго дзяцінства на лядоўні. Гэта было страшэнна шчасьлівае дзяцінства. У час, калі іншых зьбівалі на горкі яблык іх старэйшыя браты, Нахумава дзяўчына сядзела сабе на краёчку лядоўні, сьпявала песенькі, крэсьліла маленькія рысункі на слоі пылу. Зьверху раскрываўся цудоўны краявід, а дупцы было цёпла і прыемна. І цяпер, ужо дарослая, дзяўчына сумавала па тых часах, па самоце. І Нахум спагадаў ёй, нават спрабаваў аднаго разу запіхнуць яе на лядоўню, але гэта было ўжо ня тое. «Страшэнна прыгожая гісторыя», — прашаптала Огет ды лёгенька дакранулася да Нахумавай далоні. «Угу, — прамармытаў Нахум і адхапіў руку, — страшэнна прыгожая, але не мая».

З габрэйскае пераклаў Павал Касьцюкевіч

ЭТГАР КЕРЭТ.

У адным інтэрвію ён прызнаўся, што па-ранейшаму, як і многа год таму, любіць дні напралёт сядзець і перыцца ў выключаны тэлевізар. Варта дадаць, што само тэлебачаньне праз гэта па-ранейшаму ў страшэнным дэпрэсьняку, і да таго ж яно прыдбала комплекс прафэсійнае непаўнавартасьці.

Трэба зазначыць яшчэ, што ён па-ранейшаму любімы як аматарамі літаратурных зборняў з цэнтру, так і прыхільнікамі нелітаратурных выразаў з ускраіны. Па-ранейшаму ня піша раманаў, а толькі караценькія апавяданьні. Вуаля — Этгар Керэт, пісьменьнік для тых, хто па-ранейшаму мяркуе, што апошняй кнігай, створанай на габрэйскай, зьяўляецца Стары Запавет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0