Знакі прыпынку

* * *

1 лістапада 1937-га быў арыштаваны, а ў сьнежні ўжо расстраляны мастак Раман Семашкевіч, адзін з самых таленавітых беларускіх мастакоў, мастак з прадчуваньнем…

Час, рэпрэсіі — гэта вядома. Але дзе ягоныя карціны?.. Яны ж, як і рукапісы арыштаваных пісьменьнікаў, апісваліся і забіраліся «канторай». Дык дзе яны?..

Дзе карціны ўсіх астатніх арыштаваных мастакоў? Хай іх ня так многа — правадзейных сяброў Саюзу мастакоў быў у той час нейкі тузін, рэпрэсаваны былі адзінкі… І ўсё ж няхай дзясяткі, няхай адзінкі — дзе?

Няма адказу… Застаецца ўявіць «канторшчыка» на пэнсіі, які дыктуе мэмуары пра сваё слаўнае жыцьцё, цалкам адданае высокаму служэньню Радзіме. А ў ягоным пакоі вісіць над канапай карціна Рамана Семашкевіча.

* * *

У 1935 годзе знайшлі ў лягеры ўдаву Калчака і прывялі яе да Сталіна. І была ў іх вячэра з шампанскім. А перад тым правезьлі ўдаву па ўсіх вялікіх будоўлях сацыялізму — для ўражаньня. Сталін выказвае ў час вячэры спачуваньні ўдаве, шкадуе, што расстралялі Калчака — вялікага вучонага. «Але такая, — кажа, — лёгіка барацьбы. Калі б я трапіў яму ў рукі, ён мяне таксама б не пашкадаваў».

Удава згаджаецца, што так, наўрад ці…

«Але жыцьцё не канчаецца, — доўжыць Сталін. — Вы бачылі, якія мы распачалі будоўлі! Дык ці не маглі б вы, як удава такаго чалавека, выступіць у падтрымку ня сьмерці, а жыцьця, у падтрымку разьвіцьця нашай новай краіны?..»

«Я бачыла ў лягеры, — адказвае ўдава, — краіну зусім іншую. Краіну самых таленавітых людзей, кінутых вамі без аніякай іх віны за калючы дрот. І я бачыла, як іх зьневажаюць, як зь іх зьдзекуюцца… Таму стаць на ваш бок, нават разумеючы лёгіку барацьбы, не магу. Апроч таго, для гэтага мне трэба было б хоць нешта ў Сталіне паважаць. У Леніне я паважала ворага, а ў вас — не».

Сталін устаў з шампанскім, узьняў бакал:

«За вас… Есть еще женщины в русских селеньях».

І ўдаву адправілі «в селенье». На пасяленьне.

Зноў яе знайшлі ў 1956 годзе і прывезьлі ўжо да Хрушчова — у сувязі з пачаткам палітычных рэабілітацый. Хрушчова яна так уразіла, што ён загадаў, каб ёй прызначылі самую вялікую пэнсію, якая існавала на той час у СССР. Такой пэнсіяй аказалася пэнсія старога бальшавіка, некалі прыдуманая Сталіным. Менавіта тую пэнсію старога бальшавіка па скон жыцьця і атрымлівала ўдава Калчака — ворага ўсіх бальшавікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0