Шэраг вядомых у сьвеце дзеячаў выступілі з адкрытым лістом у заходняй прэсе, у якім гукаюць SOS з прычыны «незацікаўленасьці дэмакратычных краінаў лёсам Беларусі». Зварот мае красамоўны загаловак «Апошняя таталітарная дзяржава ў Эўропе».

Аўтары звароту пішуць: «Часам здаецца, што мы ведаем пра сьвет усё, але насамрэч цэлы шэраг сур’ёзнах фактаў застаецца невядомым ці вядомым толькі вельмі абмежаванаму колу людзей.

Зварот нагадвае пра леташні рэфэрэндум па канстытуцыі й сыстэматычнае зьнішчэньне няўрадавых арганізацый і палітычных партый, пагрозу закрыцьця апошняй штодзённай апазыцыйнай газэты «Народная воля», зьнікненьне і зьняволеньне апанэнтаў А.Лукашэнкі. «Лукашэнка ўсё гэта можа сабе дазволіць ня толькі праз злашчасную постсавецкую спадчыну разбураных грамадзкіх структур, але таксама празь неінфармаванасьць ды незацікаўленасьць дэмакратычных краін лёсам Беларусі».

Вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы пішуць пра няздольнасьць сусьветнае супольнасьці даць адпор постсавецкаму аўтакрату. «Эўразьвяз, які дасюль быў няздольны падтрымаць сілы, што змагаліся за пабудову Беларусі на дэмакратычных каштоўнасьцях, мусіў бы апэратыўна знайсьці такія інструмэнты, якія б гэта дазволілі». Аўтары звароту згадваюць, у прыватнасьці, праграмы адукацыі для моладзі і радыё- ды тэлевяшчаньне на Беларусь.

Зварот падпісалі Вацлаў Гавал, экс-прэзыдэнт Чэхіі; Рыхард фон Вайцзэкер, экс-прэзыдэнт Нямеччыны; Джордж Сорас, фінансіст і філянтроп; Андрэ Глюксман, філёзаф; Фрэдэрык дэ Клерк, экс-прэзыдэнт ПАР, які адмовіўся ад сыстэмы апартэіду, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру; Дэсманд Туту, біскуп, ляўрэат Нобэля міру; Мэры Робінсан, былая камісарка ААН у справах уцекачоў ды інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0