Вёска Малое Сітна ляжыць у глухім кутку Полаччыны між лясоў і азёраў, на самай расейскай мяжы. За Полацкам сканчаюцца абробленыя палеткі. На возеры Скобрае — мабільная сувязь. За станцыяй Дрэтунь — асфальт. Пыльная гравійка коціцца між лясоў побач з чыгункай. Хутчэй убачыш зьмяю на дарозе, чым сустрэчны легкавік. Тут, на крайняй поўначы Беларусі, адбывае палітычную высылку Павал Севярынец.

З поўдня Малое Сітна адгароджанае ад сьвету закінутым Дрэтунскім палігонам — найбольшым у Эўропе. Дывановыя бамбаваньні ператварылі тую зямлю ў пустыню. Нават хвоя зь цяжкасьцю чапляецца за барханы, у якіх чакаюць свайго чорнага часу неразарваныя снарады. Дарога то губляецца ў пясчаных выдмах, то правальваецца вялізнымі вымоінамі. Вакол — ні чалавека. Толькі браканьеры на дзікіх азёрах праводзяць цябе насьцярожанымі вачыма. Раптам па-над стылай роўнядзьдзю, нібы зыкурат, паўстае грамадзіна каманднага пункту. Калі адольваеш 70 яго прыступак, здаецца, што да ненатуральна вялізнай поўні адсюль бліжэй, чым да чалавечага жытла.

Рэжым «хіміі» — ні турмы, ні волі — атрымаў пашырэньне за часамі незалежнасьці. Дзяржаве стала цяжка забясьпечваць гіганцкую турэмную машыну. Дый чалавека «прымусовыя працы» менш траўмуюць, чым зона зь яе воўчымі законамі. Але ў выпадку апазыцыйных палітыкаў і журналістаў «хімія» нагадвае царскую ссылку, у якую самадзяржаўе, аганізуючы, выпраўляла рэвалюцыянэраў. Толькі ў Расейскай імпэрыі высылка не была катаргай. Ні Ленін у Шушанскім, ні Сталін у Туруханскім краі не напружваліся дзеля здабыцьця хлеба надзённага. Жылі «палітычныя» як паны, ледзьве не з прыслугай. Севярынец шэсьць дзён у тыдзень варочае бярвеньне на лесаскладзе і гібее ў лясгасаўскім інтэрнаце. Яшчэ, у адрозьненьне ад Леніна, які вольна хадзіў на паляваньне, Паўлу забаронена пакідаць межы населенага пункту. І, натуральна, мець ружжо. З другога боку, Сітна не Сібір. Але і беларускія рэвалюцыянэры натхняюцца традыцыямі эўрапейскіх парлямэнцкіх партый, а не апазыцыі цару, якая кідала бомбы і рабіла эксы дзеля папаўненьня партыйнай касы.

Апошняя станцыя

Чыгуначная станцыя Алёшча, дзе працуе лідэр «Маладога фронту», — апошняя перад расейскай мяжой. «Лесосклад? Да он за поворотом», — зусім безь беларускага акцэнту падказвае сустрэтая кабета. Паварот. Зрок фіксуе ў шэрагу іншых хату са спадарожнікавай антэнай. Плятформа зь вялізным кранам. Горы бярвеньня. Каля іх круцяцца работнікі — падважваюць, акорваюць. Там і Павал.

За дзень у Алёшчы фармуецца ад чатырох да сямі вагонаў зь лесам. Дрэва ідзе ў Бабруйск, Віцебск, Сьветлагорск, Барысаў, Масты, а таксама на экспарт — у Латвію. За гэты месяц адправілі туды 19 вагонаў. А што латышы робяць з нашай бярозы? «Швэдам прадаюць. Толькі даражэй», — адказвае работнік. Швэды ж робяць зь беларускай драўніны мэблю і паперу.

«І такога чалавека паўтара году будуць у Алёшчы таміць! — дзівяцца кабеты-маркіроўшчыцы, дазнаўшыся, што Севярынец напісаў дзьве кніжкі і аб’ехаў паўсьвету. — Ды ў нас тут сядзяць за мех бульбы, за курыцу!»

Гутарым у канторы. Гаворыць радыё. На сьцяне — кніга скаргаў безь ніводнае пазнакі. На што скардзіцца? Кабеты гавораць з намі па-расейску, але зь беларускім акцэнтам. Ну і, вядома, зь беларускімі інтанацыямі. Нават этнічная расейка пераняла ўжо сакавітае беларускае «чаго». Ці ня страшна, пытаемся, жанчынам працаваць сярод «хімікаў»? І выяўляецца, што зь пяцідзесяці рабочых лесаскладу станцыі Алёшча асуджаных усяго шэсьць. Яшчэ па колькі чалавек ёсьць у гаражах і на лесапавале. Астатнія — мясцовыя людзі і беспрацоўныя з полацкага цэнтру занятасьці. «А то ўсе, хто да нас прыяжджае, думаюць, што вакол адны турэмшчыкі», — кажа маркіроўшчыца Ларыса Мікалайчук. Яшчэ адна тыповая аблуда — нізкія тутэйшыя заробкі. Калі на лесапавале выконваць плян, можна зарабіць і 500 тысяч у месяц, і болей. А вось на пагрузцы лесу Севярынцу сапраўды не зарабіць больш за 160 тысяч. Мінус тое, што ў яго будуць вылічваць за хату і ежу.

Вось і 16-я гадзіна. Рабочыя спускаюцца з плятформы чакаць машыну з Малога Сітна. Выходзіць і Павал. Акуратна апрануты, спакойны. Праўда, залеглі новыя зморшчынкі ля вачэй, прабілася сівізна ў вусах. «Тут лепей, чым у ізалятары. Праўда, тут даўжэй. Я палічыў — 48 разоў па 15 сутак. Калі поўны тэрмін».

Тут ніколі не было калгасу

Усяго ёсьць тры Сітны. Першае — проста Сітна — спаліў яшчэ Сьцяпан Батура ў часе Полацкай вайны. Гэта была адна з маленькіх фартэцый Івана Жахлівага. Цяпер там блукаюць толькі падазроныя асобы з мэталашукальнікамі. Побач з замчышчам і аднайменным возерам сёньня месьціцца вёска Вялікае Сітна. Але яна нашмат меншая за Малое Сітна, дзе жыве чалавек трыста.

«Савецкай улады тут няма. Тут улада буйной карпарацыі — Полацкага лесапункту, — кажа Павал. — І аліва, і паліва, і дрэва ідуць празь лесапункт». Сацыяльная рэкляма «Спрадвеку лес абараняў і карміў беларуса» — пра гэтыя мясьціны. Вось толькі дыхтоўных, звонкіх хат у Малым Сітне небагата. Людзі жабруюць у лесу, а не жывуць зь яго. Старт зьбіральніцтва — у сакавіку, калі лясгас пачынае прымаць шышкі на насеньне. «У працэсе» даводзіцца абтрасаць дрэвы і нават лазіць на іх. За шышкамі ідуць смарчкі і страчкі. Яны даволі дарагія. Потым — ягады і грыбы. «Дождж ідзе — лісічкі таньнеюць», — уздыхаюць кабеты. Кіляграм чарніц у нарыхтоўчай канторы каштуе 3800 рублёў, лісічак — 2500, а яшчэ ж ёсьць брусьніцы, журавіны, малінаў сёлета многа. Мясцовыя прадпрымальнікі скупаюць «дары лесу» і звозяць у Полацак. Апроч зьбіральніцтва культывуецца рыбалоўства — той, хто мае сетку, езьдзіць на азёры ды прадае рыбу.

Зь зямлі ў Малым Сітне ніколі не жылі. Бальшавікі нават ня здолелі тут арганізаваць калгас — не было каго раскулачваць, не было чаго абагульваць. Калгас раней быў у Трудах, за 10 кілямэтраў адсюль, ды распаўся. Цяпер найбліжэйшы — у Палаце, за 20 км.

Дый навошта ён? За год на грыбах-ягадах можна стаць мільянэрам. І яшчэ ў лясгасе зарабляць 500 тысяч. Куды ж людзі грошы дзяюць? Чаму хаты ў многіх такія неахайныя, запушчаныя? Павал Севярынец, ужо ўведзены ў курс мясцовага жыцьця, ведае адказ. Грошы адбірае страшны вораг мясцовых людзей —

«максімка»

Менавіта так, з малой літары. Бо гэта не чалавек, а тэхнічны сьпірт-шклоачышчальнік. Яго возяць сюды з Расеі ды прадаюць зь цягніка. Натуральна, шкло «максімкам» тут ніхто ня чысьціць. Спачатку людзі нават ня ведалі, якую атруту п’юць, бо сьпірт прывозілі бяз цэтлікаў. Толькі калі «максімка» выправіў пару аматараў на той сьвет, цэтлік прывезьлі. Але і ведаючы ўсю праўду, многія не адракаюцца ад найлепшага сябра — надта ж ужо выгадна: пяць літраў — дваццаць тысяч. «Гэта вы ня ў час прыехалі! — сьмяялася расейка-маркіроўшчыца. — Патрапілі б пасьля заробку — ведаеце, колькі б вам інтэрвію давалі? Чарга б стаяла! Дакладней, ляжала… А Севярынец ня п’е? Дык яго навучаць! Прападзе чалавек!» Павал усьміхаецца: «Пра мяне тут казалі: дэманстрацыю вадзіў. Калі б піў, яму б дэманстрацыя ня трэба была, а як не выпівае, дык яму нешта трэба!»

Гэта трагедыя мясцовага люду: большасьці нічога ня трэба. Тут нават зладзейства няма. Машына чацьвёра сутак стаяла на лесапункце — ніхто не крануў. Нап’юцца, матацыкл кінуць пад плотам — ён будзе ляжаць тыдзень, пакуль гаспадар не адсклее, ня прыйдзе яго забіраць.

Людзі нічога ня хочуць. Але чыя гэта задача — зрабіць так, каб людзі чагосьці захацелі? Напэўна ж, тэлебачаньня, уладаў. А ўлада кажа, што ўсё стабільна. І сапраўды: стабільна п’е народ, стабільна займаецца зьбіральніцтвам… Людзі жывуць як ня ў гэтай краіне. Ім гаворыш пра Лукашэнку, яны ківаюць, маўчаць. Падтакваюць: от, Лукашэнка, творыць, што хоча. Пытаесься: і што, будзеце супраць яго галасаваць? Трэба, трэба, канечне. Можа, ужо хопіць.

Толькі ўчастковы з Трудоў перш-наперш спытаў у Севярынца, як ён зьбіраецца мяняць уладу. І то ў сэнсе: «А можа, паспрабаваць праз уладу, якая ёсьць?» Паўлаў жандар варты бонч-бруевічаўскага пяра. Бародка. Чорныя акуляры. Езьдзіць на ўазіку. Ад участковага з выглядам каўбоя Севярынец чакаў большага. «Думаў, ён прыедзе, як шэрыф, і адразу скажа: гэта мая зямля, гэта твае правы…»

У Малым Сітне з «максімкам» сябруюць ня ўсе. Сядзібы яго ворагаў можна пазнаць па спадарожнікавых антэнах, машынах на падворку. Навошта дарагая спадарожнікавая антэна, калі ня ведаеш замежнай мовы? Дзеці хочуць Інтэрнэту, а тэлефону, каб падлучыцца, дома няма. Тутэйшая моладзь імкнецца вучыцца. Нават за грошы, калі не выходзіць на бясплатным. Юнакі ня хочуць у войска — ня з страху перад дзедаўшчынай. «Цяпер кожны імкнецца бізнэс свой мець, навошта боты таптаць? Пойдзеш у войска — забудзесься, што вучыў».

Вывучыўшыся, мала хто вяртаецца дамоў. У Сіценскай школе цяпер па чатыры чалавекі ў клясе.

Лепей ужо мышы

З расейскага цягніка тут можна купіць ня толькі сьпірт. Возяць хлеб, гарбату, каву, печыва, кілбасы — па чыгунцы з Расеяй мяжы няма. А прадукты там таньнейшыя. Дзе лепей жывуць — тут ці ў Расеі? Складана сказаць. Але ў Расею на заробкі ня едуць і прадуктаў не вязуць.

Паказальнае адрозьненьне ад заходнебеларускіх вёсак: прыватных крамаў ні ў Алёшчы, ні ў Сітне няма. Навошта? І ў дзяржаўных асартымэнт «нармальны для сельскай мясцовасьці»: сыроў адзін від — сулугуні; марозіва адзін від — марозіва; тушаніна ёсьць. З прысмакаў — салодкія падушачкі кандытарскай фабрыкі «Віцьба». «Купіў з салідарнасьці, — сьмяецца Севярынец. — «Хімікаў» з спэцкамэндатуры ганяюць прыбіраць тэрыторыю фабрыкі».

Павал запрашае нас у сваё часовае жытло. Гэта нізенькая хацінка на вуліцы Зялёнай. Печ, тапчаны, стол, радыёла ў куце. Чыстая падлога, да бэлькі прыкручана лямпа дзённага сьвятла. Тут «хімікі» жывуць, пакуль рамантуецца інтэрнат. Хата сухая, на вокнах падвойныя рамы. Павал рады быў бы застацца ў ёй і на зіму. Ён гатовы нават трываць прысутнасьць мышэй, якіх тут процьма. Але пры канцы тыдня мусіць перайсьці ў лясгасаўскі інтэрнат. Хімік там цяпер жыве толькі адзін. Астатнія — полацкая і расонская публіка зь біржы працы. У інтэрнат, дзе скучанасьць, вэрхал і «максімка», Паўлу зусім ня хочацца.

Толькі не агіціруйце

«Я ня думаў, што ў Беларусі ёсьць месцы, дзе ў радыюсе 30 кілямэтраў ніводнай царквы, ніводнага газэтнага шапіку і немагчыма патэлефанаваць староньняму чалавеку. Гэта месца бяз сувязі, без інфармацыі, як яны і заплянавалі, — дзеліцца ўражаньнямі Севярынец. — Тут на пошце выходныя — нядзеля і панядзелак, працуе яна з 9 да 15. А я — з 8 да 16 гадзін. Тры суботы з чатырох — рабочыя. Толькі ў чацьвёртую, раз на месяц, я магу наведаць пошту. Там няма ні аўтаматаў, ні кабінак. Стаіць тэлефон. І цётачка дае патэлефанаваць. Па раёне, за раён, калі звоніш на мабільны — гэта няштатная сытуацыя. Паштавікі ня ведаюць нават, як рэагаваць. Ёсьць яшчэ тэлефон у сельсавеце, але там дамачка мне пазваніць не дала. Гаворыць, не-не-не, вы на працы запытайцеся ў майстра, можа, ён дазволіць».

Кажуць, што сотавік тут працуе на 16-мэтровым кране лесапункту, але гэта парушэньне тэхнікі бясьпекі, гэта на самы-самы крайні выпадак…

Царква ж у Малым Сітне калісьці была — у цэнтры вёскі, ля могілак. На яе месцы брацкая магіла. І бліжэй за Полацак — ніводнага храму. Летась сюды прыяжджаў бацюшка, хрысьціў.

Чаму б не збудаваць царкву ў Сітне? Лесу ў вас даволі. Тутэйшыя паціскаюць плячыма: няма такой патрэбы.

Севярынец, здаецца, адзіны, каму царква тут неабходная. «У Бога верыць? А ў нас тут вераць толькі ў чорта! Нікога іншага няма», — сьмяяліся кабеты на лесапункце.

«Я буду пісаць паперу, каб або штонядзелю мне далі магчымасьць бываць у Полацку, або завозілі мне сюды сьвятара, — кажа Павал. — Я маю такое права. Пасьпеў прачытаць у Ветрыне правілы».

Яго думкі ўвесь час вяртаюцца да Ветрына. Відаць: перажывае, што не дазволілі застацца там. «Міліцыянты пазналі мяне ў Ветрыне: вы недзе балятаваліся! Мы вас ведаем! Там «Вэлкам» бярэ. Я пачаў ужо быў шукаць працу, а ў камэндатуры мне кажуць: Павал Канстанцінавіч, у вас ужо ёсьць праца, не хвалюйцеся. А дзе, якая — маўчаць. Пасьля раскалоўся адзін: у лясгасе за 80 кэмэ. Напярэдадні я быў у начальніка — яго прозьвішча Драб. Я яму растлумачыў, што яно значыць, пра шляхту, пра Вялікае Княства Літоўскае, пра рыцарства расказаў. Ён усё гэта выслухаў, нібы яму паведамлялі пра жыцьцё на Марсе, паківаў галавой і кажа: толькі не агіціруйце, не агіціруйце… Мабыць, спалохаўся — і ў лясгас мяне.

А Ветрына — край з каранямі. Там нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла, патрыярх хрысьціянскай дэмакратыі, адзін з заснавальнікаў нацыянальнага руху, Ганна Місуна — яна першая ў Расейскай імпэрыі пачала займацца практычным геалягічным вышукам…»

А тут, кажа Павал, культавых асобаў няма. Сядзяць людзі ў лесе ад часоў Івана Жахлівага. Ня тое што ў Полацку зь яго культам Скарыны ці на Расоншчыне, дзе дагэтуль абагаўляюць Машэрава. Так што першай культавай асобай у гэтым краі можа стаць сам Севярынец.

Паджывотнікі

Ёсьць ужо і першая легенда: пра тое, як Севярынец растлумачыў сталоўшчыцы, што такое гарбата. Цяпер на сталоўку ў яго няма нараканьняў. Кормяць пажыўным супам з тушанінай, груцай, гароднінай. На другое — ці макарона, ці бульба, ці каша з падлівай, кавалак каўбасы смажанай, салата. Запіць — мятная гарбата ці таматны сок. І ўсё гэта за 1,5—2 тысячы.

А праца ня столькі цяжкая, як аўральная. «Тут, бывае, людзі паўдня сядзяць, чакаюць, а пасьля прыходзяць лесавозы, штук пяць. Трэба згружаць дрэва, пілаваць, сартаваць, што на фанэру, што на экспарт. Бярвёны, большыя за 18 сантымэтраў дыямэтрам, на экспарт пускаць забаронена». Гэтыя цяжкія камлі, якія толькі ўдвух падымеш, тут называюць паджывотнікамі. Плацяць штабялёўшчыку 150—170 тысяч рублёў «бруднымі». Адлічваюць за абед і за інтэрнат.

Статкевіч тэлефанаваў, расказваў, што ўлады прасуюць яго працадаўцаў. Ён, інжынэр-радыёэлектроншчык, які можа настроіць сыстэмы радыёлякацыйнага навядзеньня, рамантуе прасы і лядоўні ў рамбыттэхніцы.

У сваёй глухой, цяжкай працы Павал імкнецца знаходзіць плюсы. «Такое выпрабаваньне — нагода для духоўнага самаўдасканаленьня. Спадзяюся выйсьці з Малога Сітна лепшым, чым быў да яго». Добра, што Палата цячэ проста за хатай, азёры, сьвітанкі, туман ранішні — фантастыка. Краявіды паўночнай Полаччыны са стагамі, азяродамі. «Дый дрэва, зь якім я працую, — гэта складнік нацыянальнай ідэі. Пісаў некалі: працуе з дрэвам беларус. Цяпер раблю гэта сам. Урэшце, Ісус Хрыстос да трыццаці гадоў таксама працаваў з дрэвам».

На высылцы Севярынец спадзяецца напісаць новую кнігу. Гэта будзе раман пра абуджэньне Беларусі. «Дзеяньне пачынаецца ў наш час, крыху, можа, пазьней. Не пад рэжымам ужо, але пад чырвона-зялёным сьцягам. І, мусіць, скончыцца пад бел-чырвона-белым».

Севярынец пэўны: пералом, абуджэньне людзей для Беларусі ня будзе справакаванае эканамічнымі прычынамі. «Малому Сітну і ўсёй Беларусі не пагражаюць ні эканамічныя крызісы, ні эканамічныя ўздымы. Толькі зьмена сьвядомасьці, зьмена духоўнасьці, зьмена людзей саміх можа даць нешта. Дасягнуць гэтага можна альбо праз масавую працу зь людзьмі з боку апазыцыі, альбо празь дзяржаўныя СМІ. Другое пакуль немагчыма. Застаецца старое добрае «ісьці ў народ». Расьцярушваючы апазыцыянэраў па ўсёй Беларусі, улады гэтаму спрыяюць».

Здымкі Андрэя Лянкевіча

Беларускі лес — гэта лёс.

«У хваёвым лесе маліцца, у бярозавым любіцца, у дубовым волю каваць, у яловым душу прадаваць», — гавораць у народзе. Показка сымбалічная — асабліва калі ўлічыць, што хвоя складае больш за 50% беларускіх лясоў, бяроза дае 21%, елка — 10%, вольха — 8%, дуб — 3,5%, асіна — 2%. Можаце самі вылічыць формулу зарослае, запушчанае беларускае душы, белавескае пушчы, прызначанай для малітвы й поўнай любові, дзе адна дзясятая — цёмны лес, а кожнае пяцідзясятае дрэва — юдава асіна.

Пакуту і сьмерць за грахі чалавецтва Ісус Хрыстос прыняў на драўляным крыжы. Дрэва крыжа Хрыстовага прыняло і жах болю Божага, і веліч Ягонае ахвяры, і трыюмф перамогі над д’яблам. Беларусь Новага Запавету таксама цярпела, памірала за іншых і ўваскрасала — у сваіх драўляных хатах, партызанскіх лясах і на тронках са сьвятым бел-чырвона-белым сьцягам.

Павал Севярынец, «Нацыянальная ідэя»

Як працуе лесапункт

На лесапункце працуюць штабялёўшчыкі, стропальшчыкі, раскрыжоўшчыкі і кранаўшчыкі. Штабялёўшчыкі — самыя нізкааплатныя некваліфікаваныя работнікі. Яны сартуюць бярвеньне, абсякаюць сучча, абшкурваюць стойкі для вагонаў зь лесам, які ідзе на экспарт, грузяць лес на эстакаду.

На эстакадзе працуе «брыгада» — раскрыжоўшчыкі, якія рэжуць (крыжуюць) бярвеньне, і стропальшчыкі, што падводзяць пад бярвёны тросы крана. Яны зарабляюць болей. Самая высокааплатная праца — кранаўшчык. Ён мусіць мець спэцыяльную адукацыю. Вучыцца павінен і раскрыжоўшчык, які працуе зь пілою.

У краіне Белай Сарокі

Мясьціна, куды выслалі Севярынца, апетая Янам Баршчэўскім. Менавіта тут недзе пад лесам і стаяла сядзіба пана Завальні. «Азёраў і рэчак шмат, і столькі гэтых качак разьвялося, што трэба асобнага стральца ля кожнай нівы, што блізка ля вады. Вясковы гаспадар апрача злых людзей мае яшчэ шмат непрыяцеляў: дзікіх птушак і драпежных звяроў. Летась вунь ля таго цёмнага лесу вырас у мяне цудоўны авёс. Дык мядзьведзь за некалькі начэй зьнішчыў усё, пакінуў толькі здратаваную салому. Гэты зьвер ня толькі нападае на жывёлу і пчол, але і нівы пустошыць. У мяне добрыя сабакі».

Погляд з Малога Сітна

Лідэры апазыцыі папрасілі асабіста ў Лукашэнкі памяшканьня для сходу дэмакратычных сілаў

ПС: У становішчы, якое цяпер ёсьць, гэта адзін са спосабаў, прынамсі, нагадаць пра тое, што апазыцыя яшчэ існуе. Але па сутнасьці, думаю, гэты крок бясплённы. Адзінае, дзеля чаго яго можна было зрабіць, — каб потым казаць, што Лукашэнка ня даў.

Стан моладзевага руху

ПС: Моладзь у чаканьні ўздыму. Яна арыентаваная на 2006 год. Усё залежыць ад таго, якім будзе той год, ці здолеюць палітыкі старэйшага пакаленьня сапраўды павесьці за сабой. У 2001 годзе на гэтым і расчараваліся. Палітыкі цяпер крыху іншыя. Будзем спадзявацца, што нешта зьменіцца ў стане апазыцыі, бо яшчэ аднаго 2001 году гэтая моладзь псыхалягічна можа не перажыць. Калі будзе адстойваньне сваіх правоў, змаганьне за перамогу, нават пры ўмове паразы або разгрому, гэта будзе ўсё-такі моладзевы рух. Калі бог дасьць, у 2006 годзе менавіта такі рух мае нарадзіцца. Але ж нават у Малым Сітне зразумела, што далей так працягвацца ня можа. Гэта разумеюць хто на інтуітыўным узроўні, хто ўсьвядомлена. А гэта значыць, што мы ўрэшце пераможам.

Заклік КХП-БНФ байкатаваць усё нямецкае

ПС: Гэта экстрэмальна, ня трэба гэтага. Байкатаваць «Нямецкую хвалю» па-расейску — здаровая ідэя. Хто вінаваты ў сытуацыі вакол «Нямецкай хвалі»? Думаю, расейская агентура ў Нямеччыне, якая засталася яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. Любы прыстойны эўрапеец прыняў бы рашэньне трансьляваць па-беларуску.

Рэжым дня Паўла Севярынца

6.00 — пад’ём.

7.15 — адзначэньне ў начальніка лесапункту.

7.40 — ад’езд на працу

ў Алёшчу.

8.00 — пачатак працоўнага дня.

12.00—12.30 — абед.

16.00 — канец працоўнага дня.

16.15 — ад’езд у Малое Сітна.

16.30—22.00 — вячэра, вольны час, чытаньне, праца над кнігай.

Аўтобус з Полацку (рэйсы на Труды, Уладзімераўку) прыбывае ў Малое Сітна ў 7.53. Адпраўляецца зь Сітна ўвечары ў 17.40 (панядзелак), 18.20 (серада, пятніца, субота, нядзеля). Павал вызваляецца з працы пасьля 16.00. Паездка можа акупіцца за кошт збору грыбоў ці брусьніцаў, якіх у навакольных лясох безь меры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0