Менгарвыканкам распаўсюдзіў інфармацыю, што беларускім грэка-каталікам (уніятам) будзе перададзены будынак касьцёлу Сьв.Язэпа ў Верхнім горадзе, дзе сёньня месьцяцца Архіў-музэй літаратуры і мастацтва і архіў навукова-тэхнічнае дакумэнтацыі. Між тым вяртаньня касьцёлу вернікам ужо некалькі месяцаў дабіваліся рыма-каталікі.

Мы зьвярнуліся па камэнтар да пробашча парафіі Сьв.Язэпа, а.Андрэя Абламейкі. «Аніякіх афіцыйных паведамленьняў ці хоць бы запрашэньня для размовы ў Менгарвыканкам я не атрымліваў, — кажа ён і зьвяртае ўвагу на агаворку, што была ў распаўсюджанай афіцыйнай інфармацыі: «...плянуецца перадаць грэка-каталіцкаму прыходу...». Але гэта плянуецца ўжо ад 1990 году! Лісты з просьбамі выдзяліць грэка-каталікам лапік зямлі пад будоўлю сваёй царквы застаюцца без адказу. Сёлета гэткі ліст пробашч парафіі Сьвятога Язэпа ўжо быў скіраваў на адрас кіраўніка Менску Паўлава. Таму распаўсюджаная ў СМІ інфармацыя — правакацыя, разьлічаная на тое, што людзі, якія моляцца пад касьцёлам, разыдуцца. Таму стаяць за касьцёл варта ў любым выпадку да поўнага разьвязаньня праблемы, мяркуе ён.

Старшыня парафіі Сьв.Язэпа Анатоль Сёмуха кажа, што ў выпадку перадачы сьвятыні грэка-каталікам парафіяне палагодзілі б сытуацыю з рыма-каталікамі, і тут маліліся б усе.

І рыма- і грэка-каталікі зь нецярпеньнем чакаюць, што ўлады ад словаў пяройдуць да справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0