За калійнымі ўгнаеньнямі падыходзіць чарга нафтапрадуктаў. У выпадку калію пад выглядам цэнтралізацыі Беларусь папросту замяніла партнэра.

Дзяржава прыбірае да рук усё, адкуль можна атрымаць грошы. У першую чаргу, валютаносныя галіны — калійныя ўгнаеньні ды нафтапрадукты.

У краіне створаная дзяржаўная манаполія на экспарт калійных угнаеньняў. 29 жніўня А.Лукашэнка ўказам №398 надаў выключнае права на экспарт прадукцыі «Беларуськалію» створанаму ў красавіку ААТ «Беларуская калійная кампанія». Указ уступіць у сілу 25 верасьня.

Паводле ўказу «Беларуськалій» будзе ажыцьцяўляць мытнае афармленьне й вываз прадукцыі за межы Беларусі толькі праз БКК (98% у ёй належыць «Беларуськалію», 2% — ААТ «Горадня Азот»). А ўжо апошняя будзе прадаваць угнаеньні. Раней усімі гэтымі працэдурамі займалася Міжнародная калійная кампанія.

Дагэтуль «Беларуськалій» прадаваў угнаеньні (а гэта больш за 13% іх сусьветнай вытворчасьці) на экспарт выключна цераз збытавую сетку МКК. Афіцыйная прычына адмовы ад ранейшай схемы продажу самага прыбытковага з прадуктаў беларускай вытворчасьці — цэнтралізацыя экспарту ўгнаеньняў. Насамрэч Беларусь папросту замяніла партнэра.

Пазбыцца МКК

Міжнародная калійная кампанія, праз збытавую сетку якой Беларусь з 1992 г. ажыцьцяўляла продаж калійных угнаеньняў, толькі намінальна складалася зь «Беларуськалію» ды расейскіх «Сільвініт» і «Ўралкалій». Апошнія некалькі гадоў самастойна прадае прадукцыю. І ягоны гендырэктар Дзьмітры Рыбалаўлёў некалькі разоў прыяжджаў у Беларусь, сустракаўся з А.Лукашэнкам. Вынікам сустрэчаў стала нядаўняя заява пра далучэньне «Ўралкалію» да Беларускай калійнай кампаніі — дзеля супольнай рэалізацыі прадукцыі на экспарт. Пры такім раскладзе па-за гульнёй апынулася салікамскае ААТ «Сільвініт», якое празь нейкі час таксама абвесьціла, што вядзе кансультацыі, як далучыцца да БКК.

Сваім указам прэзыдэнт вызваліў БКК адразу ад абавязковага продажу валюты ад гешэфтаў і ад афшорнага збору па дамовах марскіх перавозак і даставак прадукцыі да мора (15% ад агульнай сумы ўгоды).

Выглядае, што дзяржава канчаткова выкрэсьлівае з плянаў супрацу зь Міжнароднай калійнай кампаніяй, а да канца году МКК наагул застанецца безь сяброў, што прывядзе да яе зьнікненьня. Беларусь жа цалкам перахопіць ініцыятыву па экспарце больш за 40 % сусьветнага рынку калійных угнаеньняў.

Званочак нафтатрэйдэрам

Тое самае адбываецца на рынку нафтапрадуктаў. Урад падрыхтаваў дакумэнты па стварэньні адзінага ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» па экспарце нафтапрадуктаў. Яе заснавальнікамі будуць дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуснафта», манапаліст нафтаздабычы ў краіне, Беларускі нафтавы гандлёвы дом — адна з даччынных структураў дзяржканцэрну «Белнафтахім», а таксама заводы «Нафтан» (Наваполацак) і МНПЗ (Мазыр). Доля кожнага з чатырох заснавальнікаў будзе 25%.

Ізноў жа стварэньне адзінага апэратара па экспарце нафтапрадуктаў ставіць за мэту цэнтралізаваць экспарт адной з самых прыбытковых галінаў. Цяпер нафтапрадукты, якія выпускаюць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, прадаюць блізу 10 кампаніяў: «Юкола», «Слаўнафта-Старт», «Трайпл», «Міралекс», «Юнівэст-М», а таксама «дочкі» «Ітэры» і «Лукойлу». Да канца году ва ўсіх гэтых структурах могуць узьнікнуць тыя ці іншыя праблемы.

Дзяржава плянуе ад пачатку цэнтралізаваць закупку нафты ды яе экспарт, а потым — дадаць сюды яшчэ й пастаўшчыкоў нафты на беларускія НПЗ. Беларусь здабывае сваёй нафты меней за 2 млн тон на год, а нашыя заводы штогод агульна перапрацоўваюць амаль у 10 разоў болей (абсалютная большасьць — расейская). І толькі за першае паўгодзьдзе Беларусь экспартавала амаль 7 млн тон нафтапрадуктаў.

Заплянаваныя перамены настолькі маштабныя, што, магчыма, паўплываюць на ход наступнай выбарчай кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0