Мне не патрэбныя дадатковыя стымулятары, у мяне іншы кайф. Ужо больш за год я размаўляю па-беларуску. І сёньня мне ўтульна. Усе неаднаразова тлумачылі мне, які я дэбіл, як нацыяналізм перашкаджае ў жыцьці... Пра сябе піша Ян Маўзэр, пераможца «Басовішча», лідэр новае хвалі ў беларускай музыцы.

«Басовішча»! Трапіць сюды — мара кожнага беларускага музыкі. «Басовішча» элітарнае, вышэй за яго нічога няма. Яшчэ да нашага выступу здымачная група НТВ бярэ караценькае інтэрвію ў Зоі са «Зьмяі». Наш сэмплер жартуе, што гэта інтэрвію зь пераможцай. Мы думалі, што пераможа «Зьмяя». Вельмі ўжо хадзіла яна зорная, недатыкальная, нават начавала не ў калектыўнай спортзалі. Калі аказалася, што перамог гурт з Магілёўшчыны, пачалося штосьці казачнае. Нас запрашаюць на сцэну, перад якой некалькі тысяч чалавек, паціскаюць далоні сур’ёзныя людзі, пасьля фатаграфаваньні для польскіх мэдыяў, інтэрвію з намі бяруць шэраг газэтаў ды радыёстанцыяў. Уражаньне, што гэта ня з мной, што гэта сон. Адразу я й не зразумеў, што мы такога зрабілі, каб прыцягнуць да сябе столькі ўвагі.

Праз усю Беларусь

Да Асіповічаў з Магілёва едзем дызэлем. Колькі гадзін — у бары, да Менску дабіраемся электрычкай. У сталіцы галоўнае — не пагубляць музыкаў, якія пасварыліся й разышліся ў розныя бакі. На Акадэміі навук, дзе трэба было грузіцца па аўтобусах, уздыхнулі з палёгкай. Далей стала прасьцей.

Дарога да Польшчы — асобны эпізод. Энэрджайзэр, які зьелі некаторыя музыкі, ня даў заплюшчыць вачэй усім астатнім удзельнікам вандроўкі. Блізу Баранавічаў маладая музычная эліта Беларусі ўжо шчыльна наблізілася да народу. Самі сабой пачалі ўзьнікаць паралелі паміж аўтобусам на «Басовішча» й звычайным піўніком на раёне, дзе «простыя пацаны» ўжараюцца гарэлкай ці танным віном. Не. Кожнаму сваё, мне не патрэбныя дадатковыя стымулятары, у мяне іншы кайф. І не прапаноўвайце мне «забухаць». Праз усё гэта ў Гарадку, калі нас прывезьлі й разьмясьцілі ў спортзалі школы, ад стомленасьці упаў спаць проста на падлозе.

У атмасфэры свабоды

У піку сёньняшняй антыпольскай гістэрыі хацелася б адзначыць гасьціннасьць і ветлівасьць насельніцтва Гарадка — як палякаў, так і беларусаў. У горадзе там-сям усталяваны намёты — беларускія аматары року ўжо больш за суткі кісьлі ў чаканьні культавага фэстывалю.

Гук, сьвятло, сцэна — прэтэнзій няма. Выступаць у такіх умовах — асалода. Шкада, што такое немагчыма зладзіць на радзіме. Людзей было б у некалькі разоў болей. На «Басовішчы» тысяч пяць народу, пэўная частка зь якога — мясцовае насельніцтва, якое прыйшло папіць піва пад музыку.

Напружанага чаканьня выступу таксама не было. Атмасфэра свабоды, што лунала на фэстывалі, расслабляла й надавала ўпэўненасьці. Нас мусіць задавальняць ужо тое, што ўсе сядзячыя месцы заняты. Але нас мала цікавяць гэтыя акалічнасьці. Перадусім мы граем для сябе. Калі б давялося выступаць перад абсалютова пустой заляй, каўбасілі б так жа бязьлітасна. Заўважаю, што нас выйшаў паслухаць Піт Паўлаў. І ўжо пасьля першай песьні чутны аплядысмэнты — зваротная сувязь усталявана. Чым далей, тым больш узрастае падтрымка. Яна ідзе адусюль: ад тых, хто сядзіць, ад гукарэжысэра, ад тых, хто запальвае разам з намі. Ад гэтага яшчэ больш заводзімся, слаба кантралюем сябе, стан блізкі да экстазу. Сьпяваньне на сцэне — як сэкс, прыкладна тыя ж адчуваньні. Мяне адключае ад рэальнасьці. Кепска памятаю, як было далей... Памятаю толькі, як пасьля выступу паціскае далонь Памідораў. Было ўдвая прыемна. «Tav. mauzer» як гардкоравы гурт зьявіўся дзякуючы гэтаму чалавеку — я палюбіў цяжкі рэп, паслухаўшы «Сьвята пакрадзенае» Памідора. Дагэтуль слухаў расейскі рок.

Напрыканцы хачу паспрачацца зь Лявонам Тарасэвічам, які лічыць, нібыта выступоўцы працягвалі музычныя традыцыі 1990-х, сьпявалі пра сіняе неба. Мабыць, мелася на ўвазе гэтая песьня, тут ужываецца слова «нябёсы».

Амэрыканскі шпіён

Пасьля вяртаньня на радзіму мясцовыя журналісты часта задаюць пытаньне: чаму перамаглі менавіта вы? Адказваю: ад безвыходнасьці... Наступнае іх пытаньне: чаму вы сьпяваеце па-беларуску? Раней я вырашыў на тупыя пытаньні не адказваць. Але тут раблю выключэньне для расейскамоўных музыкаў, зь якімі незразумела чаму давялося ехаць у адным аўтобусе на фэстываль беларускага року.

У нейкі момант жыцьця я перастаў пісаць па-расейску. А калі справа ішла да заканчэньня ВНУ, зьявілася разуменьне таго, што альбо трэба ператвараць мару ў рэальнасьць, альбо жыцьцё скончана. Атрымаўшы ўнівэрсытэцкі дыплём з адзнакай, перайшоў да напісаньня тэкстаў і музыкі. Цяпер гэта асноўны мой занятак. Але абставіны вымушаюць забіваць раніцу й першую палову дня на працы. Там, дзе мне пашэнціла ўладкавацца, напэўна, хацелася б рабіць шмат якім выпускнікам эканамічных факультэтаў.

Праца — дэкор майго жыцьця. На працы я пераходжу на расейскую. Там ніхто ня ведае мяне сапраўднага. Пачуваюся амэрыканскім шпіёнам. У адным месцы, куды зьбіраўся пайсьці працаваць, мяне не ўзялі праз маю беларускамоўнасьць. Але ўжо больш за год я размаўляю па-беларуску. І сёньня мне ўтульна. Усе неаднаразова тлумачылі мне, які я дэбіл, як нацыяналізм перашкаджае ў жыцьці. Але ці можна жыць у здрадзе? Здрада — прымаецца, здраднік — караецца. Мы ўсе здраднікі. І сваім марудным паміраньнем Радзіма помсьціць за нашую слабасьць ды абыякавасьць. Мужныя працягваюць змаганьне. Я хачу, каб мае будучыя дзеці ганарыліся мной.

P.S. Усім дзякуй. Сустрэнемся на барыкадах. Ян Маўзэр.

Шызафрэнія

Ідэалізм — гэта ідыятызм? Ня веру! —

Тым, хто халоднымі пальцамі бярэ за каўнер,

Тым, хто ідзе выключна на крайнія меры,

Тым, хто мроіць краіну ў чырвоных шпалерах,

Тым, хто шчыры, з вусамі й хлусіць з рукою на сэрцы,

Тым, хто ў Расею гатовы паўзьці на каленях,

Тым, каго баяцца маленькія дзеці,

Тым, забіць каго нельга хіба што з-за лені.

Усё раптоўна, усё гвалтоўна. Усё цудоўна!

Я задаю шмат пытаньняў і ня чую адказу...

Зь цягам часу я раблюся ўсё больш памяркоўным.

Шызафрэнія — гэта заразна.

Бо я мрою краіну ў пялёстках нябёсаў.

Краіна ў ружовых панчохах і ракавай позе.

Звыкла хаваюць позех, усё прасякнута спакоем.

Гэта ўсё ня тое! Гэта ўсё ня тое!

Ірваць смугу гэтых дзён,

Паціснуць плячыма й уніз,

Ня трэба шукаць унісон

З тым, што завецца фашызм.

«Поўны парадак, працэс ідзе,

Небясьпека мінула, сытуацыя пад кантролем».

Я разумею, да чаго ўсё гэта вядзе...

Хто ўзначаліць гарадзкое падпольле?!.

Гурт «Таварыш Маўзэр»

утварыўся ў Магілёве ў 2002 годзе, упершыню выступіў у 2003-м. У 2005 годзе «Таварыш Маўзэр» перамог на «Басовішчы», і на зімовых вакацыях паедзе ў Беласток запісваць дэбютны альбом. Узрост удзельнікаў гурту — ад 17 да 22 гадоў. Найстарэйшы — лідэр, Янка Маўзэр. Апроч «Таварыша Маўзэра» ў Магілёве ёсьць яшчэ два беларускамоўныя гурты — «Глюкі» і «Водар Сусьвету».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0