Знакі прыпынку

* * *

Герой Савецкага Саюзу Фёдараў, былы сакратар Чарнігаўскага абкаму, ува Ўкраіне вядомы як «генэрал-лейтэнант Арленка», а ў Беларусі — як «генэрал-лейтэнант Сяргееў», расказвае:

— У мяне пытаюць: «Ці не паедзеш партызаніць ува Ўкраіну?» «Чаму ж не паехаць?» — «Але давядзецца скідвацца». Скідвацца ня скідваўся, скакаў з вышкі ў ваду. Думаю: «Наўрад ці страшней». Далі парашут. Ляцім у «Дугласе». Кінуўся, рвануў за колца. Штуршок. Апускаюся. Па дарозе ўстаўляю ў аўтамат дыск з патронамі. Сьнег па пояс. Бачу, бягуць зь вінтоўкамі. «Хто такія?» — «Партызаны, мы чакаем вас!» Так я і стаў партызанам. Страшэнна цікава! Асабліва машыны ўзрываць. Ці цягнікі. Едзе… Тузанеш — ён і паляцеў…

Пасьля Фёдараў дорыць Міколу Бажану нямецкі пісталет і кажа: «Вы беражыце яго, ён з фона зьняты. Ня помню, як таго маёра звалі, але фон, з пародзістых… Дапыталі, а потым я зь ягонага ж пісталета яго і прыстрэліў».

За савецкім часам ва ўсялякіх агітацыйна-пісьменьніцкіх паездках, палётах і плаваньнях я сустракаўся шмат з кім з гэтай «фёдараўскай» пароды людзей. Спрабаваў, як звычайна, каб зразумець — сябе паставіць на іх месца… Не ўдавалася. Мусібыць, гэта немагчыма, калі ты ня зь іх пароды.

* * *

Яўген Еўтушэнка, зь якім даўно ня бачыліся, распытвае, хто мы такія, што мы такое, якія мы — беларусы… «Ну няхай добрыя, шчырыя, а што яшчэ?..» Кажа, што яму гэта цікава, бо сам — хай напалову ці на колькі там — беларус. І расказвае, як Мікалай Матукоўскі ў 1963 годзе напісаў у ЦК КПСС ліст пра антысэмітызм... Пра тое, што ёсьць людзі, якія ў такой інтэрнацыянальнай краіне, як СССР, сьвядома гэты самы антысэмітызм правакуюць. Ня толькі ў побыце, але і ў мастацтве, што страшней…

Падставай для ліста стала выкананьне 30-й сымфоніі Шастаковіча ў Менску. Маўляў, слухаючы сымфонію, габрэі коса пазіралі на славян, а славяне — на габрэяў. І Матукоўскі піша ў лісьце: антысэмітызму ў нас няма, аднак яго правакуюць такія людзі, як Шастаковіч і Еўтушэнка. Маючы на ўвазе Еўтушэнкаў «Бабін Яр».

У канцы 1970-х (здаецца, у 1978-м) Еўтушэнка прыяжджае ў Менск. Матукоўскі сустракае яго з кветкамі, вязе адразу не ў гатэль, а да сябе сьнедаць. Назаўтра яны ляцяць на верталёце (разам з Макаёнкам) у Хомічы — шукаць магілу Еўтушэнкавай бабулі. Знаходзяць. «І Коля, — кажа Еўтушэнка, — стаіць каля магілы, глядзіць на мяне і плача. І я не разумею, што адбываецца… Дагэтуль ня ўцямлю, калі ён шчырым быў? Калі ліст у ЦК, а па сутнасьці, данос на мяне пісаў ці калі над магілай маёй бабулі плакаў?..»

Я някепска, хоць блізка мы і не сябравалі, ставіўся да Матукоўскага, таму кажу, што, магчыма, ён быў шчырым у абодвух выпадках. Ну вось такія мы, беларусы, — шчырыя…

Еўтушэнка прыжмурваецца на мяне і дадае: «І добрыя…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0