Каля тысячы шыіцкіх пілігрымаў загінулі ў цісканіне ў паўночным Багдадзе.

Здарэньне адбылося на мосьце праз раку Тыгр, калі мільён шыітаў рушылі да магілы імама Мусы Казыма, каб узяць удзел у штогадовым фэсьце. Спачатку па людзях стрэлілі зь мінамёта — загінулі 16 чалавек. Але сапраўдная цісканіна пачалася, калі між людзей пайшлі чуткі, што ў натоўпе ёсьць тэрарыст-камікадзэ. Многіх затапталі на мосьце, іншыя ўпалі ў раку і патанулі.

Трагедыя на гэтым ня скончылася. Калі людзі дайшлі да мячэту, зноў пачаўся мінамётны абстрэл, загінулі дзясяткі чалавек.

Шыіты жывуць гэтыя дні ў трывожным прадчуваньні помсты ад суніцкіх экстрэмістаў, разьюшаных тым, што шыіцкая большасьць краіны пачала браць верх у дзяржаве, першым прадвесьнікам чаго стала прыняцьце невыгоднага сунітам праекту Канстытуцыі.

Калі цісканіна была адмыслова сплянаваная — гэта найвялікшы тэракт у Іраку з пачатку вайны. Варажнеча паміж мусульманамі-шыітамі і мусульманамі-сунітамі па маштабах кровапраліцьця пераўзыходзіць нават мусульманска-хрысьціянскае процістаяньне і цягнецца ўжо амаль паўтары тысячы гадоў. Пачалася ж яна ў тым самым Іраку ў далёкім 661 г. Крывавая серада ў Багдадзе паказала, што да канца гэтага кровапраліцьця яшчэ далёка.

Найбуйнейшыя тэракты супраць шыітаў у Іраку

29 жніўня 2003 — аўтамабіль узарваўся каля мячэту шыітаў у Наджафе, забіўшы 95 чалавек, у тым ліку аяталу Хакіма.

2 сакавіка 2004 — у выніку выбухаў у Багдадзе і Кербале загінуў 181 чалавек.

19 сьнежня 2004 — у выніку выбуху бомбы падчас пахаваньня ў Наджафе і на аўтавакзале ў Кербале загінулі 60 чалавек.

10 сакавіка 2005 — у выніку выбуху бомбы падчас шыіцкага пахаваньня ў Масуле загінулі 47 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0