16.09.2005 / 13:00

Ібрагім Канапацкі

9 верасьня з волі Ўсявышняга пакінуў гэты сьвет адзін зь лідэраў беларускай мусульманскай грамады Ібрагім Канапацкі. Дзядзька Ібрагім быў перакананы патрыёт і шчыры вернік ды ўсё сваё жыцьцё аддана служыў Богу і Бацькаўшчыне.

Выдавецкай, дасьледчыцкай і публіцыстычнай дзейнасьцю ён доўгія гады вяртаў для беларускай культуры яе ісламскія старонкі. Выкладаючы гісторыю ў пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка, пішучы кніжкі, рэдагуючы часапіс «Байрам», ратуючы старабеларускія мусульманскія кітабы і займаючыся выдавецкай дзейнасьцю, ён будаваў будучую вольную Беларусь, дзе ёсьць месца для людзей усіх перакананьняў і веравызнаньняў. Сваёй грамадзкай дзейнасьцю ён адраджаў шматвяковыя традыцыі беларускага ісламу пасьля злачыннай антырэлігійнай палітыкі савецкага рэжыму, нёс пасланьне Прарока беларусам, словам (друкуючы ў «Байраме» беларускі пераклад Кур’ану) і справай (быўшы пабожным, але зусім адкрытым, камунікабэльным чалавекам).

Марай дзядзькі Ібрагіма было ўбачыць сабраны з раскіданых па розных рукапісах фрагмэнтаў Сьвяты Кур’ан на старабеларускай мове. Ён верыў, што некалі гэтая мара зьдзейсьніцца, і адстойваў беларускую сутнасьць мусульманскае культуры ВКЛ. Шмат разоў даводзілася гутарыць зь ім аб гэтым і іншых праектах, і сёньня тыя словы дзядзькі Ібрагіма ўспрымаюцца ўжо зусім па-іншаму — як запавет нам і праграма да дзеяньня.

Дзядзька Ібрагім стаў узорам сапраўднага верніка і патрыёта, ня толькі для мусульман, але і для хрысьціян, юдэяў — для беларусаў.

Сьветлая памяць, і няхай ахіне яго Ласка Боская!

Сяргей Богдан

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру