06.07.2007 / 22:20

…Як плявалі да эпохі гістарычнага матэрыялізму З сэрыі "Наш адказ Чэмбэрлену" 3

У Кіеве на сэсіі ПА АБСЭ ламаюцца дзіды вакол праекту рэзалюцыі ў пытаньні Беларусі. Між тым зь Менску ўжо прагучаў адказ. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

— … Толькі вы, дарагі таварыш з Парыжу, плюньце на ўсё гэта.

— Як плюнуць?!

— Сьлінай, - адказаў Астап, — як плявалі да эпохі гістарычнага матэрыялізму. Нічога ня выйдзе.

(І.Ільф, Я.Пятроў, "Дванаццаць крэслаў")

У кулюарах кіеўскай сэсіі ПА АБСЭ, якая мае прыняць рэзалюцыю ў пытаньні Беларусі, шчыруе чацьвёрка сустаршыняў Палітрады АДС. Нарэшце вырваліся на міжнародны абсяг, скінуўшы манаполію "дэмакратычнага камандантэ"! :) Што да самога праекту, дык там "усё ўключана" — ад слова ў абарону трэцяга сэктару да закліку дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства.

Недзяржаўныя мэдыі адсочваюць інтрыгу. Дэлегацыя Палаты прапаноўвала зняць дакумэнт з абмеркаваньня. Нумар не прайшоў. Пад вокнамі будынка, дзе праходзіць сэсія, шуміць пікет у падтрымку рэзалюцыі. "…У прадстаўнікоў афіцыйнай дэлегацыі застаецца толькі адна магчымасьць — цераз унясеньне паправак зьмякчыць для сябе рэзалюцыю", — камэнтуе з украінскай сталіцы Анатоль Лябедзька.

Дадамо: у тутэйшых уладаў застаецца і іншая, вызначальная магчымасьць. Напляваць на тую рэзалюцыю і расьцерці.

У міжнародных арганізацый няшмат вагароў узьдзеяньня на Менск. Але калі Эўразьвяз, напрыклад, усё ж ушчыкнуў скасаваньнем прэфэрэнцый, то ў арсэнале АБСЭ няма і такіх санкцый. Увогуле гэта надзвычай стракатая ды аморфная структура, у межах якой дэмакратызатарскі імпэт заходніх дзяржаў тарпэдуюць Расія ды іншыя постсавецкія краіны з аўтарытарнымі рэжымамі. Вось і ў Кіеве за афіцыйны Менск заступіліся прадстаўнікі Масквы, Астаны, Баку… "З ПА АБСЭ нават выключыць нікога ня могуць, — нагадвае менскі палітоляг Андрэй Фёдараў. — У статуце арганізацыі няма, напрыклад, такога панятку, як недэмакратычна абраны парлямэнт".

Тым часам кіраўніца беларускага ЦВК Лідзія Ярмошына ў двух інтэрвію — учорашнім для "Времени новостей" і сёньняшнім для БелаПАН — фактычна ўжо дала адказ на будучую рэзалюцыю ПА АБСЭ.

Зь ейных выказваньняў вынікае наступнае:

— наша выбарчае заканадаўства і так ня горшае, а мо' й лепшае, чым у многіх краінах Захаду;

— АБСЭ сама ня ведае, чаго хоча, дыскусіі зь ёй бясплённыя;

— весьці перамовы пра зьмену правілаў электаральнай гульні можна было б хіба з моцнай апазыцыяй, а не з такой, як у нас.

Апошняя тэза ёсьць ключавой. Сапраўды, улада лічыцца толькі з моцай. Сёньняшняя тытульная апазыцыя яе не палохае (гэта факт, а ня камень у гарод дэмакратычных правадыроў — піяністы граюць, як умеюць). Памятаеце, у Аляксандра Лукашэнкі вырвалася: страшная не апазыцыя, страшны дэфолт. "Дэфолт" тут (хай эрудыты не прыдзіраюцца!) ужыты — мо' праз сваё таямніча-пагрозьлівае гучаньне — як зборны вобраз эканамічнага абвалу. Пакуль гэтая лавіна не папаўзла (а пэўная рэзэрва трываласьці ёсьцека), кіроўныя вярхі будуць апрыёры чхаць на ўсе рэзалюцыі.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Ганна / Адказаць
07.07.2007 / 13:04
Усё правільна. Хто з такой ніякай апазыцыяй будзе лічыцца? Патрэбна моцная нацыянальна-патрыятычная эліта, беларуская шляхта. А моц яе заключаецца ў фінансава-эканамічных рычагах. Патрэбна ствараць нацыянальна-патрыятычную бізнес-эліту, а моладзь вучыць ў Сарбоне, Гарвардзе, Оксафардзе і г.д.
0
Філёляг-самавук / Адказаць
07.07.2007 / 13:04
Дык жа нейкі час палатку не пускалі ў ПА АБСЭ, ці я нешта блытаю?
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ 2 Філёляг-самавук / Адказаць
07.07.2007 / 13:44
Вы маеце рацыю. Але гэта быў пэрыяд пасьля рэфэрэндуму-96, калі 1) дзейнічаў першы, ня выбраны, а прызначаны прэзыдэнтам склад Палаты, 2) яшчэ не сышоў фармальны тэрмін паўнамоцтваў разагнанага ВС 13-га скліканьня. Тады ў апальных дэпутатаў быў момант эўфарыі: нас прызнаюць, а "палатку" -- не! Аднак калі ў 2000 годзе прайшлі якія-ніякія выбары ў Палату №2, а кадэнцыя ВС-13 скончылася, у ПА АБСЭ не засталося падстаў не пускаць афіцыйных парлямэнтароў у свой склад. І цяпер усё наадварот: апазыцыю запрашаюць ужо толькі як назіральнікаў, бяз права голасу. Канешне, варта ўдзельнічаць, інфармаваць замежжа і г.д., але патасна разьдзімаць значэньне такіх ваяжаў і тым болей падмяняць імі працу ў краіне, безумоўна, ня варта.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру