Алесь Бадак вяртае нас у часы старажытнага Эгіпту. Гэты час безумоўнага рабства адлюстроўвае ў ягонай паэтычнай сьвядомасьці акурат тую фазу грамадзкага разьвіцьця, якая і адпавядае нашаму цяперашняму становішчу.

Піша Аляксандар Фядута.

Леў Талстой быў люстрам расейскай рэвалюцыі. Алеся Бадака можна назваць люстрам беларускай контрарэвалюцыі. Бо калі творчасьць Талстога адлюстроўвала ўсе моцныя і слабыя бакі расейскага грамадзтва пасьля сялянскіх рэформаў, дык у зборніку «Маланкавы посах» адлюстроўваюцца ўсе зыгзагі грамадзтва беларускага — пасьля выбраньня Лукашэнкі. На розьніцу ў маштабах таленту і асобы можна не зважаць.

«Маланкавы посах» напісаны чалавекам, які ўсьведамляе яўную незавершанасьць уласнага жыцьцёвага і творчага шляху. Шлях зьяўляецца для Бадака хранатопам — адначасова і месцам, і часам дзеяньня вершаў. Ня ведаю, ці ўдаецца яму ў рэальным жыцьці абапірацца на маланку замест посаха, але ў вершах гэта выглядае зусім удала.

Што я ведаў, наіўны, пра шлях,

У які бесклапотна зьбіраўся?!

Ён мне сьніўся ня раз па начах,

Ён мне самым шчасьлівым здаваўся.

Не знайшоў я на вечным шляху

Ні грымотнае славы, ні волі.

І сысьці ўжо зь яго не магу —

Мне і гэтага шчасьця даволі:

Ідучы ў невядомасьць па ім,

Празь вякі і краіны праходзіць,

То блукаць у забытым былым,

То зьнікаць у наступным стагодзьдзі.

Паэт, які стаіць на паўдарозе зь мінулага ў будучыню, разгублена азіраецца ў пошуках слушнага напрамку, блукае ў забытым былым, — чым ня сымбаль нацыі, што ня здольна да рашучых дзеяньняў, ня бачыць перад сабой выразнай гістарычнай пэрспэктывы? І гэта пры тым, што традыцыйна паэт асацыюецца якраз з прарокам-правадыром, які вядзе за сабой народ, умее сфармуляваць выразную і ўцямную мэту, — Пушкін, Міцкевіч, Купала.

Але Бадак разумее, што ягоны талент трохі сьціплейшы, і на гістарычную ролю не прэтэндуе. І ў яго вершах — абсалютна шчыра — адлюстроўваюцца менавіта бязьвер’е і бязмэтнасьць. Шлях, палавіна дарогі — і нічога больш.

Асабліва гэта адчуваецца ў паэме «Ра» — цэнтральным творы зборніка.

Радзіма лепей бачыцца здалёк.

А я ў такія трапіў далячыні —

Нічога не відаць, апроч пустыні.

Ці вочы зацярушыў мне пясок?

Гукнуць — мо адзавецца родны край?

Ды ў горле запяршыла, як ад дыму.

За далягляд крычаць хацеў:«Радзіма!»,

А вырвалася з горла толькі:— Ра-а-а!

Ішоў у будучую Беларусь — папаў у старажытны Эгіпет. Сіл хапіла толькі на тое, каб выкрыкнуць імя Бога, і тое — чужога (таму што — ня цалкам). І, уступіўшы ў дыялёг з гэтым чужым Богам — замест Бога ўласнага, увасабленьнем якога і павінна была б выступіць Радзіма, — паэт апынаецца перад страшнай дылемай:

— Раз верыш у нязбытнае, скажы,

Навошта табе некуды вяртацца?

Ня лепей назаўсёды тут застацца,

Дзе назаўсёды — толькі міражы?

Сам выберы свой час, а ў ім — народ.

Да гонару паэта павінна быць сказана, што ён выбірае ўсё-такі свой час і свой народ. Аднак

…на паўдарозе зноў вяртаўся,

Бо кожны век здалёку мне здаваўся

Мілейшым за той век, што выпаў нам.

Гэтае непрыманьне ўласнага веку для «Маланкавага посаха» вельмі характэрнае. Але нямілы, неўпадабаны сэрцам час, як правіла, хочацца зьмяніць. Паэту ж і мяняць нічога ня хочацца — як таму беларусу з анэкдоту, які ўсеўся на цьвік і працягвае на ім сядзець, упэўнены ў тым, што нязручна, цяжка, балюча, але так трэба: ня мы той цьвік убілі, ня нам яго цяпер і выцягваць.

Ішоў народ — нікуды, ніадкуль,

Якога так і гэтак называлі.

«Якою пупавінаю, — гадалі, —

Ён з гэтым сьветам зьвязаны дасюль?»

Сьвяцілася пытаньне, быццам плеш.

А што народ? Ён і цяпер ня знае.

З самім сабой сустрэўшыся, пытае

Зьдзіўлёна-хітравата: «Як жывеш?»

Народ, які ня ведае, ці зьяўляецца ён народам, краіна, якая ня ведае, ці зьяўляецца яна краінай, паэт, які ня ведае, ці зьяўляецца ён паэтам, — як кашмарны сон, што абрынаецца зь нябёс. Ці, ва ўсякім разе, калі і не кашмар, дык нагода для разваг.

Алесь Бадак — паэт, які мысьліць. Ён проста раздвоены. Раздвоены паміж дзьвюма эпохамі, народам і «ненародам», краінай і «некраінай», паэзіяй і непаэзіяй. Гэта цяжка і балюча. Таму што потым паўстае другі выбар — паміж каханьнем і некаханьнем. А апынуцца перад такім выбарам Бадак баіцца. Лепш ужо задавацца іншымі вечнымі пытаньнямі: пра доблесьці, пра подзьвігі, пра славу… Пра каханьне — песьні можна пісаць, прыгожыя, лёгкія, рамантычныя. Гэта ў яго выходзіць, мяркуючы па ўсім, лёгка і нязмушана.

З кнігай — складаней.

Кніга — як люстэрка, у якое цягне зазірнуць. Люстраная гладзь падобная да бездані. Зазірнеш — закружыцца галава, падагнуцца калені, пахісьнесься і… Бездань паглынае цябе.

Так і кніга. Бадак пісаў гэтую сваю кнігу дзесяць год, а калі пацягнула зазірнуць у яе — у жаху адхіснуўся. Што ён убачыў у ёй?

…гляджуся

ў вялікае старое люстэрка

і са страхам адхінаюся.

— Хто гэта? —

дрыготкім голасам пытаюся я

у жанчыны.

— Як гэта хто?

Ты, сынок…

Гэта паказальна. Паэт ня ў маці пытаецца, а ў жанчыны, у якой не пазнае ўласнай маці. Як раней у народзе не пазнаваў уласнага народу, а ў часе ўпарта адмаўляўся прызнаваць уласны час. І дакладна гэтак жа ў люстэрку адмаўляецца прызнаваць самога сябе.

Можа быць, таму, што ўжо пасьпеў зазірнуць у яго крадком і ўбачыць у люстэрку… пустату?

Хаця не. Пустаты там быць ня можа. Бадаковы вершы зусім не пустыя, як, скажам, пустая паэзія тытулаванага бабчынскага песьняра — пустая, як адселеная пасьля Чарнобылю вёска. У люстэрка Бадаковай кнігі можна зазіраць бяз страху, што ты ў ім нічога ня ўбачыш.

Проста калі люстра сумленнае, дык адлюстраваньне будзе ў любым выпадку далёка ня самым прыемным.

У ім адлюстроўваецца народ, які не пасьпеў стаць Народам.

Адлюстроўваецца гісторыя, што не пасьпела стаць Гісторыяй.

Адлюстроўваецца Будучыня, якая яшчэ не пасьпела перастаць існаваць як Мінуўшчына.

Бадак таму і вяртае нас у часы старажытнага Эгіпту, што гэты час безумоўнага рабства адлюстроўвае ў ягонай паэтычнай сьвядомасьці акурат тую фазу грамадзкага разьвіцьця, якая і адпавядае нашаму цяперашняму становішчу. Дыстанцыя паміж тым, чым павінна быць Беларусь, і тым, чым яна ёсьць сёньня, як дыстанцыя паміж Хрыстом і Ра. Хрыстос — сымбаль вызваленьня, збавеньня чалавека праз пакуты. А Ра як сымбаль пакут без вызваленьня і без збавеньня. Ра — сонца, якое апякае, але не саграе. Хрыстос — гістарычная пэрспэктыва, Ра — далёкая мінуўшчына. Для ўсіх народаў мінуўшчына, акрамя, як высьвятляецца, беларусаў.

Гэта для Максіма Багдановіча жменя насеньня, знойдзенага ў забытай магіле паміж пяскоў эгіпецкай зямлі, як залог надзеі на адраджэньне. Але адраджэньне блізкае да паўстаньня. Бадак памятае пра Багдановіча, але ён пасьпеў усьвядоміць сумную ісьціну: народ, які пакланяецца Ра, ня здольны на адраджэньне, на самавызваленьне, на самарэалізацыю. Ён ня толькі не рэвалюцыйны, але нават контрарэвалюцыйны ў прынцыпе. Такі народ будзе вязаць рэвалюцыянэраў-прапагандыстаў і здаваць іх у паліцэйскі ўчастак. Добраахвотна, без прымусу.

Бадак, паўторымся, — паэт, які нядрэнна мысьліць, а таму і пакутуе ад усьведамленьня непазьбежнага набліжэньня да гэтага самага ўчастку. Ён і застыў на паўдарозе менавіта таму, што ісьці ва ўчастак страшэнна ня хочацца. Хочацца ў будучыню, але будучыні няма — менавіта таму, што няма яе ў народу, які апяваецца Бадаком у ягоных вершах, няма працягу Гісторыі, намаляванай аўтарам «Маланкавага посаха». А што ёсьць?

Вяртаньне ў 1984 год. Менавіта туды. Не паводле Оруэла — паводле Бадака.

Крочаць гады наўпрост —

Лёсу майго канваіры.

Тысяча дзевяцьсот

Восемдзесят чатыры…

Ён усё больш відаць —

Верыць баяцца вочы.

Быццам бы нешта сказаць

Нам ён

Зь мінулага

Хоча.

Уласна кажучы, менавіта рэтраспэктыўны погляд, характэрны для Алеся Бадака, спроба дасягнуць Мінуўшчыны — і ёсьць галоўны ідэалягічны пасыл цяперашняй беларускай улады. Незалежна ад таго, хацелася гэтага Бадаку ці не хацелася.

Была б улада разумная — «Маланкавы посах», поўны бязьвер’я ва ўласныя паэтычныя сілы, адбітак нежаданьня і нават боязі паэта зірнуць ва ўласнае люстэрка, удастоіўся б дзяржаўнай прэміі.

Але ўлада — неразумная. Дакладней, недастаткова разумная. Бадак для яе занадта таленавіты.

Тым больш што і сапраўды ж таленавіты. Не адняць гэтага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0