Цяпер памаранчавая ня толькі ўлада, але і апазыцыя.

Піша Барыс Тумар.

Кіеў уражвае дарагімі машынамі, тысячамі кавярань, морам рэклямы і ўкраінскай мовай. Па-ўкраінску цяпер гаворыць кожны другі. Фантастыка! Падчас майго папярэдняга прыезду чатыры гады таму родную мову на публіцы ўжывалі адзінкі.

Ніякі развод не прыемны. Разьвітаньне Юшчанкі зь Цімашэнкай не вынятак. Нешта падобнае адбывалася з «Салідарнасьцю» і «Саюдзісам». Неўзабаве пасьля перамогі свабоды былыя паплечнікі па змаганьні ператвараліся ў палітычных праціўнікаў, а ў выніку да ўлады вярталіся посткамуністы. Але гэтыя «войны ў вярхах» не азначалі канца пераменаў.

Наадварот, войны ў вярхах і ўрадавая чахарда прывучалі да дэмакратычнага чаргаваньня ўладаў. Тым часам умацоўвалася павага да прыватнай уласнасьці і права. Адзіным, хто спрабаваў адвярнуць назад кола дэмакратыі, быў Мэчыяр у Славаччыне, але ён скончыў паразай. Нават у Сэрбіі, дзе дайшло да забойства прэм’ера Джынджыча, аўтарытарызм не вярнуўся.

Напамінам пра гэта адрэагаваў на вайну ў аранжавых вярхах адыходзячы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі: «Наш прыклад паказвае, што пры такіх крызісах, характэрных для пэрыяду трансфармацыі, ня можна губляць з поля зроку галоўную мэту. Нягледзячы на войны ў вярхах, нягледзячы на зьмены кабінэтаў, Польшча дасягнула галоўных мэтаў: мы ў Эўразьвязе, у NATO, маем рынкавую гаспадарку і дэмакратыю».

Зласьлівасьць расейскіх СМІ і лукашэнкаўскіх прапагандыстаў з нагоды ўрадавага крызісу ва Ўкраіне — гэта schadenfreunde, радасьць з прычыны паразы праціўнікаў. Узаемныя абвінавачваньні ў карупцыі разбураюць міт Майдану, ідэалізаваны вобраз дэмакратычнай рэвалюцыі. Што і трэба сяму-таму. Не для таго мільёны стаялі на Майдане, каб сёньня мы ваявалі, як сказаў прэзыдэнт Юшчанка.

У Кіеве зусім іншыя настроі. Большасьць аглядальнікаў успрымае цяперашнюю палітычную валтузьню як прыкрую непазьбежнасьць, выдаткі дэмакратыі — сыстэмы, якая мае шмат хібаў, але лепшай за якую ніхто не прыдумаў. Вось меркаваньне асьпіранта Сьцяпана Захаркіна: «Побач з мною на Майдане стаяў стары зь вёскі. Ён мне сказаў: «Я тут стаю не за Юшчанку, я тут стаю за справядлівасьць». Народ рабіў рэвалюцыю дзеля прынцыпу, а ня дзеля асобы».

Важна ня тое, хто канкрэтна — палітык Л ці палітык М — кіруе краінай. Важна, каб ён прыходзіў да ўлады і сыходзіў зь яе ў выніку свабодных выбараў. Дэмакратычная сыстэма ня можа даць гарантыі, што да ўлады ня прыйдзе слабы або несумленны лідэр. Выпадкі Ніксана ці Кучмы тое пацьвярджалі. Але дэмакратычная сыстэма гарантуе сыход такога палітыка ў рамках законнае працэдуры.

Знакамітыя словы лорда Эктана: «Любая ўлада псуе, а абсалютная ўлада псуе абсалютна». Улада Юшчанкі не абсалютная. Ён пагаджаецца з існаваньнем канстытуцыйных стрымак. Акрамя таго, Юшчанка зноў паказаў сябе палітыкам, які зазірае далей за сёньняшні дзень. Сярод розных варыянтаў вырашэньня палітычнага крызісу ён выбраў адначасовую адстаўку лідэраў варагуючых кланаў і фармаваньне тэхнакратычнага ўраду на чале з днепрапятроўскім губэрнатарам Юр’ем Ехануравым. Ю.Еханураў узначальваў Фонд дзяржмаёмасьці ў 1990-х, але на гэтай далікатнай пасадзе наглядчыка за прыватызацыяй не запляміў сябе ні ў адным карупцыйным скандале. Ён мае рэпутацыю добрага гаспадарніка і, у адрозьненьне ад сваёй папярэдніцы, пазбаўлены палітычных амбіцый. Юшчанка мае намер зьяднаць хоць на час розныя капіталавыя групы і палітычныя сілы. Здаецца, яму шанцуе.

У аўторак лідэры ўсіх фракцый парлямэнту, акрамя камуністаў, кучмістаў і Блёку Юліі Цімашэнкі, падпісалі пагадненьне «Згода дзеля Ўкраіны». Гэты дакумэнт дае ўраду стабільную большасьць у Вярхоўнай радзе і перадышку на правядзеньне эканамічных і палітычных рэформаў. Хоць яны будуць больш асьцярожнымі, чым хацелася б нецярпліўцам.

Перад Украінай стаіць складаная гістарычная задача канчатковага разрыву з васальнай залежнасьцю ад усходняга суседа. Масква спрабуе тарпэдаваць зьмены, карыстаючыся рычагом цэнаў на нафту й газ. Дый самі сабой ніякія рэформы не праходзяць безбалесна. За студзень-жнівень ВУП вырас на 2,8% проці таго ж пэрыяду мінулага году. Хоць у сакавіку ўрад прагназаваў рост ВУП на ўзроўні 8,2%.

Палітыка разумных кампрамісаў, выбраная Юшчанкам, дае шанцы ўтрымаць стабільнасьць да выбараў новага парлямэнту ў сакавіку 2006 году. Паводле канстытуцыйнай рэформы, з 1 студзеня Ўкраіна з прэзыдэнцкай стане парлямэнцкай рэспублікай. Два месяцы між гэтай датай і новымі выбарамі пагражаюць эканамічнымі і палітычнымі катаклізмамі. Дэстабілізацыі хацелі б кучмісты. Яны знайшлі сабе сумнеўнага хаўрусьніка ў асобе Барыса Беразоўскага, які перадаў экс-прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Краўчуку дакумэнты, паводле якіх расейскі алігарх нібыта фінансаваў выбарчую кампанію Юшчанкі.

На новага прэм’ера, паўбурата па паходжаньні, Масква будзе глядзець лагадней, чым на Цімашэнку. Як калісь Берасьцейскі мір Леніну, цяперашняя камбінацыя можа даць Украіне паўзу для сканчэньня эпахальных рэформаў.

Юлія Цімашэнка — Юля, як яе называюць усе ў Кіеве — набірае папулярнасьць сярод інтэлігенцыі, рабочых і на захадзе Ўкраіны. Урэшце, хто б ні перамог на сакавіцкіх выбарах 2006-га, урадавая кааліцыя Юшчанкі ці апазыцыя на чале зь Цімашэнкай, Украіна ня вернецца з Цэнтральнай Эўропы ва Ўсходнюю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0