Тэрмін пачатку камэрцыйнай эксплюатацыі сеткі трэцяга GSM-апэратара ЗАТ «Беларуская сетка тэлекамунікацый» пераносіцца на нявызначаны тэрмін.

На скліканай 19 верасьня з гэтай прычыны прэс-канфэрэнцыі гендырэктар кампаніі Міхаіл Дземчанка й яго намесьнік Сяргей Паблагуеў падкрэсьлілі, што згодна з сусьветным досьведам камэрцыйная эксплюатацыя сеткі звычайна пачынаецца не раней чым праз паўгоду пасьля мантажу абсталяваньня.

Але «БеСТ» сам скараціў тэрміны да 2—3 месяцаў — міністар сувязі і інфарматызацыі Ўладзімер Ганчарэнка настойваў, каб новы GSM-апэратар пачаў камэрцыйную эксплюатацыю сеткі 18 верасьня, пагражаючы прыпыніць дзейнасьць ліцэнзіі.

«Бест» выканаць патрабаваньне ня здолеў. Абсталяваньне ад кітайскай кампаніі «Алькатэль Шанхай» яшчэ нават цалкам не паступіла. Яго мантаж пачаўся толькі два тыдні таму, калі Мінсувязі выдала «Бесту» сэртыфікат на адпаведнасьць кітайскага абсталяваньня.

Дзяржаўныя ўстановы не скаардынавалі дзейнасьці па стварэньні ўмоў для працы дзяржаўнай установы. Але пакуль усё скончылася ціха. Ліцэнзію ніхто не адклікаў, але і дакладны тэрмін пачатку працы «Бесту» застаецца невядомы.

ЗАТ «БеСТ» зарэгістраванае ў лістападзе 2004 г. Заснавальнікі кампаніі — навукова-вытворчае дзяржаўнае аб’яднаньне «Агат» (75 %) і РУП «Белтэлекам» (25 %).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0