8 ліпеня ў Беларусь дастаілі мошчы святога апостала і евангеліста Лукі.

Як паведаміла прэс-служба Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, прынясенне хрысціянскай святыні ў Беларусь праводзіцца па дабраславенні патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II пры садзеянні Фонду Андрэя Першазванага (Масква). З 9 чэрвеня мошчы хросным ходам падарожнічаюць па маршруце: Масква - Санкт-Пецярбург - Кіеў - Запарожжа - Краснаярск - Кемерава - Барнаул - Валгаград - Эліста - Мінск.

Пасля сустрэчы мошчаў мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, патрыяршым экзархам усяе Беларусі ў аэрапорце адбудзецца кароткі малебен. Затым святыню даставяць у сталічны праваслаўны прыход у гонар абраза Божай Маці "Усіх тужлівых Радасць", у храм Прападобнай Еўфрасінні Полацкай (вуліца Прытыцкага, 65). Тут да 11 ліпеня будзе праводзіцца кругласутачнае пакланенне мошчам.

Раніцай 12 ліпеня мошчы будуць адпраўлены ў Салонікі (Грэцыя). Там, на святой гары Афон, што знаходзіцца на паўвостраве Халкідзікі, размяшчаецца найбуйнейшы цэнтр праваслаўнага хрысціянства са скальным манастырскім комплексам X-XIV стагоддзяў, дзе знайшлі спакой мошчы евангеліста Лукі.

Для хрысціян святы апостал і евангеліст Лука з'яўляецца адным з найбольш шанаваных святых, аўтарам аднаго з чатырох Евангелляў і Дзяянняў апосталаў. У ліку бліжэйшых вучняў быў пасланы Богам на першую пропаведзь аб Царстве Нябесным яшчэ пры зямным жыцці Збавіцеля. Апостал Лука - выхадзец з адукаванага грэцкага асяроддзя, урач па прафесіі. Згодна з паданнем, напісаў першыя абразы Прасвятой Багародзіцы.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0