Чарнобыль мала што зьмяніў у беларускім сьветаглядзе. Ня вольны крыкнуць «ратуйце!», беларус па ранейшаму знаходзіць, каму дзякаваць.

Мэтады ліквідацыі наступстваў самае вялікае тэхнагеннае катастрофы ў гісторыі чалавецтва толькі закансэрвавалі найгоршыя рысы беларускага мэнталітэту: безыніцыятыўнасьць, легкадумнасьць, эгаізм, бязвольнасьць, схільнасьць да ўтрыманства, адсутнасьць самакрытычнае іроніі. Нават поўны сьмяротнае жуды, беларус да апошняга чакаў нейкага рашэньня свайго лёсу зьверху. Нават пагроза жыцьцю ўласных дзяцей ня выгнала яго з убогай, але сваёй хаты. А ў сваёй хатцы можна і ўс...цца. Дапамога моцна спазьнілася, а часам і не дайшла. Час быў змарнаваны. Урэшце зьмянілася ўсё, што магло зьмяніцца, апроч беларускага бачаньня сьвету.

Тузін інтэлігентаў спрабавалі біць у званы. Але іх паводзіны, як і спрадвеку (...а той першы нешта піша вершы...) выклікалі адно падазронасьць у мільёнаў тых, каго ўлада кінула на вытвор лёсу. Я добра памятаю настрой людзей пасьля Чарнобылю на Краснапольшчыне, куды мяне адправілі настаўнічаць. Там панавала поўная апатыя. Дэпрэсія проста матэрыяльна напаўняла паветра. Спробы пагаварыць пра культуру, палітыку ці нават рэлігію натыркаліся на непрыхаваную агрэсію. Толькі маладзейшыя людзі, прыкладна ад шаснаццаці да дваццаці, усур’ёз перажывалі за сваю будучыню. Але ня бачылі шляхоў вырашэньня. Бо тады гаварыць усур’ёз, напрыклад, пра эміграцыю, не выпадала.

Вынікі тае псыхалягічнае траўмы недасьледаваныя. На Гарадзеншчыне колькасьць анкалягічных захворваньняў не ніжэйшая, чым на Гомельшчыне. Бо ў забруджаных раёнах робяць усё для прафіляктыкі менавіта гэтай групы захворваньняў. Бо адно анкалёгія лічылася й лічыцца патэнцыйным кашмарам пасьля Чарнобылю. А колькасьць псыхічных, нэўралягічных ды наркалягічных хваробаў ніхто не аналізаваў! Хіба можа чалавек застацца здаровым, пасьля таго як яго настрашылі немінучымі наступствамі для іхных дзяцей, зарылі ягонае котлішча бульдозэрамі, пазбавіўшы нават магілаў дзядоў, пару разоў перасялілі зь месца на месца ды ўрэшце забыліся?... Як захаваць здаровай душу, калі табе плацяць «грабавыя» й раз-пораз ставяць на табе мэдычныя досьледы?

Разам з хваляю перасяленьняў Беларусь страціла вялізарныя пласты духоўнае й матэрыяльнае культуры. Я сам быў сьведкам таго, як міліцыянты ганяліся ў Веткаўскім раёне за марадэрамі з Расеі, якія сьпілоўвалі з пакінутых беларускіх хатаў... ліштвы. Багатая іх аздоба, уласьцівая адно нашаму Пасожжу, аказалася спосабам нажывы. Што ўжо казаць пра тысячы абразоў, вышыванак, керамікаў, каванак... Іх вывозілі зладзеі ўва ўсе бакі. За калючым дротам у радыяцыйнай пустэльні аказаліся сотні помнікаў археалёгіі й архітэктуры. У хаосе наступстваў Чарнобылю, у брацкіх магілах вёсак дазваньня загінулі мільёны артэфактаў нашае цывілізацыі.

У выніку некалькіх бессыстэмных перасяленьняў былі парваныя незьлічоныя сваяцкія, суседзкія, рэгіянальныя повязі. Калясальныя страты панесла культура старавераў Пасожжа. Расьцярушыўся ў парахнё багацейшы фальклёр нашага ўсходняга Поўдню. Назаўжды замоўклі галасы зьнішчаных вёсак. Гэтыя страты ні аплаціць, ні кампэнсаваць немагчыма.

А беларусы гэтак і не зьмяніліся. Прыцярпеліся, прыжыліся, прызвычаіліся. Да подласьці свайго начальства, да цынізму палітыкаў, да абыякавасьці сьвету. Бо ні ў год Чарнобылю, ні праз дваццаць гадоў пасьля таго беларусы ня мелі й ня маюць магчымасьці адкрыта гаварыць самі пра свае крыўды й беды. Ніяк яны ня могуць уплываць на свой лёс. Узяць яго ў свае рукі. Яны маюць толькі крычэць ад роспачы... у душы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0