Тэст на «гарбату» Малое Сітна не прайшло. Рэакцыя сталоўніцы Тацяны, якая гатуе абед для тых, хто працуе на пагрузцы лесу, на просьбу «наліць шклянку гарбаты» мала чым адрозьнівалася ад шоку прадавачкі сталічнае крамы. Тацяна нема застыла ля акенца з апалонікам у руцэ, умольна гледзячы на наступную ў чарзе кабету. «Гарбаты?..»

— І чаго ты на мяне смотрыш? — ня вытрымала тая. — Я ваабшчэ расіянка, ня знаю, што там у вас «гарбата» называецца. Наверна, чай.

Мову, на якой размаўляюць Малое Сітна і станцыя Алешча за пяць кілямэтраў ад мяжы з Расеяй (дарма што сумежная Невельшчына этнічна беларуская), можна кваліфікаваць як тыповую трасянку. Тыя, каму за 70, гавораць па-беларуску, як і мае быць, на паўночна-ўсходнім дыялекце; дзеці і падлеткі — па-расейску нават без акцэнту, але пераважная большасьць — па-расейску зь беларускім акцэнтам. Найбольш значныя словы, накшталт «зямля», «рабіць» або «гарэлка» гучаць яшчэ цалкам па-беларуску, але сама вёска — ужо «дзярэўня», бульба — «картошка».

Расейскія карані цягнуцца перадусім з тэлевізара. Фразы зь лексыкону дыктараў навін, вядучых ток-шоў і асабліва фрагмэнты рэклямы паўсюдна выціснулі з ужытку і славуты народны фальклёр, і школьную праграму, і літаратурную клясыку. Тое, што цяпер па-беларуску практычна не гавораць «па цілівізару» (і гэта пры чатырох нацыянальных тэлеканалах), аўтаматычна ператварае мову ў экзотыку. І дзе — у вёсцы! Міжволі ацэніш трапнасьць украінцаў, якія пастанавілі даваць рэкляму толькі па-ўкраінску — і адным махам пазбавілі расейскую статусу «адзінай нармальнай».

Што праўда, тут рэагуюць на беларускамоўнасьць інакш, чым у горадзе. «Заходніка нейкага мне прыслалі», — толькі пачуўшы мяне, адзначыла камэндантка, цётка сталага веку. Малады, пад 30, хлопец з Расоншчыны і прысланы па разьмеркаваньні ў Алешчу майстар са Стаўпеччыны перайшлі на беларускую ў гаворцы. «Пасьля таго, як я прачытала «Каласы пад сярпом тваім», — 19-гадовая ўраджэнка Сітна Вольга сустрэла ў вёсцы маладафронтаўцаў зь Менску, — у мяне была мара: убачыць жывых людзей, якія гавораць па-беларуску, як у кнізе».

Хіба што 25-гадовы Віталік з Полацкае біржы працы — сын вайскоўца — прабурчэў: «Ну, ты бы еще по-немецки сказал!» Але пасьля гістарычнай даведкі пра дзяржаўную мову ВКЛ і чацьвёртую ў сьвеце друкаваную Біблію крыць Віталіку ўжо не засталося чым. Тым больш што мяне падтрымала мясцовае насельніцтва ў абліччы цёткі Юлі, 55 гадоў: «Зараз і ты, Віталя, у нас па-беларуску загаворыш!»

Школа ў Малым Сітне лічыцца беларускай. Вучыцца тут колькідзясят дзетак з усяго навакольля, але ж некалькі энтузіястаў мовы сярод настаўнікаў ёсьць. «Школа беларуская, — уздыхае Алена, у якой сёлета сын ня здолеў паступіць у Полацак, — але ж пасьля яно нідзе па-беларуску не працягваецца…» Сотня такіх вясковых матак ды настаўнікаў, аб’яднаўшыся дзеля напісаньня скаргаў, маглі б узьняць хвалю значна мацнейшую за тэбээмаўскі нацыянальны ўнівэрсытэт, чым колішнія дзясяткі тысяч подпісаў гарадзкіх грамадзян.

«Бяда, што размаўляем мы па-беларуску неяк груба, каструбатавата, — заўважае 39-гадовы Міхась, які час ад часу пераходзіць «на родную», — а вось дзеячы з эміграцыі… У іх мова пявучая, прыгожая, аж заслухаесься». Я прыгадваю, што нумар «Нашае Нівы» ўся брыгада і паўвёскі, перадаючы з рук у рукі, чыталі без аніякіх цяжкасьцяў.

У глыбокай беларускай вёсцы русіфікацыя мае тры галавы: расейскае тэлебачаньне, расейскі мат і расейская папса. Адпаведна, шляхоў вяртаньня мовы напалову зьнямелай вёсцы таксама тры.

Найперш — праз тэлебачаньне. Варта перавесьці на беларускую хаця б БТ, АНТ ды рэклямныя паўзы — і тут падхопяць.

Эліта. Мова майстра на лесапункце, намесьніка дырэктара ў школе, увогуле чалавека адукаванага ды пры пасадзе — тут эталён. Расейскаму мату здольная супрацьстаяць хіба што культура маўленьня беларускай інтэлігенцыі.

Дакуль беларуская вёска не пачуе добрых фолькавых беларускамоўных гітоў, незалежніцкага року, бардаў ды рэмэйку нашага залатога сярэднявечча — расейская папса будзе працягваць справу расейскага штыха і расейскае школы.

У кожнай беларускай вёсачцы ўсё яшчэ можна прасачыць мяжу з Расеяй. Ня ўмоўную — моўную. Узрост пад 70, школьны парог з «Сардэчна запрашаем!», афіцыйныя шыльды, быццам пункцір на мапе, акрэсьліваюць тэрыторыю беларускасьці. Але калі ўявіць яшчэ пяць гадоў выміраньня пакаленьня беларусізацыі, яшчэ пяць выпускаў маладых вяскоўцаў, якія ня могуць атрымаць вышэйшую адукацыю па-беларуску, яшчэ пяцігодку трашчанкоўскіх падручнікаў — беларускай мове давядзецца бадай што сыходзіць зь вёскі ў лес.

У 2006-м, зважаючы на адно толькі гэта, трэба абавязкова перамагаць.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0